Уладзіслаў Ракуць — малады спявак, якія нядаўна з’явіўся на раённай сцэне Дзятлаўшчыны. У наш край ён прыехаў з суседняга Слонімскага раёна. Як тлумачыць сам Уладзіслаў, такім чынам пасля армейскай службы вырашыў пачаць новы этап свайго самастойнага жыцця.
Уладзіслаў нарадзіўся ў творчай сям’і, члены якой з песняй на «ты». Дзядзька Уладзіслава — Пётр Ракуць — з’яўляецца салістам Гродзенскай абласной філармоніі. Спяваць так, як дзядзька, з’яўляецца марай Уладзіслава. Яго тата — таксама творчы чалавек. У сем гадоў ён самастойна асвоіў гітару, неаднаразова выступаў на розных святах.
Вакальным талентам валодаюць і мама Уладзіслава, а таксама яго сёстры — Ганна, Дыяна і Алёна.
Сам Уладзіслаў спявае з дзіцячых гадоў. Ужо ў трэцім класе выйшаў на сцэну з песняй пра школу. Песня была перакладзена на матыў «Генералаў пясчаных кар’ераў».
У школьныя гады пад кіраўніцтвам бацькі Уладзіслаў спрабаваў асвоіць і гітару, аднак чамусьці беспаспяхова. Атрымалася зрабіць гэта толькі праз некалькі гадоў. А да гэтага ён навучыўся іграць на фартэпіяна і акардэоне.
— Неаднаразова з бацькам мы спявалі ў творчым дуэце, — расказвае Уладзіслаў. — Ён акампаніраваў на гітары, я — на акардэоне. Гучалі песні з рэпертуара Міхаіла Шуфуцінскага, Аляксандра Разенбаума, многіх іншых вядомых шансанье.
Пра музыку Уладзіслаў не забыўся і ў гады армейскай службы, якую праходзіў у Віцебскай вобласці, быў у пяхоце. Хаця першапачаткова вучыўся на сапёра, навыкі гэтай справы адпрацоўваў у Слоніме.
Пасля пераезду на Дзятлаўшчыну Уладзіслаў уладкаваўся працаваць у Вензавецкае лясніцтва. Сваю «творчую жылку» рэалізуе, прымаючы ўдзел у раённых канцэртных праграмах. Атрымаў запрашэннне прыняць удзел у мерапрыемствах, якія пройдуць у рамках фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» у Гродне.
Перавагу Уладзіслаў аддае лірыцы, сур’ёзным песням, якія кранаюць душу.
— Уладзіслаў, вы спяваеце пра каханне. А што гэта ў вашым разуменні?
Адказ здзіўляе:
— На дадзены момант у каханне я не веру.
— А што больш за ўсё цэніце ў дзяўчатах?
— Я не люблю, калі дзяўчаты ўжываюць алкаголь і кураць. Падабаецца, калі дзяўчына мае спакойны, «адэкватны» характар. А яшчэ яна абавязкова павінна ўмець кулінарыць, паколькі я ўмею гэта рабіць.
— Уладзіслаў, як вы любіце адпачываць?
— Разам з сябрамі. Калі збіраемся, абавязкова гучыць гітара. Увогуле, калі мне сумна або цяжка на душы, я бяру ў рукі гэты музычны інструмент, штосьці граю і спяваю. Сум адступае.
— Гітара — гэта яшчэ і неад’емны атрыбут цыганскай песеннай культуры. Ці падабаецца яна вам?
— Вельмі. Неяк у Слоніме мне пашчасціла наведаць канцэрт групы «Алюр». Быў вельмі ўражаны іх выкананнем, музыка запала мне ў душу.
— А які ваш жыццёвы дэвіз?
— Не шкадуй пра свае памылкі, паколькі не зрабіўшы іх, ты не зразумееш, як жыць далей.
А. ДУБРОЎСКАЯ