Дзякуй Дзятлаву за навуку

Падзеі

Пётр Мікалаевіч Грымута прайшоў у сваім жыцці нямала службовых прыступак: ад радавога супрацоўніка міліцыі да начальніка раённага аддзела. Потым пэўны час займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама па тылавым забеспячэнні. Калі скончыўся тэрмін яго міліцэйскай службы, дзесяць гадоў адпрацаваў у гродзенскім філіяле «Белдзяржстраху». Потым наогул перакваліфікаваўся ў журналіста — на працягу шасці гадоў узначальваў калектыў «Міліцэйскага весніка».

Нарадзіўся П. М. Грымута на Шчучыншчыне. Першым сур’ёзным жыццёвым выпрабаваннем у вясковага юнака стала служба ў арміі. Выдалася яна даволі напружанай і адказнай. Служыць давялося ў праслаўленай Таманскай дывізіі, перадавыя падраздзяленні якой нязменна прымалі ўдзел у ваенных парадах, што праходзілі на Чырвонай плошчы ў Маскве. І наш зямляк, на той час камандзір БМП, пяць разоў у складзе калоны ваеннай тэхнікі праводзіў сваю баявую машыну па галоўнай плошчы сталіцы Савецкага Саюза.

Служба ў арміі стала для Пятра добрай школай. Пасталеў. Узмужнеў. І калі паўстала пытанне, як быць далей, без асаблівых ваганняў выбраў сапраўдную мужчынскую справу – служыць у міліцыі. Звярнуўся ў Шчучынскі райаддзел, дзе яго, выдатніка баявой і палітычнай падрыхтоўкі, сустрэлі вельмі цёпла. Тут і пачалася яго міліцэйская кар’ера, якая, варта заўважыць, складвалася даволі паспяхова. І не таму, што гэтаму спрыялі нейкія шчаслівыя абставіны. Пра поспех можна марыць шмат і доўга, аднак сам па сабе ён не прыйдзе, калі ты асабіста да гэтага не будзеш імкнуцца. Таму з першых дзён Пётр Грымута ўзяў для сябе за правіла: заўсёды і пры любых абставінах ставіцца да службовых абавязкаў самым сумленна і адказна.

Напачатку працаваў участковым інспектрам, потым прадоўжыў службу ў аддзяленні крымінальнага вышуку, дзе прайшоў шлях ад оперупаўнаважанага да начальніка аддзялення. Потым новае прызначэнне – на пасаду намесніка начальніка Дзятлаўскага раённага аддзела міліцыі. Прайшло ўсяго паўгода, і Пётр Грымута стаў на чале райаддзела.

У хуткім часе атрымаў новое прызначэнне – на пасаду начальніка Ваўкавыскага рёаннага аддзела міліцыі.
Калі я працаваў у «Гродзенскай праўдзе», а Пётр Мікалаевіч ва ўпраўленні ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, нам даводзілася часта сустракацца. Гутарылі, успаміналі пра многае, не-не ды і заходзіла размова пра тое, з чаго ўсё пачыналася.

— Час службы ў Дзятлаве лічу вельмі значным у сваім жыцці, — зазначаў Пётр Мікалаевіч. — Прыехаў сюды яшчэ маладым аператыўнікам. І адразу адчуў, якія сталыя, вопытныя прафесіяналы тут працуюць. У першую чаргу, зразумела, тагачасны начальнік міліцыі Уладзімір Цімафеевіч Капціловіч, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Іван Пятровіч Чэрнік, многія іншыя супрацоўнікі, у кожнага з якіх мне, чалавеку новаму і ў раёне, і ў калектыве, шмат чаму давялося павучыцца.

— Наогул, працягвае Пётр Мікалаевіч, варта адзначыць, што Дзятлаўскі райаддзел на той час меў даволі трывалую аснову, на якой раслі і падымаліся на больш высокія службовыя прыступкі многія яго супрацоўнікі.
Цікавым перыядам свайго жыцця Пётр Мікалаевіч лічыць час работы галоўным рэдактарам «Міліцэйскага весніка».

— Пакуль працаваў у міліцыіі, зведаў усе тонкасці і складанасці гэтай прафесіі. Самому не раз даводзілася адзін на адзін сутыкацца з небяспечнымі злачынцамі, каардынаваць дзеянні супрацоўнікаў, якія адпраўляліся на рызыкоўныя заданні. І калі я ўзначаліў абласную міліцэйскую газету, мне вельмі хацелася, каб яна як мага больш поўна адлюстроўвала дзейнасць, справы, характары людзей у міліцэйскай форме, іх добраахвотных памочнікаў, наогул, усіх, хто мае непасрэднае дачынне да аховы правапарадку, абароны законнасці і справядлівасці. Мяркую, што многае ў гэтым мне ўдалося.

Тут варта адзначыць, што ў сваёй рабоце на пасадзе рэдактара «Міліцэйскага весніка» Пётр Грымута абапіраўся на шырокі аўтарскі актыў, без чаго немагчыма існаванне ніводнага выдання. Вось і я неаднойчы атрымліваў ад яго канкрэтныя заданні.

Не парываецца наша сувязь з Пятром Мікалаевічам і цяпер. Пры сустрэчы кожны раз хочацца даведацца, што ў яго новага, як жывецца.

— Цяпер багата вольнага часу, і я стараюся патраціць яго на сям’ю, унукаў, пашырыць свой кругагляд. Падабаецца актыўны, здаровы адпачынак, — зазначае Пётр Мікалаевіч. — Асабліва люблю падарожнічаць. Разам з жонкай на ўласным аўтамабілі наведалі шмат цудоўных мясцін. Наогул, удзячны лёсу, што менавіта так склалася маё жыццё.

У. ТОМЧЫК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *