Работнікі культуры адзначылі прафесійнае свята

Падзеі

На мінулым тыдні ў зале кінатэатра “Спадарожнік” у Дзятлаве адбылася ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня работнікаў культуры. Шмат цёплых словаў, задушэўных песень гучала на гэтым мерапрыемстве. Удзельнікі свята не скупіліся на ўсмешкі і добры настрой, бо віншаваць даводзілася сваіх калегаў.

IMG_0592
У зале сабраліся прадстаўнікі розных падраздзяленняў: спецыялісты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, музея, школы мастацтваў, работнікі сельскіх клубных установаў. На ўрачыстасць завіталі і ганаровыя госці: член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Паўлоўскі, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Мацюкевіч. Кіраваў святочным мерапрыемствам начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Камароў.
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Паўлоўскі ў сваім звароце адзначыў:
— Сёння ўрачыстасць асаблівых людзей: узнёслых, інтэлігентных, мудрых і неверагодна цікавых. Менавіта карпатлівая праца работнікаў культуры, якая патрабуе неардынарнага творчага падыходу, штодзённа садзейнічае захаванню гістарычных вытокаў духоўнасці, маральнай праўды і прыгажосці. Праз ажыўленне традыцый, абрадаў, танцаў, песень, літаратуры гэтыя людзі праводзяць культуру ў будучыню, садзейнічаюць захаванню ідэнтычнасці нашага народа.
Ён пажадаў прысутным аптымізму, новых магчымасцяў, духоўнага пад’ёму, радасці ў душы, дарыць людзям мір і шчасце.
Далучыўся да гэтых пажаданняў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Мацюкевіч. Мікалай Валер’евіч павіншаваў творчых работнікаў раёна і падкрэсліў, што культура падахвочвае людзей думаць і суперажываць, любіць Радзіму, мову і традыцыі, жыць у сяброўстве і згодзе.
Словы віншаванняў і падзякі за нястомную, але высакародную і патрэбную працу, адданасць сваёй справе прагучалі ў гэты дзень ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандра Камарова, яго намесніка Васіля Шыцько, дырэктара раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяны Губко, загадчыцы аддзела метадычнай работы Мырыны Лукіянец.
У зале панавала святочная атмасфера: пад адным дахам сабраліся сапраўды крэатыўныя і творчыя асобы, людзі незаспакоеныя, якія не толькі ўмеюць арганізаваць свята для іншых, але і самі ідуць па жыцці з усмешкай ды песняй.

IMG_0560
Прафесійнае свята – гэта заўсёды своеасаблівае падвядзенне вынікаў. За высокі прафесіяналізм і вялікі ўклад у развіццё культуры раёна Ганаровыя граматы аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама атрымалі лепшыя работнікі сістэмы. Падарункі віноўнікам урачыстасці падрыхтавалі раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, прафсаюз работнікаў культуры. Не забыліся ў гэты дзень успомніць і павіншаваць людзей, якія 20 гадоў аддалі творчай справе, а таксама ветэранаў галіны.
Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам.
І. ГАЛОМЗІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *