Музыка нашых сэрцаў

Падзеі

Дабрачынны міжнародны фестываль пад такой назвай для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ладзіла сацыяльна-дабрачынная ўстанова «Дарогаю дабрыні». Установа скіравана на сацыялізацыю і інтэграцыю маладых інвалідаў у грамадства, развіццё іх творчых здольнасцяў, аказвае прававую і псіхалагічную падтрымку сем’ям, дзе жывуць людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
Гаспадарамі пляцоўкі міжнароднага фестывалю «Музыка нашых сэрцаў» другі год запар з’яўляюцца Рычард і Яніна Казюкі — уладальнікі фальварка «У Рыся», дзе і ладзіцца мерапрыемства. Фальварак знаходзіцца ў вёсцы Карэвічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці і на працягу года прымае аматараў аграэкатурызму. Таксама тут праходзяць дабрачынныя мерапрыемствы. Сёлета ў час фестывалю аграсядзібу наведалі не толькі беларусы, а і госці з суседніх краінаў — Польшы, Украіны, Літвы.
Наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і іх бацькоў на міжнародны фестываль «Музыка нашых сэрцаў» на бясплатнай аснове запрасіла Яніна Казюк. Адзінае, на што давялося сабраць грошы, — транспартныя расходы.
У склад дэлігацыі, якая прадстаўляла Дзятлаўшчыну на мерапрыемстве, увайшлі 28 чалавек. Хатнім заданнем для іх было падрыхтаваць 4 нумары мастацкай самадзейнасці для выступлення на сцэне.
У Карэвічах нашых землякоў гасцінна сустрэлі гаспадары і работнікі фальварка «У Рыся» ў нацыянальных строях і вяночках з палявых кветак, гучалі нацыянальныя музычныя інструменты. Ля варот аграсядзібы стаялі імправізаваныя вартаўнікі — лучнікі і рыцары клуба «Арэдан», сфатаграфавацца з якімі маглі ўсе жадаючыя. На падворку таксама панавала атмасфера даўніны: свае вырабы прадстаўлялі майстры і рамеснікі, госці маглі паўдзельнічаць у майстар-класах і сваімі рукамі, напрыклад, выляпіць гліняныя збанкі.
Пасля знаёмства з аграсядзібай і абеду, удзельнікаў фестывалю чакала сцэна. Цікава было пабачыць нумары мастацкай самадзейнасці, якія падрыхтавалі іншыя аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, таварыствы інвалідаў. Сярод нумароў, якія вынеслі на суд гледачоў нашы землякі, прысутным найбольш спадабалася песня Віталя Крэйдзіча «Музыка» ў суправаджэнні альта. Многія слухачы не змаглі стрымаць слёз. Напрыканцы выступлення ўсе ўдзельнікі дабрачыннага фестывалю і творчыя калектывы атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.
Пасля людзей з абмежаванымі магчымасцямі на сцэну выйшлі вакальныя групы і народныя ансамблі, якія прыехалі на мерапрыемства з розных рэгіёнаў Беларусі. З сольным канцэртам выступіла беларуская спявачка Ірына Дарафеева. Калі сцямнела, гасцям фальварка прадставілі відовішчнае фаер-шоу. Скончыўся фестываль святочным феерверкам. Развітваючыся з наведвальнікамі, Рычард і Яніна Казюкі запрасілі іх прыязжаць у аграсядзібу наступным летам, бо Дабрачынны міжнародны фестываль «Музыка нашых сэрцаў» павінен стаць традыцыйным.
Кіраўніцтва і наведвальнікі аддзялення «Праменьчык» шчыра ўдзячныя бацькам за падтрымку і грошы, выдзеленыя на дарогу, а вадзіцелям мікрааўтобусаў службы «Таксі 107» — за цярпенне і ўважлівыя адносіны да пасажыраў.

SAM_8681фф

SAM_8739фф
В. САЛАМЕВІЧ,
загадчыца аддзялення «Праменьчык» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *