Ганарымся ветэранамі працы

Падзеі

Ветэраны педагагічнай працы — гэта людзі, якія цалкам прысвяцілі сябе выхаванню і навучанню дзяцей. Мы, малодшае пакаленне, з удзячнасцю ўспамінаем імёны тых, хто быў адданы сваёй справе.

kardash-f

У студзені 2017 года адзначыла свой юбілейны дзень нараджэння выхавальніца Наваельняскага яслі-сада Фаіна Фёдараўна Кардаш. З далёкага рускага горада Благавешчанска Амурскай вобласці шмат гадоў таму лёс закінуў яе ў Беларусь, у гарадскі пасёлак Наваельня. Тут больш за 30 гадоў яна адпрацавала выхавальніцай  Наваельнянскага яслі-сада. У 1997-ым Фаіна Фёдараўна выйшла на заслужаны адпачынак. Увесь свой педагагічны шлях яна прысвяціла дзецям і заставалася вернай сваёй прафесіі, а, значыць, і самой сабе.

Працавала толькі «на выдатна». Цяпер яна ветэран педагагічнай працы. За дасягнутыя поспехі ў выхаванні дзяцей была неаднаразова адзначана Ганаровымі граматамі. Для яе заўжды былі характэрны лепшыя душэўныя якасці: любоў да дзяцей, сваёй прафесіі, сумленнасць, прынцыповасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу.

pankevich

Варта ўзгадаць яшчэ аб адной юбілярцы — Валянціне Аляксандраўне Панкевіч. Яна таксама прысвяціла сваё жыццё любімай прафесіі, абрала справу, якая бліжэй за ўсё да сэрца.

Валянціна Аляксандраўна нарадзілася ў 1947 годзе ў вёсцы Ахонава. У 1965-ым скончыла Ласоснаўскую сярэднюю школу з вытворчым навучаннем — выхавальнік. Свой працоўны шлях пачынала ў Дзятлаўскім яслі-садзе на пасадзе выхавальніцы. У хуткім часе лёс прывёў яе ў Наваельняскі яслі-сад, дзе і адпрацавала да выхаду на заслужаны адпачынак. Актыўная жыццёвая пазіцыя, энтузіязм, творчасць дазволілі ёй дасягнуць высокіх вынікаў у выхаванні дзяцей. За старанную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Валянціна Аляксандраўна была адзначана Ганаровымі граматамі.

kanus

Кіраўнік дашкольнай адукацыі. Які ён? Эрудыраваны, мудры, справядлівы, добразычлівы. Усе гэтыя якасці ўласцівы цудоўнай жанчыне, добраму чалавеку Вользе Паўлаўне Канус. Больш за 36 гадоў адпрацавала яна ў нашай дашкольнай установе.

З 1978 года пачалася яе прафесійная дзейнасць на пасадзе выхавальніцы. У 1981-ым была прызначана метадыстам. З 1983 па 2005 гады з’яўлялася кіраўніком Наваельняскага яслі-сада, дзе налічвалася больш за 100 выхаванцаў. Вольга Паўлаўна згуртавала вакол сябе дружны, творчы калектыў, дапамагала назапашваць працоўны вопыт маладым спецыялістам, падтрымлівала вопытных выхавальнікаў. Ад педагогаў патрабавала адказнасці, цярпення, добрасумленнасці. Цяпер Вольга Паўлаўна на заслужаным адпачынку. У лютым ёй спаўняецца 60 гадоў. Былыя калегі паважаюць Вольгу Паўлаўну, часам звяртаюцца да яе па дапамогу, цэняць яе парады. Шматгадовая бездакорная праца былой загадчыцы яслі-сада таксама адзначана ўзнагародамі.
Калі ўзгадваем нашых ветэранаў, заўсёды здзіўляемся, як шмат  душэўнай цеплыні, невычэрпнай энергіі ў гэтых светлых людзей! Калектыў Наваельнянскага яслі-сада спадзяецца, што нашы дарагія і паважаныя ветэраны працы яшчэ не адзін год будуць радаваць нас мудрымі парадамі, энергіяй, дабрынёй.

В. РУДОЛЬ,
старшыня прафсаюзнай арганізацыі Наваельнянскага яслі-сада



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *