У жыхароў аграгарадка Круцілавічы — дзве добрыя навіны, і ўсе яны звязаны з медыцынай. Па-першае, пасля рамонту тут адкрыўся абноўлены ФАП. Па-другое, яго ўзначаліла малады фельчар Анастасія Кот, якая прыбыла сюды працаваць у жніўні.
Абноўлены медыцынскі аб’ект урачыста адкрылі прадстаўнікі раённай улады, духавенства, медыкі, работнікі мясцовых прадпрыемстваў і самі аграгарадкоўцы.
Павіншаваць мясцовых жыхароў з гэтай падзеяй прыехаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ён пажадаў, каб у загадчыцы ФАПа было менш работы на яе ўчастку. Да словаў віншавання далучыліся старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых і старшыня СВК «Граніт-Агра» Станіслаў Мазур.
— Круцілавіцкі фельчарска-акушэрскі пункт – самы вялікі з 20 падобных установаў Дзятлаўскага раёна, – адзначыла галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Марыя Максімовіч. – Тут абслугоўваюцца 853 жыхары, з іх 105 дзяцей, 7 дзяцей да года.
Аднаму з самых важных сацыяльных аб’ектаў аграгарадка патрабавалася як паляпшэнне санітарна-бытавых умоваў, так і з’яўленне медыцыйнскага работніка на ўчастку. Для выканання рамонту кіраўніцтва СВК “Граніт-Агра” выдаткавала каля 55 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, рамонтныя работы за адзін месяц выканалі сваімі сіламі будаўнікі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы і сельгасвытворчага кааператыва. На сродкі, выдзеленыя Дзятлаўскім райвыканкамам, была набыта мэбля і медыцынскае абсталяванне.
Цяпер у медыцынскай установе функцыянуюць працэдурны, фельчарскі, фізіятэрапеўтычны кабінеты і кабінет прыёму пацыентаў, дзе мясцовыя жыхары могуць у камфортных умовах атрымаць медыцынскае абслугоўванне або набыць лекі.
З 1 жніўня да працы ў Круцілавіцкім ФАПе прыступіла малады спецыяліст, выпускніца Гродзенскага медыцынскага каледжа Анастасія Кот.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК