Аб выкананні мерапрыемстваў дзяржаўных праграм у сферы аховы здароўя Гродзенскай вобласці

Падзеі

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці праведзена калегія па пытаннях выканання мерапрыемстваў дзяржаўных праграм у сферы аховы здароўя Гродзенскай вобласці, мэтавага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, выдаткаваных на іх рэалізацыю.

У рамках калегіі былі разгледжаны наяўныя на сёння праблемы ў сферы аховы здароўя як з боку фінансава-гаспадарчай дзейнасці, так і з боку якасці аказання медыцынскіх паслуг насельніцтву.

У сферы аховы здароўя Гродзенскай вобласці ў 2013 – 2014 гадах і ў 1-ым квартале 2015 года не забяспечана ў поўным аб’ёме выкананне мерапрыемстваў дзяржаўных праграм, не выконваюцца даведзеныя ў галіне аховы здароўя прагнозныя паказчыкі, не захоўваецца фінансавая дысцыпліна і бюджэтнае заканадаўства, аслаблены кантроль за эканомным выдаткаваннем дзяржаўных сродкаў, дапускаецца неэфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці.

Так, у 2014 годзе даведзены паказчык па экспарце паслуг не выкананы Ваўкавыскай ЦРБ, Зэльвенскай ЦРБ, Мастоўскай ЦРБ, Смаргонскай ЦРБ, Гродзенскай абласной клінічнай бальніцай. Паказчык па платных медыцынскіх паслугах не выкананы Зэльвенскай ЦРБ.

Лідская ЦРБ і Навагрудская ЦРБ у 2013 — 2014 гадах аказвалі грамадзянам Рэспублікі Беларусь платныя паслугі 18 відаў, што складае 43 працэнты ад зацверджанага пераліку.

За студзень — красавік 2015 года ў цэлым па вобласці не выкананы даведзены паказчык па тэмпах росту экспарту паслуг.

У 2013 — 2014 гадах з прычыны скарачэння фінансавання рэалізацыя мерапрыемстваў дзяржаўных праграм здзяйснялася пад фактычна выдаткаваныя грашовыя сродкі, што прыводзіла да пастаяннага невыканання першапачаткова запланаваных мераў, а ў асобных выпадках бюджэтныя сродкі не асвойваліся і вярталіся ў прыбытак бюджэту.

Планаванне бюджэтных сродкаў на рэалізацыю мерапрыемстваў праграм кіраўніцтвам аховы здароўя здзяйснялася без дэталёвага аналізу фактычнай патрэбы ў набыцці абсталявання і рэальнай магчымасці выкарыстання сродкаў у рамках прадугледжаных мерапрыемстваў па іх мэтавым прызначэнні, што дазваляла ўстановам аховы здароўя дадзеныя сродкі ў наступным выкарыстаць па іх меркаванні.

Так, у шэрагу выпадкаў выдаткаваныя на рэалізацыю дзяржаўных праграм сродкі накіроўваліся на забеспячэнне бягучых патрэбаў установаў аховы здароўя і на пагашэнне крэдыторскай запазычанасці мінулых гадоў.

Адсутнасць належнага кантролю з боку ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама за работай арганізацый аховы здароўя вобласці па-ранейшаму прыводзіла ў шэрагу выпадкаў да неэфектыўнага выкарыстання медыцынскага абсталявання, набытага за кошт бюджэтных сродкаў.

Так, у Шчучынскай ЦРБ з моманту атрымання ў студзені 2014 года фібрагістэраскопаў коштам 223 мільёны рублёў яны выкарыстоўваліся толькі два разы з прычыны таго, што ва ўстанове адсутнічаюць умовы для правільнай стэрылізацыі прыналежнасцяў. Аналагічнае абсталяванне коштам 248 мільёнаў рублёў не выкарыстоўваецца ў жаночай кансультацыі № 4 горада Гродна.

Толькі ў час праверак Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Лідскім райвыканкамам і Гродзенскім аблвыканкамам былі выдаткаваны з рэзервовага фонду сродкі ў суме 2,6 мільярда рублёў для аднаўлення адзінага камп’ютарнага тамографа коштам 5,4 мільярда рублёў у Лідскай ЦРБ, які не працаваў з прычыны няспраўнасці больш за чатыры месяцы. У шэрагу ўстановаў аховы здароўя дапускаюцца парушэнні бюджэтнага заканадаўства, што прыводзіць да нямэтавага і не эфектыўнага выкарыстання выдаткаваных бюджэтных сродкаў.

За кошт бюджэтных сродкаў аплачваюцца камунальныя паслугі па вывазе цвёрдых камунальных адходаў, нарматывы якіх не пераглядаліся гадамі пры істотнай змене ўмоваў функцыянавання ўстановаў аховы здароўя (колькасць ложкаў, работнікаў, наведванняў), што прывяло да залішняга атрымання бюджэтных сродкаў на суму 423 мільёны рублёў.

Мела месца паўсюднае аказанне платных медыцынскіх паслуг працаўнікамі, якія ўтрымліваюцца за кошт сродкаў бюджэту і аказваюць платныя медыцынскія паслугі ў свой асноўны працоўны час, што прывяло да незаконнага атрымання і выдаткавання сродкаў бюджэту на аплату іх працы ў суме 2,2 мільярда рублёў.

У выніку недакладнага разліку каэфіцыентаў для вызначэння памеру аднаўлення бюджэтных сродкаў па ўскосных выдатках установаў праверанымі ўстановамі аховы здароўя не былі адноўлены ў даход бюджэту выдаткі ад аказання платных медыцынскіх паслугаў у суме 1,1 мільярда рублёў.

Упраўленнем аховы здароўя аблвыканкама і фінансавымі органамі райвыканкамаў своечасова не пераглядаюцца структура і штаты ўстановаў. Так, у Мастоўскай ЦРБ і Лідскай ЦРБ стаўкі эканамістаў і бухгалтараў у 2013 годзе ўтрымліваліся за кошт бюджэтных сродкаў, тады як адпаведна  выконваемай работы фактычна яны выконвалі аб’ём нагрузкі па пазабюджэтнай дзейнасці, што прывяло да незаконнага атрымання сродкаў з бюджэту на суму 41 мільён рублёў.

У час праверак быў прыведзены да адпаведнасці патрабаванням заканадаўства і новым нарматывам штатны расклад Лідскай ЦРБ, што дазволіла сэканоміць бюджэтных сродкаў на выплату заработнай платы за сакавік — снежань 2015 года на суму 401,7 мільёна рублёў.

Адсутнасць з боку ўпраўлення аховы здароўя належнага кантролю за дзейнасцю ўстановаў аховы здароўя прыводзіць да выкарыстання спецыяльнага медыцынскага транспарту катэгорыі «Медыцынская дапамога» не па мэтавым прызначэнні. Дадзены транспарт у асобных установах выкарыстоўваўся  для ўдзелу ў выставах, семінарах і нарадах, урачыстых мерапрыемствах, у вясельных урачыстасцях і турыстычных паездках, у выніку чаго незаконна атрымана больш за 300 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў.

Устаноўлены факты незаконнага запазычання грашовых сродкаў установамі аховы здароўя на суму больш за 400 мільёнаў рублёў.

За кошт завышэння аб’ёмаў і кошту работ, расцэнак, каэфіцыентаў карэктыроўкі нормаў агульнагаспадарчых і агульнавытворчых выдаткаў і планавага прыбытку пры правядзенні рамонтных і агульнабудаўнічых работ на аб’ектах у Лідскай ЦРБ і ГАКБ дапушчана незаконнае атрыманне сродкаў бюджэту на суму 683,8 мільёна рублёў.

У шэрагу ўстановаў выяўлены парушэнні парадку ажыццяўлення дзяржаўных закупаў, што не спрыяе выбару найбольш прыдатнага пастаўшчыка тавараў, і эканомнаму і эфектыўнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў. Такія парушэнні мелі месца ў Наваградскай ЦРБ, Лідскай ЦРБ, ГАКБ.

Установамі аховы здароўя дапускаецца невыкананне патрабаванняў санітарных правілаў, нормаў і гігіенічных нарматываў. Асобныя памяшканні захламлены будаўнічым смеццем, адходамі, падвалы затоплены, знойдзены пустыя бутэлькі ад спіртных напояў, выяўлены дэфекты ўнутранай аддзелкі памяшканняў, незахаванне патрабаванняў да арганізацыі харчавання пацыентаў.

Па выніках наглядных мерапрыемстваў санітарных службаў за парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 576 адказных асобаў, у тым ліку 237 кіраўнікоў арганізацый аховы здароўя, 10 юрыдычных асобаў, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 480 вінаватых асобаў.

Па выніках праведзеных кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў выяўлена выкарыстанне бюджэтных сродкаў з парушэннем бюджэтнага заканадаўства на суму 1 мільярд рублёў, незаконнае атрыманне сродкаў з бюджэту на суму 4,8 мільярда рублёў, неэфектыўнае іх выкарыстанне на суму 0,5 мільярда рублёў, папярэджана і сэканомлена сродкаў бюджэту на суму 10,9 мільярда рублёў, даналічаны падаткі, зборы, іншыя абавязковыя плацяжы ў агульнай суме 148 мільёнаў рублёў, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 10, да дысцыплінарнай — 124 службовыя асобы.

Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *