Яшчэ тры гады таму Дзяніс Грынцэвіч быў выпускніком гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. І перад учарашнім студэнтам стаяў выбар далейшага прафесійнага шляху. Ісці настаўнічаць ці рызыкнуць і ажыццявіць сваю даўнюю мару — стаць праваахоўнікам? Не доўга вагаючыся, Дзяніс усё-такі выбраў службу ў міліцыі. І, як аказалася, нездарма: цяпер ён малады і перспектыўны камандзір узвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.
Начальнік аддзела Дзмітрый Іванавіч Харошка бачыць у маладым супрацоўніку вялікі патэнцыял:
— У Дзяніса Валянцінавіча Грынцэвіча ёсць шэраг станоўчых якасцяў, — зазначае кіраўнік, — і я ўпэўнены, што ў далейшым яны дапамогуць яму даслужыцца, як мінімум, да начальніка аддзела. У апошнія гады да нас на службу прыходзіць маладое папаўненне, якое здольна працаваць на больш высокім узроўні, і гэта радуе. Дзяніс Грынцэвіч захапляецца спортам, мае педагагічную адукацыю, байцоўскі характар і маральна-дзелавыя якасці, якія дазваляюць яму паспяхова займацца падрыхтоўкай супрацоўнікаў аддзела.
Здавалася б, што супрацоўнік з такімі дзелавымі якасцямі, як у Дзяніса Валянцінавіча, абавязкова павінен быць выхадцам з буйнога горада, мець за плячыма не адзін год заняткаў у сур’ёзных спартыўных секцыях. Аднак нарадзіўся Дзяніс у аграгарадку Хвінявічы ў звычайнай сям’і, дзе гадаваліся яшчэ двое старэйшых дзяцей — брат Анатоль і сястра Вольга. Бацька працаваў у школе настаўнікам фізічнай культуры, маці — у мясцовым сельгаскааператыве. Дзякуючы ўплыву бацькі, сыны з дзяцінства пасябравалі са спортам і здаровым ладам жыцця. Розніца ва ўзросце паміж братамі — сем гадоў. Аднак малодшы Дзяніс стараўся ні ў чым не саступаць старэйшаму Анатолю. Старэйшы брат у сваю чаргу ўзяў апеку над меншым. Асабліва гэта адчувалася, калі Анатоль уладкаваўся на працу ў Слонімскі райаддзел міліцыі інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх. Дзяніс на той час быў падлеткам. Анатоль Валянцінавіч часта прыязджаў да бацькоў і заўсёды знаходзіў час пагутарыць з братам, расказваў хлопцу, як не варта сябе паводзіць, якімі павінны быць сапраўдныя мужчыны. Каб павучэнні не надакучвалі і былі пераканаўчымі, старэйшы брат прыводзіў шмат яскравых прыкладаў са сваёй міліцэйскай практыкі. Такім чынам ён не толькі засцерагаў малодшага Дзяніса ад неабдуманых учынкаў, да якіх схільны падлеткі, але і непрыкметна ўпрлываў на фарміраванне яго светапогляду. Так і пасялілася ў сэрцы хлопчыка мара, калі вырасце, таксама стаць праваахоўнікам.
Службу ў Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Дзяніс Грынцэвіч пачынаў у 2013 годзе з пасады радавога міліцыянера ўзвода міліцыі. Затым год адпрацаваў міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання. Цяпер займае пасаду камандзіра ўзвода. Работа гэта, як прызнаецца сам супрацоўнік, вельмі складаная, бо на плечы камандзіра ўзвода ўскладзена адказнасць за увесь асабовы састаў аддзела, ды і службовых абавязкаў шмат, ужо не кажучы пра стосы нарматыўнай дакументацыі, якія праходзяць праз яго рукі.
Нягледзячы на напружанасць і адказнасць, работу сваю Дзяніс Грынцэвіч лічыць цікавай, і пакуль яшчэ ні разу не пашкадаваў, што праходзіць службу ў Дэпартаменце аховы МУС Рэспублікі Беларусь, пад знакам савы. Дарэчы, сімвалам міліцыі аховы гэта начная птушка з’яўляецца не выпадкова. Супрацоўнікі ведамства нясуць сваю службу і днём, і ўначы, калі пад покрывам цемры актывізуюцца злодзеі і зламыснікі. І, як начная сава, якая выдатна арыентуецца ў прыцемках, праваахоўнікі хутка і аператыўна прыбываюць на месца здарэння.
Выязджаць па трывожных сігналах, часам і па некалькі разоў за змену, даводзіцца і Дзянісу Валянцінавічу. Калі спрацоўвае ахоўная сігналізацыя, дзяжурны пульта цэнтралізаванага назірання адразу ж паведамляе інфармацыю групе рэагавання. Па горадзе нарад міліцыі аховы прыбывае на месца спрацоўкі трывожнага сігнала за лічаныя хвіліны. Здараецца, што там усё ў парадку — проста падвяла электрыка. А даводзіцца і тварам да твару сутыкацца з парушальнікамі закона. Колькі іх затрымаў разам з калегамі, Дзяніс Грынцэвіч не лічыў, але зазначае, што ў баявых сітуацыях яму дапамагае фізічная загартоўка, бо і сёння ён займаецца спортам і любую вольную хвілінку выкарыстоўвае для трэніровак. Не менш часу траціць малады камандзір узвода і на падрыхтоўку да чарговых заняткаў з асабовым саставам аддзела. Быць у курсе крымінагеннай сітуацыі ў краіне і рэгіёне, падзеяў у свеце яму дапамагаюць інтэрнэт, тэматычная перыёдыка і тэлебачанне. Аднак усё, што прачытана, убачана, пачута, прыводзіць у сістэму сам Дзяніс Валянцінавіч, каб на занятках давесці інфармацыю сваім таварышам-праваахоўнікам і адказаць на іх пытанні. Таму і раіць малады, перспектыўны камандзір узвода тым хлопцам-школьнікам, якія таксама мараць аб прафесіі міліцыянера, абавязкова старанна вучыцца. Спорт і фізічная загартоўка — гэта важныя складальнікі міліцэйскай прафесіі, аднак, каб паднімацца па службовай лесвіцы, трэба быць чалавекам адукаваным. Сам Дзяніс Грынцэвіч завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю на факультэце правазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і на дасягнутых службовых поспехах спыняцца не збіраецца. Варта пажадаць нашаму земляку паспяховай службы і зорачак на пагоны.
І. СТЫРНІК
Фота П. АДАМЧУКА