– Ігар Станіслававіч, здаецца, толькі ўчора давалі ўрачысты старт Году культуры на Дзятлаўшчыне, а каляндар сцвярджае, што ўжо год мінуў. Так хутка прабег, нават праляцеў час…
– Сапраўды, хутка. І гэта, відаць, таму, што многа падзеяў адбылося, многа мерапрыемстваў культурнай тэматыкі праведзена і шмат намаганняў многіх людзей было прыкладзена, каб усё гэта адбылося. За шматлікімі клопатамі і мінуў хутка час. Урачыстае адкрыццё Года культуры пад назвай “Віват, культура!” адбылося 27 лютага ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Тады ў фае Цэнтра былі выстаўлены вырабы народнай творчасці, майстры-ўмельцы з усяго раёна паказвалі майстар-клас. Сёння яны перадаюць сваё майстэрства дзецям і моладзі на занятках па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве па месцы жыхарства.
– Колькі ўсяго мерапрыемстваў было праведзена ўстановамі культуры раёна?
– Усяго, паводле плана, які быў распрацаваны для правядзення Года культуры, у Дзятлаўскім раёне было праведзена больш за чатыры тысячы мерапрыемстваў.
– Якія, на ваш погляд, найбольш значныя?
– У студзені 2016 года тэлеканал “Беларусь-3” запісаў этнаграфічны матэрыял для тэлеперадачы “Наперад у мінулае” з удзелам народнага аўтэнтычнага калектыву вёскі Студзераўшчына. Гэты народны калектыў без перабольшання наш залаты культурны самародак. Тэлеперадача выйшла ў эфір 20 сакавіка 2016 года. А песня “Плыві, доля, ты з вадою” з рэпертуара студзераўшчынскага калектыву прагучала ў новай аранжыроўцы ў выкананні Георгія Калдуна і ў хіт-парадзе “Сто песняў для Беларусі” заняла месца ў тройцы лепшых.
– Што яшчэ адметнага адбылося на Дзятлаўшчыне?
– На абласным узроўні быў заўважаны наш раённы праект пад назвай “Дбайных людзей славім – весела час бавім”. Мэта праекта – папулярызацыя традыцыйнай сельскагаспадарчай працы, сельскагаспадарчых прафесій і быту, арганізацыя культурнага адпачынку вяскоўцаў на больш высокім узроўні. У рамках праекта на працягу лета-восені 2016 года прайшлі 8 мерапрыемстваў: свята лёну ў аграгарадку Дварэц, свята касцоў у аграгарадку Вензавец, свята малака ў аграгарадку Круцілавічы, свята рыбака ў аграгарадку Гезгалы, свята мёду ў аграгарадку Раклевічы, свята яблыкаў у аграгарадку Жукоўшчына, свята бульбы ў аграгарадку Белагурна, свята мяса ў гарпасёлку Казлоўшчына. Гэты раённы праект быў шырока адлюстраваны ў газеце “Перамога”, на сайце газеты “Перамога”, былі публікацыі пра яго на старонках абласной “Гродзенскай праўды”, у рэспубліканскай газеце “Культура”, прагучаў ён і ў эфіры беларускага радыё. Тэлеканал “Беларусь-3” у кастрычніку 2016 года запісаў у Казлоўшчыне відэасюжэт са свята “Казлоўшчынскія прысмакі” для праграмы “Край”. Трансляцыя запісу прызначана на студзень 2017 года.
– Гэты праект будзе развівацца ў 2017 годзе?
– Абавязкова будзе. У ім з’явяцца новыя элементы, каб святы ў аграгарадках набылі і большы размах, і новы інтарэс удзельнікаў і гледачоў.
– Мне помніцца, як аднаго дня па вуліцах Дзятлава пракацілася хваля духавой музыкі. Уражанне свежае і да сёння…
– Гэта быў дэбют свята духавой музыкі з удзелам аркестра Упраўлення ўнутраных справаў Гродзенскага аблвыканкама і зводнага ўзорнага духавога аркестра гарпасёлка Наваельня. Калектывы прайшлі маршам па вуліцах раённага цэнтра і сустрэліся на плошчы 17 Верасня, дзе выканалі знаёмыя і любімыя многімі музычныя кампазіцыі.
Акрамя ўжо названага міліцэйскага аркестра, летась гасцілі на Дзятлаўшчыне з канцэртнымі праграмамі і шэраг іншых творчых калектываў Гродзеншчыны. Іх візіты адбыліся ў форме абменных канцэртаў. Такое супрацоўніцтва будзе прадоўжана і сёлета.
– Традыцыйна ў раёне ладзяцца святы вёсак. Масштаб іх, так бы мовіць, розны, але ва ўспамінах вяскоўцаў, асабліва пажылых, яны застаюцца надоўга, бо падбадзёрваюць людзей, з’яўляюцца добрай нагодай сустрэцца, пасядзець, добра бавячы час. Традыцыя вясковых святаў будзе доўжыцца?
– Абавязкова. Больш таго, работнікі культуры імкнуцца, творча вышукваючы магчымасці, узняць святы вёсак, пасёлкаў на больш высокі ўзровень. У мінулым годзе гэта, лічу, удалося ў Наваельні. На свята пасёлка запрасілі зорку беларускай эстрады Сашу Нэма. Не адстала і Казлоўшчына, дзе ў свяце пасёлка ўдзельнічаў заслужаны ансамбль музыкі і песні “Белыя росы”.
– На Дзятлаўшчыне ёсць некалькі калектываў, якія выступаюць ужо многа гадоў, вядомы за межамі раёнамі…
– У прыватнасці, народны фальклорны калектыў вёскі Ахонава. Летась адзначылі яго 30-годдзе. Гэта была значная падзея для культурнай грамадскасці раёна. Такія калектывы будзем падтрымліваць і надалей. Летась 21 кастрычніка мы адзначылі 50-годдзе Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея. Музей, да слова, у рамках Года культуры правёў шэраг масавых мерапрыемстваў. А самае, верагодна, значнае з іх – жнівеньская юбілейная выстава мастака-кераміста М. Несцярэўскага пад назвай “Сэнс жыцця – мастацтва”.
– Не застаўся ўбаку ад галоўнай плыні і яшчэ адзін істотны асяродак культурнай работы ў раёне – бібліятэкі, ці не так?
– Бібліятэкі летась зладзілі кніжныя выставы “2016 год – Год культуры”, арганізавалі акцыю “У Год культуры – у бібліятэку”, рэалізоўвалі бібліятэчныя праекты “Час чытаць”, “Кніжны дэсант”, “Сямейны Чыtaimer”. У бібліятэках раёна сустрэліся са сваімі чытачамі пісьменнікі і паэты Вячаслаў Чамярыцкі, Аляксей Пяткевіч, Сяргей Чыгрын, Юрка Голуб, Сяргей Астравец, Валянцін Дубатоўка, Юрый Татарынаў.
– Акрамя традыцыйных – песенных, фальклорных, танцавальных, у раёне за некалькі апошніх гадоў з’явіўся вельмі цікавы самабытны калектыў, які набыў ужо гучную папулярнасць далёка за межамі Дзятлаўшчыны, я маю на ўвазе тэатр роставых лялек пад кіраўніцтвам Івана Каско. Якія ў яго перспектывы?
– Сапраўды, тэатр карыстаецца папулярнасцю, асабліва ў дзяцей, ды і дарослыя не праходзяць абыякава міма, калі сустракаюцца з персанажамі тэатра на вуліцах гарадоў Беларусі. Ужо падрыхтаваны пакет дакументаў для прысваення звання “ўзорны” гульнявому тэатру роставых лялек “Dolls4All” (“Лялькі для ўсіх”) раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. А на будучае лета запланавана правядзенне ў Дзятлаве адкрытага рэгіянальнага фестывалю-карнавала роставых лялек і гульнёвых праграмаў пад назвай “Дасканалы свет казкі”.
– Ведаю, што нашы аматарскія народныя калектывы з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных фестываляў і конкурсаў. Якія поспехі на іх рахунку за 2016 год?
– У 2016 годзе народныя калектывы 19 разоў удзельнічалі ў конкурсах і фестывалях і занялі 19 прызавых месцаў.
– Давайце пералічым усе конкурсныя і фестывальныя набыткі. Гэта ж дасягненні нашых землякоў.
– Міжнародны літаратурны форум “Славянская Ліра” (горад Полацк, Віцебская вобласць) – дыплом за ўдзел.
XI Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (горад Гродна) – 5 дыпломаў за ўдзел.
IX Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” (гарпасёлак Кастрычніцкі, Гомельская вобласць) – дыплом лаўрэата фестывалю.
Рэспубліканскі фестываль-конкурс аўтарскай (бардаўскай) песні “Кветкі Вялікай Перамогі” (горад Гродна) – дыплом першай ступені.
Абласны фестываль аўтарскай песні “Новае пакаленне” (гарпасёлак Зэльва) – дыплом трэцяй ступені, дыплом за ўдзел.
Абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” (горад Іўе) – тры дыпломы.
II Абласны агляд-конкурс калектываў інструментальнага жанру – дыплом трэцяй ступені.
Рэспубліканскі фестываль-конкурс аўтарскай (бардаўскай) песні “Кветкі Вялікай Перамогі” (горад Мінск) – дыплом другой ступені.
Рэгіянальны фестываль-конкурс бардаўскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага “Музыка сэрцаў” (горад Навагрудак) – дыплом другой ступені.
Фестываль бардаўскай песні “Песні мірных гадоў” на “Славянскі базары ў Віцебску” – дыплом за ўдзел.
III музычна-спартыўны злёт бардаў і караванераў “Жураўліны край-2016” – дыплом за ўдзел.
Абласны конкурс размоўнага жанру (горад Гродна) – дыплом за ўдзел.
XXX гарадскі фестываль-свята аўтарскай песні “Віцебскі лістапад” (горад Віцебск) – дыплом трэцяй ступені (выступленне дуэта А. Раеўскага і К. Бальшой).
Абласны конкурс танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі” (гарпасёлак Карэлічы) – дыплом за ўдзел.
Акрамя таго, нашы творыя калектывы і асобныя выканаўцы былі запрошаны для ўдзелу ў рэспубліканскім свяце “Дзень вышыванкі” (горад Мінск), у XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, у рэгіянальным фестывалі-конкурсе дзіцячых аматарскіх калектываў “Крышталікі запрашаюць” (горад Бярозаўка). Сяргей Рудоль удзельнічаў у адборачным туры выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016” (горад Гродна). Калектыў Данілавіцкага дома культуры быў адзначаны за ўдалае ўвасабленне дзіцячай п’есы ў абласным конкурсе тэатральных калектываў.
– І, мабыць, апошняе, Ігар Станіслававіч, пытанне: урачыстае адкрыццё Года культуры на Дзятлаўшчыне было, а ці плануецца ўрачыстае закрыццё?
– Урачыстае закрыццё Года культуры ўжо запланавана – на пятніцу, 27 студзеня 2017 года. Адбудзецца ўрачыстасць у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці з удзелам шырокай грамадскасці раёна. Запрашаем дзятлаўчан і гасцей горада на свята.
Гутарыў Б. ВАРНА