Пра будні, клопаты камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Жукоўшчына” і святочную нагоду карэспандэнтка пагутарыла з яго дырэктарам Іванам Свібам.
— Іван Аляксандравіч, як склаўся сельскагаспадарчы год для прадпрыемства?
— Скажу шчыра, што гэты год для нас, як, мяркую, і для іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна, быў не самы просты. Зніжэнне вытворчасці малака (98% да ўзроўню мінулага года) і засуха (адсюль і недабор па збожжы) паўплывалі на зніжэнне аб’ёму валавой прадукцыі. Разам з тым, яе рэнтабельнасць застанецца на высокім узроўні: практычна ўсё малако ў нас ідзе гатункам “экстра” і вышэйшым гатункам, таксама высока цэніцца і добра рэалізуецца ялавічына. На сёння 65-70% даходаў гаспадаркі – рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі.
Вядома, дзейнасць прадпрыемства не абмяжоўваецца вытворчасцю малака і мяса. Гаспадарка займаецца вырошчваннем збожжавых культур, агародніны, ільну, цукровых буракоў, яблыкаў. Сёлета мы атрымалі някепскі ўраджай цукровых буракоў – 500 цэнтнераў з гектара, ураджайнасць бульбы склала каля 220 цэнтнераў з гектара.
Нягледзячы на ўсе складанасці, гэты год для нас склаўся нармальна. Сёлета нарыхтавалі кармоў на 8 цэнтнераў кармавых адзінак больш на адну жавёліну, чым летась.
— Камунальнае сельскагаспадарчага ўнітарнае прадпрыемства “Жукоўшчына” славіцца сваімі садамі. Як іх даглядаеце?
— Сад наш ужо немалады – самым новым пасадкам каля 16-18 гадоў, а найстарэйшым – пад 30 гадоў, прыйшоў час яго абнавіць. Цяпер вядзецца выкарчоўка старых дрэваў на плошчы 12 гектараў, на іх месцы з’явяцца маладыя саджанцы. Калі будуць станоўчыя тэмпературы – прыступім да пасадкі ўжо сёлета.
— Куды гаспадарка рэалізуе атрыманую прадукцыю?
— За гады працы ў нас наладжаны партнёрскія адносіны з шэрагам перапрацоўчых прадпрыемстваў, працуем на аснове прамых дамоваў. Сто працэнтаў малака мы пастаўляем на Дзятлаўскі сыраробны завод, жывёлін на мяса здаём на Слонімскі мясакамбінат і часткова – райспажыўтаварыству, дробную бульбу здаём на перапрацоўку на крухмальны завод, буйную – прадаём насельніцтву і арганізацыям у Беларусі і за яе межамі. Што тычыцца цукровых буракоў – не адзін год плённа супрацоўнічаем з Жабінкаўскім цукровым заводам. Таксама прадукцыя КСУП “Жукоўшчына” і партнёраў рэалізуецца ў нашых фірменных магазінах у аграгарадку Жукоўшчына і пасёлку Гезгалы.
— Раскажыце пра калектыў прадпрыемства
— Аснова прадпрыемства – гэта яго калектыў. Яго касцяк – каманда вопытных спецыялістаў, падбіраць якіх, ставіць ім правільныя задачы я вучыўся ў свайго папярэдніка, кіраўніка гаспадаркі Васіля Ігнатавіча Сцяпуры, калі яшчэ сам працаваў спецыялістам. Сёння ў гаспадарцы арганамічная, заатэхнічная, інжынерная служба ўкамплектаваны цалкам. Але не варта забываць і аб працаўніках сельскай гаспадаркі, якія сваімі рукамі, нялёгкай працай здабываюць яе дабрабыт. Мы стараемся фінансава зацікавіць кожнага механізатара, палявода, жывёлавода. Заработная плата ў гаспадарцы не пагадзінная, а залежная ад аб’ёму вырабленай прадукцыі. Гэта значыць, што кожны зацікаўлены лепш працаваць і больш зарабляць.
— Па выніках сёлетняй працы каго з працаўнікоў гаспадаркі вы хочаце адзначыць?
— На жніве добра папрацавалі камбайнёры Уладзімір Паўлоўскі (намалаціў каля 700 тон збожжа), Валерый Орсік (каля 650 тон), ён жа загадчык майстэрні; на адвозцы збожжа плённа працавалі Алег Юргель, Іван Дзядовіч; на сушылках прадукцыйна спрацавалі Станіслаў Гнаінскі з Мікалаем Дваранінам (прасушылі каля 600 тон). На ўборцы саломы пастаянна дапамагае настаяцель храма ў Нагародавічах айцец Іаан Яровіч, ён працуе з прэсападборшчыкам; таксама на прэсаванні добра папрацавалі Уладзімір Васюкевіч і Мікалай Капковіч, на стагаванні – Аляксандр Кульбей са сваёй брыгадай. На восеньскім ворыве добра папрацавалі Сяргей Белавус і Уладзімір Паўлоўскі. Што тычыцца жывёлагадоўлі, з году ў год плённа працуе калектыў фермы “Краглі” пад кіраўніцтвам Таццяны Галавенка, за добрую працу варта адзначыць сямейны падрад жывёлаводаў Анатоля і Ірыны Палуянцэвічаў. Плённа працуе калектыў комплекса па адкорме ў Нагародавічах.
— Іван Аляксандравіч, чаго пажадаеце калектыву прадпрыемства?
— Любы кіраўнік жадае свайму калектыву толькі самага лепшага. Найперш – здароўя, астатняе – усё напрацуем агульнымі намаганнямі. Жадаю, каб наступны год склаўся для ўсіх нас і сельскай гаспадаркі ў цэлым больш паспяховым.
Гутарыла Н. АВЯРЧУК