Анонс мерапрыемстваў па Гродзенскай вобласці

Падзеі

Танцы «Бітва сезонаў»

22 лістапада ў Гродне пройдзе шоу «Танцы на ТНТ «Бітва сезонаў» у Лядовым палацы спорту. Пачатак у 19 гадзін.
Вялікі тур «Бітва сезонаў» стартаваў 20 чэрвеня ў горадзе Сочы. Гастролі прайшлі на курортах каўказскага ўзбярэжжа і Крыма. У Беларусі канцэрты пройдуць у Магілёве, Гомелі, Мінску і Гродне.

За плячыма ўдзельнікаў двух сезонаў шоу «Танцы» ўжо тры вялікія гастрольныя туры. Выступленні праходзілі з аншлагамі.
Над праграмай цяперашняга гастрольнага тура, як і раней, працуюць лепшыя харэографы шоу.

І зорка гарыць, і не вяне вянок

Літаратурна-музычнае мерапрыемства, прымеркаванае да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, пройдзе 23 лістапада ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

У час мерапрыемства прагучаць самыя вядомыя творы паэта.

Напярэдадні літаратурна-музычнага мерапрыемства будзе ажыццяўляцца праект «Чытаем разам Багдановіча». Прыняць удзел у праекце можа любы жадаючы. Для гэтага яму неабходна на камеру прачытаць любімы верш Багдановіча, загрузіць відэа ў спецыяльную форму і адправіць яго на адрас электроннай пошты бібліятэкі. Пляцоўкай для здымак павінны стаць памятныя мясціны горада Ліды.

Брыльянтавыя юбіляры

24 лістапада ў аграгарадку Путрышкі Гродзенскага раёна пройдзе ўрачыстае мерапрыемства «Зазірніце ў сямейны альбом», у час якога арганізатары павіншуюць «залатых» і «брыльянтавых» юбіляраў з усіх куткоў Гродзенскага раёна. У зале збяруцца пары, якія жывуць разам ужо пяцьдзесят і шэсцьдзясят гадоў.

У час мерапрыемства будуць працаваць выстава-кірмаш вырабаў народнай творчасці, пройдзе канцэрт.

Разам з сябрамі

24-26 лістапада ў аграгарадах Суботнікі, Гераняны, Ліпнішкі, Бакшты пройдзе агляд-конкурс на лепшае інавацыйнае мерапрыемства па арганізацыі вольнага часу для дзяцей і моладзі.

У рамках мерапрыемства пройдуць ток-шоу «Аднойчы пераступіўшы закон», акцыя «Беражлівасць — аснова поспеху», інтэлектуальна-забаўляльная праграма «Выдатная сямёрка», «Пад сцягам бітвы са злом».

Ток — шоў будзе скіравана на прафілактыку супрацьпраўных паводзінаў непаўналетніх. Акцыя будзе прысвечана тэме беражлівага стаўлення да свайго здароўя, прыродных багаццяў.

Выступае «Гасцінец»

25 лістапада ў 19 гадзін у Цэнтры культуры горада Гродна адбудзецца канцэрт народнага ансамабля музыкі і песні «Гасцінец».

Ансамбль працуе ў вакальным і інстументальным жанрах, выконвае музыку і песні Гродзеншчыны, іншых рэгіёнаў рэспублікі. У аркестровай групе гучаць такія музычныя інструменты, як калёсная ліра, баян, гармонь, скрыпка, кантрабас, цымбалы.

Маленькая фея

25 лістапада ў Бярозаўскім гарадскім доме культуры пройдзе гарадскі конкурс «Маленькая фея». Удзел у ім прымуць маленькія феі — дзяўчынкі васьмі і дзевяці гадоў, якія прадэманструюць свае таленты і ўменне трымацца на сцэне.

Фінал конкурсу складуць 4 этапы, у час якіх удзельніцы раскажуць пра свае захапленні, перавагі, жаданні, прадэманструюць усім свае здольнасці і артыстычнасць.

На сцэне — маладыя спецыялісты

Раённы конкурс маладых спецыялістаў «Мы маладыя, мы таленавітыя» пройдзе 25 лістапада ў аграгарадку Путрышкі Гродзенскага раёна.

За званне лепшага пазмагаюцца самыя крэатыўныя, самыя здольныя юнакі і дзяўчаты. Ім трэба напісаць эсе, у якім неабходна даказаць, што яны ганарацца сваёй прафесіяй, у відэавізітках расказаць аб сваіх захапленнях. Творчымі дасягненнямі яны падзеляцца ў час конкурсу «Усё ўмею, усё магу».

Таксама ў час мерапрыемства будуць працаваць выстава-кірмаш вырабаў народнай творчасці, фотазона, пройдзе канцэртная праграма.

Фестываль фальклору

26 лістапада ў аграгарадку Мачуліна Ваўкавыскага раёна пройдзе адкрыты раённы фестываль фальклору «Чароўныя скарбы роднай зямлі».

Фестываль праводзіцца на ваўкавыскай зямлі раз у два гады, праходзіў у Росі і Краснасельскім, Падароску і Вярэйках.
У час мерапрыемства фальклорныя калектывы раёна дораць гледачам народную творчасць праз танцы і песні, рамёствы. У час мерапрыемстваў выконваюцца народныя празаічныя творы, дэманструюцца фрагменты святаў, абарадаў і рытуалаў, народныя гульні і забавы.

Каралева восені

27 лістапада ў аграгарадку Грынкі Свіслацкага раёна пройдзе конкурсная праграма «Каралева восені».
У праграме свята: візітная картка «Дары восені», конкурс на восеньскі вянок » Восеньскі лістапад», паэтычны, танцавальны, кулінарны конкурсы. Таксама ўвазе гледачоў будуць прадстаўлены гульнёвая праграма народнага тэатра-студыі «Карагод», выстава «Восеньская фантазія», канцэртная праграма вакальнай групы ветэранаў працы «Спадчына».

Таленавітая Навагрудчына

У другой палове лістапада ў Доме культуры горада Навагрудка пройдзе конкурс «Творчая Навагрудчына».
Удзельнікі конкурсу прадэманструюць вакальныя нумары, харавыя спевы, вакальна-інструментальную музыку, тэатральны жанр, тэатр мод, мастацкае слова.

Падрыхтавала да друку А. ДУБРОЎСКАЯ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *