Урачыстасць пачалася святочным шэсцем па Казлоўшчыне мясцовых працоўных калектываў у суправаджэнні зводнага духавога аркестра гарпасёлка Наваельня. Канцэртную праграму, прысвечаную святу пасёлка Казлоўшчына, адкрыў дзіцячы танцавальны калектыў, услед за якім землякоў павітаў старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка. У гэты святочны дзень ён узгадаў важныя этапы развіцця гарпасёлка, клопаты і дасягненні яго жыхароў.
Лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў сёння атрымалі сертыфікаты аб занясенні на пасялковую Дошку гонару. Гэта Аляксандр Анісім (Казлоўшчынскі дом-інтэрнат), Станіслаў Антончык (участак “Казлоўшчына” Дзятлаўскага РУП ЖКГ), Сяргей Бараноўскі (СВК “Слава працы”), Наталля Добыш (Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”) , Анатоль Самахвал (Дзятлаўскае ПМС).
Казлоўшчына слаўная сваімі жыхарамі. Сярод іх – і самы маленькі жыхар гарпасёлка Цімафей Сямашка, якому толькі 15 дзён ад нараджэння, і 96-гадовая доўгажыхарка Зінаіда Васільеўна Палуносік, і 11 шматдзетных сем’яў (сям’я Пацынкаў гадуе ажно пяцярых дзяцей). Спецыяльную ўзнагароду за любоў да гарпасёлка і нераўнадушша да яго жыхароў, за захаванне гісторыі Казлоўшчыны ад старшыні сельвыканкама атрымалі Ларыса і Яўген Горбачы.
На працягу свята для гасцей свята свае танцы дарыла танцавальная група пад кіраўніцтвам Л. У. Гільвін, гучалі добра знаёмыя песні ў выкананні мясцовых юных і прафесійных артыстаў, а таксама спевакоў з райцэнтра.
Канцэртную праграму завяршыла выступленне мясцовага песеннага калектыву “Зараначка” і гасцей з Гродна – ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”.
Паралельна з кантэртам у Казлоўшчыне праходзіла выстава майстроў-рамеснікаў, забаўляльная праграма для дзяцей, аматарскі турнір па шахматах.