Даравальнай нядзеляй заканчваецца масленічны тыдзень — апошні перад Вялікім пастом. На працягу ўсяго тыдня на Дзятлаўшчыне праводзілі зіму, пяклі бліны, гулялі Шырокую Масленіцу ў пасёлках, аграгарадках і вёсачках раёна.
Завяршыліся народныя гулянні святам «Масленіца», якое прайшло ў райцэнтры на стадыёне «Колас» з песнямі, тэатральнымі пастаноўкамі, конкурсамі, спаборніцтвамі, і, вядома ж, з гарачымі блінамі і духмяным чаем.
***
Свае спрыт, моц, хуткасць і любоў да бліноў паказалі ў «Вясёлай зімовай эстафеце» работнікі гаспадарак, прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Масленічныя старты вызначыліся сур’ёзнай канкурэнцыяй і і накалам жарсцяў. У спаборніцтвах узялі ўдзел каманды Дзятлаўскага сыраробнага завода, Дзятлаўскага лясгаса, Дзятлаўскага раёна электрычных сетак, Дзятлаўскага раённага вузла электрасувязі, Дзятлаўскай райбальніцы, усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Гэта мерапрыемства стала адным з самых масавых на свяце, бо сабрала не толькі ўдзельнікаў эстафеты, але і балельшчыкаў — іх калегаў па рабоце і семі’і.
Па выніках конкурснай праграмы мацнейшай стала каманда КСУП «Жукоўшчына», другі дыплом атрымалі спартсмены з КСУП «Войневічы», бронзавымі прызёрамі сталі прадстаўнікі Дзятлаўскай ЦРБ.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК