Славянскі базар, Берагіня і юбілей музея

Падзеі

Заканчваецца 2016 год — Год культуры. Чым ён быў адметны для вас? На гэтае пытанне карэспандэнтка газеты папрасіла адказаць некалькіх рэспандэнтаў.

Іван Каско, кіраўнік тэатральнай студыі «Мелодыя душы»:

— Год быў насычаны цікавымі паездкамі і мерапрыемствамі. Беларускі гульнёвы тэатр роставых лялек «Лялькі для ўсіх» удзельнічаў у мерапрыемствах да Дня моладзі, які праходзіў у рамках «Славянскага базару» ў Віцебску, у фестывалі вышыванак, якія ладзілі ў Мінску. Удзельнічалі мы і ў абласных «Дажынках», што праходзілі ў Воранаве, у фестывалі дзіцячых калясак, які быў арганізаваны ў Гродне.

Таксама адметна тое, што Беларускі тэатр гульнёвых лялек прэтэндуе на званне «ўзорнага» калектыву.

Таццяна Янушкевіч, вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага цэнтра народнай творчасці:

— Год быў насычаны, плённы, творчы. Народны тэатр-студыя гульні «Прымакі» прымаў удзел у фестывалі «Славянскі базар». Фальклорны гурт з гарадскога пасёлка Казлоўшчына ўдзельнічаў у фестывалі фальклору «Берагіня». Таксама нашы самадзейныя артысты прымалі ўдзел у мерапрыемствах, якія праходзілі ў санаторыях «Радон», «Альфа Радон».
На наступны год творчых планаў таксама шмат. Дай Бог, каб толькі хапіла здароўя і добрага настрою.

Ганна Харлінская, загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці:

— Год атрымаўся цікавым. З мерапрыемстваў запомніўся выезд нашага калектыву ў Клішавічы і Засецце, дзе мы віншавалі юбіляраў. Гэта былі людзі працы. Аб іх дасягненнях сведчылі медалі, ордэны — высокія ўзнагароды за добрасумленную працу.

Увогуле, прыемна, што кожны наш прыезд у аддаленыя і маланаселеныя вёскі раёна жыхары сустракаюць з радасцю і гасціннасцю. Адразу ж падымаецца настрой, хочацца спяваць.

Алена Сіўко, загадчыца аддзела культуры і адпачынку «Хвінявіцкі дом культуры»:

— Год быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі. З найбольш запамінальных — канцэртная праграма «Што мы Радзімай называем»,  мерапрыемства «Сімволіка нашай краіны», рэйд-віншаванне «У гарачую пару». З абменным канцэртам у нашым Доме культуры выступілі артысты Слонімскага раёна. Запомнілася канцэртная праграма да выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На ўчастку прысутнічалі замежныя наглядальнікі, якім вельмі спадабалася выступленне нашага фальклорнага гурта «Сузор’е».

Дзмітрый Кузьма, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея:

— У гэтым годзе ў нас была ўведзена новая форма работы — квэст-гульня «Скарбніцы Радзівілаў». Таксама Год культуры — юбілейны для нашага музея: сёлета яму споўнілася пяцьдзясят гадоў. З гэтай нагоды ў музеі прайшла выстава «Парад калекцый». У рамках праекта транспамежнага супрацоўніцтва мы сустракаліся з літоўскай дэлегацыяй.

Падрыхтавала да друку А. ДУБРОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *