Больш за 70 гадоў таму савецкі народ здабыў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. За час вайны многія салдаты і баявыя камандзіры загінулі на чужой зямлі, так і не раздзяліўшы радасць гэтага моманту з блізкімі. З той пары бесперапынна вядзецца пошукавая работа па вяртанні на Радзіму яе герояў.
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на Дзятлаўшчыну быў перададзены ліст з Расіі ад старшыні аддзялення грамадскай арганізацыі ветэранаў, пенсіянераў Арцінскай гарадской акругі Свярдлоўскай вобласці. Яго аўтар прасіў дапамагчы ў правядзенні рытуалу перадачы зямлі з месцаў пахавання арцінцаў, якія загінулі ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Радкі з канверта распавядалі: “Пяць гадоў таму савет нашай ветэранскай арганізацыі абвясціў пачатак бестэрміновай пошукавай акцыі “Вяртанне”, якая прадугледжвае ўмоўна, з дапамогай жмені зямлі, вярнуць на малую радзіму шэсць тысяч арцінцаў, загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. На жаль, мы не дасягнулі галоўнай мэты акцыі: у нас няма зямлі з канкрэтных месцаў пахавання 120 арцінцаў, якія загінулі ў Беларусі. Паверце, дзеці, унукі і праўнукі з нецярпеннем чакаюць любых звестак пра блізкіх, якія загінулі”.
На Дзятлаўшчыне, у гарпасёлку Наваельня, у брацкай магіле пахаваны арцінец – радавы Максім Яўграфавіч Вяткін, 1903 года нараджэння, які загінуў 13 жніўня 1944 года ў выніку ранення.
Для ўдзелу ў акцыі “Вяртанне” ў Наваельні сабраліся старшыня Наваельнянскага сельсавета Ірына Іванаўна Кунахавец, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Уладзіміравіч Камароў, старшыня Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Леанід Юльянавіч Кашко, выконваючая абавязкі першага сакратара раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярына Хілімончык, а таксама наваельнянскія школьнікі са сваёй настаўніцай Тамарай Мікалаеўнай Крывеня і мясцовыя медыкі.
Пасля кароткага мітынгу прысутныя напоўнілі капсулу з прозвішчам салдата зямлёй з месца яго пахавання. У хуткім часе на Гродзеншчыну прыбудзе дэлегацыя Свярдлоўскай вобласці, каб прыняць капсулы з зямлёй і фотаздымкі з акцыі “Вяртанне” на радзіму герояў.
Тэкст і фота Н. Авярчук