Нізкі вам паклон, ветэраны!

Падзеі

На пачатак снежня прыпалі адразу два знакавыя 90-гадовыя юбілеі. Днямі сустрэлі іх ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар гарпасёлка Наваельня Міхаіл Сцяпанавіч Гурыновіч і ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, працаўніца тылу Анастасія Іванаўна Салікава з аграгарадка Вензавец.

img_0437 img_0456

Міхаіл Сцяпанавіч Гурыновіч нарадзіўся на Случчыне Мінскай вобласці. Прайшоў вайну радавым, служыў у 26-й цяжкамінамётнай брыгадзе, затым – у 29-й дывізіі 6 корпуса Першага Беларускага фронту. Міхаіл Сцяпанавіч ваяваў на тэрыторыі Польшчы, Германіі, удзельнічаў у вызваленні Варшавы, Берліна. Ветэран мае ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, юбілейныя медалі.

Павіншаваць юбіляра, уручыць кветкі і памятныя падарункі прыехалі старшыня Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Леанід Юльянавіч Кашко, старшыня Наваельнянскага сельвыканкама Ірына Іванаўна Кунахавец, сакратар савета ветэранаў Ядзвіга Міхайлаўна Гушча і першы сакратар раённага камітэта грамадскай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярына Хілімончык. Да іх са сваімі віншаваннямі далучыліся навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы.

Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Анастасія Іванаўна Салікава таксама ў гэты дзень сустракала гасцей. Старшыня раённага савета ветэранаў Леанід Юльянавіч Кашко з пажаданнямі здароўя і доўгіх гадоў жыцця ўручыў юбілярцы кветкі і падарунак, Кацярына Хілімончык павіншавала жанчыну ад імя моладзі раёна. Юныя “шэфы” з Вензавецкай школы, удзельніцы піянерскай арганізацыі прачыталі Анастасіі Іванаўне вершаванае віншаванне і падарылі паштоўку.

img_0394img_0427

За кубачкам духмянага чаю юбілярка ўзгадала, як у шаснаццацігадовым узросце паехала з роднага Арэнбурга ў далёкі Казахстан, як цяжка працавала ў шахце запальшчыцай, як разам з таварышамі-камсамольцамі чакала штодня заканчэння вайны. Пасля вайны жанчына працавала інжынерам на заводзе, аб’ехала практычна ўсе савецкія краіны. Анастасія іванаўна Салікава з’яўляецца ветэранам працы, пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва 1978 года, мае медаль “За доблесную працу ў Вялікай айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, юбілейныя медалі.

У пачатку 90-ых жанчына разам з сям’ёй прыехала жыць у Беларусь , аб чым ні на хвіліну не пашкадавала.

— Дзякуй добрым людзям, якія мне тут дапамаглі, – успамінае жанчына, як пасялілася ў Вензаўцы. – Пабудавалі дом сваёй сям’ёй, пасадзілі дрэвы. Тут жывём дружна, тут пануе лад і гучыць звонкі смех унукаў і праўнукаў.

Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *