Прызначэнне і лёс

Падзеі

Ваенны камісарыят. Тут пачынаецца служба прызыўнікоў, сюды прыходзяць па дапамогу ў цяжкую гадзіну вайскоўцы ў адстаўцы, звяртаюцца са сваімі праблемамі ветэраны. Супрацоўнікі ваенкаматаў вырашаюць шмат задач. Усе яны абарончага характару, і цяжка сказаць, якія з іх з’яўляюцца больш важнымі, а якія – другараднымі. Кіраваць гэтай сістэмай – няпроста. Гэта справа афіцэраў, якім уласцівыя такія якасці, як арганізаванасць, пранцыповасць, рашучасць.

Дзесяць гадоў узначальваў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна Феафан Уладзіміравіч Капусцін. Сёння 83-гадовага падпалкоўніка ў адстаўцы пазнаеш па ваеннай выпраўцы і манеры трымаць сябе. Ваеннай справе ён прысвяціў амаль усё сваё жыццё.

Нарадзіўся Феафан Уладзіміравіч у вёсцы Міхалёва Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў там сярэднюю школу і паступіў у Васількоўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча, што на Украіне. Выбар хлопец зрабіў асэнсавана – з дзяцінства марыў пра самалёты, прычым марыў не лятаць на іх, а разбірацца, як яны зроблены. Пасля заканчэння ў 1956 годзе вучылішча маладога тэхніка самалётаў накіравалі ў авіяцыйны полк Паўднёвай групы войскаў у Венгрыі. Праслужыў там чатыры гады.

— А тут пачалася “хрушчоўская адліга”, авіяцыю сталі расфарміроўваць, – успамінае Феафан Уладзіміравіч. – Нас, ваенных, пераводзілі каго куды. А я якраз падаў дакументы ў Ленінградскую ваенна-паветраную акадэмію Чырвонай Арміі імя А. Ф. Мажайскага. Уявіце, самалёт падрыхтую, адпраўлю ў палёт і тут жа задачкі саджуся рашаць.

Пасля атрымання дыплома Феафан Капусцін на службу трапіў зноў на Украіну ў пасёлак Скала-Падольская, у ракетны полк на пасаду інжынера дывізіёна. Служба тут была няпростая. Ракеты стаялі ў лясных масівах, пускі ракет ажыццяўляліся на палігонах. Дома, з сям’ёй афіцэр не бачыўся тыднямі. Да стомленасці ад пастаянных камандзіровак і жыцця фактычна ў лесе дадавалася і смуга па радзіме.

У 1972 годзе сям’я Капусціных пераехала ў Беларусь. Новым месцам службы стаў Карэліцкі раённы ваенны камісарыят. А праз некаторы час у Дзятлаве вызвалілася пасада ваеннага камісара, і Феафану Уладзіміравічу, якога лічылі адказным, перспектыўным вайскоўцам, прапанавалі ўзначаліць Дзятлаўскі раённы ваенны камісарыят.

– У снежні 1974 года прыехаў у Дзятлава. Ваенкамат тады знаходзіўся на вуліцы Горкага ў старых дамах, дзе затым была бібліятэка, а цяпер – камерцыйныя крамы, — расказвае Феафан Уладзіміравіч. — На той момант ужо быў гатовы праект новага будынка ваенкамата, і я ўзяўся за будаўніцтва. У сакавіку 1976 года наш калектыў перайшоў у новы будынак, у якім ваенкамат размяшчаецца і цяпер. У падпарадкаванні было 4 афіцэры і 6 служачых. Вельмі дружны быў калектыў, і сёння сустракаемся, тэлефануем адзін аднаму з задавальненнем. На жаль, некаторых ужо няма ў жывых, але ўсіх памятаю. Ведаеце, хоць цяпер савецкі час крытыкуюць, а ў людзей тады было больш чалавечнасці, дабрыні, адказнасці. Служыў я, пакуль не прыйшоў час ісці на пенсію – мне споўнілася 50 гадоў. У 1984 годзе падаў у адстаўку.

Толькі не стаў былы ваенны камісар пенсіянерам. Яшчэ адзінаццаць гадоў працаваў дырэктарам Дзятлаўскай кінавідэасеткі, а гэта – 54 кінаўстаноўкі, калектыў кінамеханікаў.

Сёння Феафан Уладзіміравіч аддае ўвесь свой клопат сям’і: любай жонцы Ліліі Арсенцьеўне, з якой сёлета адзначаць 60-гадовы юбілей сумеснага жыцця, сыну з нявесткаю і дваім унукам. Двайняты Наташа і Антон не даюць дзеду сумаваць, вучаць яго новым інфармацыйным тэхналогіям.

— Мы з жонкай былі з адной вёскі. Я сябраваў з яе братам, маім  аднакласнікам. Калі ў школе вучыліся, не заўважаў. Пасля вучылішча ў водпуск прыехаў – і неяк па-іншаму на яе зірнуў, спадабалася, — усміхаецца былы ваенны камісар. — Сустракаліся некаторы час, прыязджаў да яе ў госці. Яна медыцынскае вучылішча скончыла і па размеркаванні трапіла медсястрою ў Брэсцкую вобласць, у аддаленую вёску. Потым вырашылі пажаніцца. Як і павінна быць, вяселле ў вёсцы тры дні гулялі. Вось з таго часу кожны дзень 60 гадоў знаходзім узаемаразуменне. Сын з сям’ёю жывуць недалёка – у Лідзе, часта да нас прыязджаюць. Жыццё працягваецца.

І. КАМАРОВА

Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *