Штучнае шчасце

Падзеі

Нядаўна я паглядзела папулярны амерыканскі фільм «Элітнае грамадства». Нягледзячы на нескладаны сюжэт, ён захапіў мяне: пяцёра падлеткаў, якія прагнуць «прыгожага жыцця», гатовы дзеля гэтага на ўсё, нават на крадзяжы. Наркотыкі, клубныя тусоўкі, мода – вось з чаго складаецца іх свет. Маладыя людзі не вытрымліваюць выпрабаванняў, спакушаюцца «штучным шчасцем» і аднойчы аказваюцца на лаве падсудных, абвінавачаныя ў серыі крадзяжоў.

Наогул, гэта даволі тыповы сюжэт для кінастужак, знятых у ЗША. Але не ўсё тут так надумана і па-амерыканску. З праблемай наркаманіі цяпер можна лёгка сутыкнуцца амаль усюды. Жаданне жыць па-галівудску, так, як нам паказваюць у кіно, жаданне атрымаць усё і адразу, а, часам, і простая цікаўнасць, вымушаюць падлеткаў ужываць алкаголь, наркотыкі, тым самым разбураючы сваё жыццё.

Пасля прагляду кінастужкі я задумалася: а што робяць настаўнікі нашай гімназіі, каб папярэдзіць ужыванне вучнямі наркатычных і псіхатропных рэчываў? І была вельмі задаволена вынікам свайго міні-расследавання. Сапраўды, вельмі шмат увагі ў нашай установе надаецца гэтай актуальнай праблеме ў час распаўсюджання ў моладзевым асяроддзі такіх небяспечных псіхатропаў, як спайсы, экстазі, іншыя наркотыкі. Штогод праводзяцца конкурсы лістовак «Наркотыкі і закон», класныя гадзіны «Што значыць жыць дастойна?», флэш-мобы «Не — наркотыкам!». Самыя творчыя і крэатыўныя навучэнцы распрацоўваюць памяткі па прафілактыцы наркаманіі. Ладзяцца псіхалагічныя трэнінгі «Як сказаць «не» наркотыкам?», у час якіх псіхолаг расказвае моладзі, як супрацьстаяць уплыву дрэннай кампаніі, не разгубіцца, калі на дыскатэцы нехта прапаноўвае «злавіць кайф», або як дапамагчы сябру, які ўсё ж такі не змог адмовіцца ад такой прапановы. А прагляд прафілактычных відэафільмаў, такіх як «Штучнае шчасце», прымушае задумацца аб жудасных наступствах ужывання псіхатропаў, пачуць усё з першых вуснаў, ад сапраўдных наркаманаў. Праводзяцца і тэматычныя бацькоўскія сходы прафілактычнай накіраванасці, сустрэчы з інспектарамі ІСН, фаультатывы АБЖ, агульныя дні кіналекторыя антынаркатычнай тэматыкі, а таксама дыскатэкі, скіраваныя на прафілактыку.

Відаць, што настаўнікі і адміністрацыя гімназіі са свайго боку робяць усё магчымае, каб засцерагчы моладзь ад памылак. А што думаюць мае таварышы па ўстанове наконт праблемы глабальнай наркатызацыі?

Ягор, 16 гадоў:

— Шчыра кажучы, не разумею тых, хто захапляецца падобнымі рэчамі. Я спартсмен, гуляю ў футбол, хачу дасягнуць поспехаў у гэтым відзе спорту і не збіраюся псаваць сваё здароўе і будучыню.

Алена,14 гадоў:

— Калі нам у школе паказалі відэастужку пра спайс, мне стала сапраўды жудасна. Як можна ўжываць гэта? Дзе той самы кайф? Гэта проста агідна і брыдка, на маю думку.

Я абсалютна згодна з іншымі гімназістамі: не варта мяняць свае мары, сваю будучыню на «штучнае шчасце», якое штурхае чалавека ў бездань.

М. КАСКО,
удзельніца групы «ВЕК» антынаркатычнага накірунку гімназіі №1 горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *