Вечарам 15 жніўня прыхаджане касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі сваё парафіяльнае свята. Распачалося яна з урачыстай працэсіі, якой міністранты і ксяндзы ў суправаджэнні духавога аркестра прайшлі ад плябаніі да касцёла. Пазней да працэсіі далучыліся намеснікі старшыняў па ідэалагічнай рабоце СВК Дзятлаўшчыны.
Святочную імшу правёў ксёндз Алег Каралёў.
З прамовай да вернікаў звярнуўся ксёндз Віктар Гайдукевіч — генеральны настаяцель ордэна салезіянцаў у Беларусі.
— Бачачы такую колькасць людзей на парафіяльнай урачыстасці, мне здаецца, што мы не маглі б зрабіць лепшага і больш каштоўнага падарунка для Найсвяцейшай Панны Марыі Унебаўзятай, — адзначыў ён.
Запаленая свечка, букет кветак, крыж з каласоў, сноп, садавіна і агародніна, хлеб — усё гэта стала дарамі, якія вернікі касцёла прынеслі для Ісуса Хрыста і яго Найсвяцейшай Маці ў знак удзячнасці. Намеснікі старшыняў па ідэалагічнай рабоце СВК Дзятлаўшчыны ўсклалі да алтара снапкі з каласоў новага ўраджаю.
Напрыканцы імшы вернікі касцёла асвяцілі кветкі і зёлкі.
Завяршылася парафіяльнае свята ў Дзятлаве хрэсным ходам.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Б. ВАРНЫ