Праблемам пажылых – увага і клопат

Падзеі

Дзятлаўшчыну наведала Міжведамасная камісія па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асобаў, пацярпелых ад наступстваў войнаў, пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Яе ўдзельнікі правялі маніторынг работы арганізацый Дзятлаўскага раёна ў сферы абароны правоў пажылых людзей, ветэранаў.

У складзе рабочай групы пад кіраўніцтвам галоўнага спецыяліста ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Міхаіла Батуры працавалі начальнік аддзела каардынацыі ўзаемадзеяння і эксплуатацыі сетак упраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Кручкова, саветнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносінаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Сяргей  Сарокін, а таксама намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Брэсцкага аблвыканкама Васіль Салаўчук.

img_0466

Гасцей сустрэў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік і даў сціслую характарыстыку дэмаграфічнай сітуацыі і рабоце службаў раёна.

— На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна на 1 лістапада 2016 года жывуць 25606 чалавек, з іх 9335 – пенсіянеры (36,5%), – адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.

Кіраўнік раёна расказаў пра сістэму работы службаў і арганізацый Дзятлаўшчыны, сацыяльныя праграмы, занятасць насельніцтва і адрасную дапамогу, якую аказваюць пажылым грамадзянам і тым, хто мае ў ёй патрэбу, пра ахову жыцця такіх катэгорый дзятлаўчан.

У ходзе работы удзельнікі Міжведамаснай камісіі ў суправаджэнні кіраўнікоў арганізацый і службаў нашага раёна наведалі сярэднюю школу №1 горада Дзятлава, дзе пабачылі арганізацыю валанцёрскага і цімураўскага руху. На базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва інспектарам была прадстаўлена арганізацыя працы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і міні-канцэрт самадзейнага хору “Ветэраны ў страі”. У ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” прадставілі рэтраспектыўную экскурсію ў жыццё прадпрыемства і падзяліліся прагрэсіўным вопытам клопату аб працаўніках, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

У гарпасёлку Казлоўшчына камісія наведала аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, брацкую магілу партызан, загінулых у 1944 годзе, пазнаёмілася з новымі формамі бібліятэчнай работы для пажылых.

— Наша задача – як мага эфектыўней арганізаваць міжведамасную работу па аказанні дапамогі пажылым людзям і ветэранам, наладзіць дыялог і актыўнае супрацоўніцтва паміж міністэрствамі і мясцовымі ўладамі, прыняць да ўвагі новыя формы работы з пажылымі людзьмі ў рэгіёнах, – адзначыў у час візіту Міхаіл Батура.

Па выніках маніторынгу камісія дасць ацэнку рабоце арганізацый і службаў раёна ў сферы работы з пажылымі людзьмі, прыме да ўвагі прапановы, агучаныя ў час паездкі.

Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *