Ураджай вырас багаты, ёсць чым ганарыцца
Апладысментамі сустракалі святочную калону ўдзельнікаў урачыстага шэсця пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2016 года, якая рухалася ад вуліцы Юбілейнай да плошчы на вуліцы Савецкай. Адкрыў абласны фестываль-кірмаш старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Васільевіч Краўцоў. У прывітальным слове ён падзякаваў за плённую працу хлебаробам, стваральнікам дабрабыту і харчовай бяспекі краіны, а ўсім жыхарам Воранаўскага краю і гасцям свята пажадаў шчасця і поспехаў.
Пасля традыцыйнага пачастунку гасцей караваем сёлетняга ўраджаю дэлегацыі
запрасілі ў гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу на цырымонію ўзнагароджвання.
Сярод шматлікіх гасцей свята — ганаровыя: Віктар Уладзіміравіч Шэйман — кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін Воранаўскага раёна, Ігар Вячаслававіч Брыло — намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, Сяргей Васільевіч Раўнейка — памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці, Сяргей Уладзіміравіч Абламейка — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Аляксандр Іванавіч Маркевіч — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Іўеўскай выбарчай акрузе. Святкуюць разам з намі і замежныя дэлегацыі. З літоўскага боку — Шальчынінкскі і Алітускі раёны, з расійскага — адміністрацыя Несцераўскага раёна.