Мужчынам – ад любімых жанчын

Падзеі

Дзень абаронцаў Айчыны – свята, якое ўзяло свой пачатак у савецкія часы, праз гады мадэрнізавалася, змяніла назву і трывала замацавалася ў жыцці сучасным. Якое месца гэта традыцыя займае ў сучаных сем’ях, я запытала ў жанчын, шчаслівых жонак і любячых матуляў, якія выхавалі або і сёння выхоўваюць будучых абаронцаў Айчыны.

Наталля Белаус

Для нашай сям’і Дзень абаронцаў Айчыны – свята асаблівае таму, што абодва нашыя сыны – ваеннаслужачыя: адзін з іх — афіцэр Узброеных Сіл, другі — служыць у вайсковай часці па кантракце. Хочацца ў гэты дзень парадаваць любімых мужчын, надаць ім асаблівую ўвагу. Таму звычайна мы з нявесткай рыхтуемся да свята загадзя. А гэта не толькі святочны стол, але і заўжды прыемныя сюрпрызы: або музычнае віншаванне ўласнага сачынення, або прэзентацыя фотаздымкаў у вайсковай форме мужа і сыноў, або калаж цінейкія незвычайныя цікавыя падарункі. Мы не абдзелены ўвагай сваіх дарагіх мужчын, таму стараемся іх радаваць не толькі ў святы, але і кожны дзень.

Абаронцам Айчыны жадаю моцнага здароўя. Каб мужчыны заўжды з павагай і любоўю адносіліся да жанчын у сям’і і на працы, каб іх таксама заўжды акружалі любоўю і клопатам жанчыны – маці, жонкі, дочкі, часцей дарылі ім хвіліны радасці.

Тамара Красюк

За савецкім часам, калі мы былі маладзейшыя, а сыны яшчэ вучыліся ў школе, Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту быў адным з галоўных сямейных святаў нароўні з гадавінай вяселля і Новым годам. Дзеці абавязкова рыхтавалі падарункі, мы ладзілі сумесныя мерапрыемствы, як то гульня ў “Поле цудаў” або конкурс самадзейнасці. З часам адносіны да свята крыху змяніліся, тым не менш, Дзень абаронцаў Айчыны па-ранейшаму значыцца ў нашым сямейным календары. Абавязкова ў гэты дзень тэлефаную сынам, унукам, віншую іх са святам. Што, напэўна, не змянілася ў нашай сям’і, дык гэта прынцыпы заўжды заставацца сапраўдным мужчынаймі сапраўдным чалавекам. Дзеці вучыліся гэтаму ад свайго таты, а ўнукі вучацца ад бацькоў і ад дзядулі.

Сваім блізкім і ўсім мужчынам жадаю заставацца здаровымі, шчаслівымі, не губляць упэўненасці ў заўтрашнім дні, заўжды адчуваць любоў і падтрымку сваіх любімых жанчын.

Марына Шаўчук

Мы – праваслаўная сям’я, таму найбольш шануем такія святы, як Вялікдзень і Нараджэнне Хрыстова. На маю думку, Дзень абаронцаў Айчыны – найперш дзяржаўнае свята, і на гэтым узроўні павінны шанавацца мужчыны па месцы працы, ад прафсаюзаў. Аднах, хоць дома мы шырока і не адзначаем гэту падзею, усё адно стараемся парадаваць свайго тату маленькімі прыемнасцямі. Старэйшы сын рыхтуе падарункі сваімі рукамі, я стараюся даць мужу адпачыць ад хатніх клопатаў, калі ў гэты дзень у яго выхадны. Калі раблю падарункі, гэта пераважна не сімвалічныя рэчы, а тое, што можа спатрэбіцца ў паўсядзённым жыцці.

Сённяшнім і падрастаючым абаронцам Айчыны я жадаю здароўя, моцнага духу. Хочацца, каб і сучасныя пакаленні былі сапраўднымі абаронцамі сваіх блізкіх не толькі на рубяжах краіны, але і штодня дома, былі сапраўднай апорай для сваіх сем’яў, паважалі і прадаўжалі традыцыі продкаў. А жанчыны заўжды будуць для іх падтрымкай.

Падрыхтавала да друку Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *