На пытанні карэспандэнткі газеты “Перамога” адказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н. Калодка.
— У раёне была арганізавана акцыя “Ад сэрца да сэрца”, прайшлі дабрачынныя канцэрты. Раскажыце, калі ласка, Наталля Яўгенаўна, аб гэтым больш падрабязна.
— Арганізатары акцыі, якімі з’яўляліся работнікі Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, ставілі перад сабой задачу з дапамогай канцэртнай дзейнасці прыцягнуць увагу грамадскасці да дабрачыннасці. І такая актыўнасць, якую праявілі жыхары нашага Дзятлаўскага раёна, як мінімум, сведчыць, што беларусы і дзятлаўчане ў прыватнасці – нацыя, якая суперажывае, здольная на спагаду. І многія гатовы працягнуць руку дапамогі.
— А з чаго ўсё пачыналася?
— Гэтая акцыя была арганізавана па ініцыятыве Алы Чарняўскай, работніка Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Першапачаткова меркавалася, што сума заробленых сродкаў будзе накіравана на падтрымку Сяргея Мушальскага. Але калі мы сталі разбірацца ў дадзеным пытанні, то аказалася, што для таго, каб дапамагчы хлопчыку, патрэбна заключэнне Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці яго лячэння за мяжой. Такога дакумента ў бацькоў няма. Таму, каб праведзеная работа не прайшла бясследна і , самае галоўнае, каб гледачы, якія ахвяравалі свае грошы на дабрачыннасць, не засталіся расчараванымі, намі было прынята рашэнне аб перадачы сродкаў у Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
— Чаму менавіта гэтай установе, а не якой-небудзь іншай?
— Па-першае, Сярожа Мушальскі ў гэтай установе атрымлівае карэкцыйна-педагагічныя паслугі, таксама, акрамя яго, яшчэ 29 дзяцей атрымліваюць аналагічныя паслугі. Мы даведаліся, што ў іх ліку навучаюцца 18 дзяцей-інвалідаў, 5 дзяцей карыстаюцца паслугамі ранняй комплекснай дапамогі ад 0 да 3 гадоў, 12 дзяцей навучаюцца ў дашкольнай групе і класе, маюць цяжкія шматлікія фізічныя і (або) псіхічныя парушэнні. Па-другое, калектыву Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі для правядзення мерапрыемстваў неабходны тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі, якія дазволілі б праводзіць работу з дзецьмі на больш якасным узроўні. І, па-трэцяе, у нас з’явілася магчымасць дапамагчы не толькі Сярожу Мушальскаму, а адразу 30 дзецям.
— Пра якую суму ідзе размова, Наталля Яўгенаўна, і на што канкрэтна будуць патрачаны гэтыя сродкі?
— Усяго зароблены 2 846 рублёў. Гэтыя сродкі, па папярэдняй дамоўленасці з кіраўніцтвам Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, будуць накіраваны на набыццё рэабілітацыйнага абсталявання для развіцця рухальнай і сэнсорнай актыўнасці дзяцей.
— Як вы лічыце, наша грамадства гатова да дабрачыннасці?
— У гэтай акцыі прымалі ўдзел простыя дзятлаўчане, прычым, рознага ўзросту. І мне хочацца выказаць словы шчырай удзячнасці за тое, што ў цяперашні няпросты час яны знайшлі час і сродкі такім вось чынам выявіць сваю нераўнадушнасць да чужой бяды, прынялі ўдзел у дабрачыннасці. Я пераканана, што спагадлівыя справы неабходна рабіць, і не абавязкова, каб была гэта дапамога грашыма. Хтосьці можа стаць валанцёрам, хтосьці – дапамагчы рэчамі. Гэта выхоўвае міласэрнасць і салідарнасць у нашым грамадстве.
Гутарыла І. ІВАНАВА