Лепшы ў ветэрынарыі

Падзеі

Калі казаць пра тое, чым славіцца Дзятлаўшчына, варта згадаць найперш не гісторыка-культурныя каштоўнасці або сацыяльна-эканамічныя дасягненні, а землякоў, дзякуючы якім наш раён ведаюць і цэняць.
У Дзятлаўскім раёне багата добрых спецыялістаў, якія дзясяткі гадоў шліфуюць сваё майстэрства і сумленна працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях, нямала ў нас выдатных працоўных дынастый. Імя галоўнага ветэрынарнага доктара сельгасвытворчага кааператыву “Хвінявічы” Івана Іванавіча Апанасіка добра вядомае і паважанае ў сельскагаспадарчых колах. Дзятлаўчане між сабою завуць яго “Гукішам” ветэрынарыі, але сам ветэрынарны доктар не зазнаецца, працуе добра і старанна, як і ў пачатку свайго прафесійнага шляху.
А пачыналася ўсё для Івана Іванавіча, ураджэнца вёскі Буйкі нашага раёна, з мары-задумкі.

IMG_9439ф
— Калі я яшчэ вучыўся ў школе, прафесія ветэрынарнага доктара лічылася адной з самых прэстыжных, – расказвае ён. – Таму вельмі хацеў атрымаць гэту спецыяльнасць.
Планы сталі рэальнасцю: атрымаўшы жаданую прафесію, маладым спецыялістам Іван Апанасік прыйшоў працаваць у свой раён, у гаспадарку “Новае жыццё” ветэрынарным доктарам, а праз некаторы час ужо працаваў галоўным ветдоктарам.

IMG_9445ф
Калі прыйшоў 1991 пераломны год, Іван Іванавіч быў ужо чалавекам сямейным. Разам з жонкай і маленькай дачушкай Кацярынай яму давялося пераехаць у Хвінявічы, дзе стаў працаваць па спецыяльнасці ў тагачасным саўгасе “Парэчча”. Тут сям’я абжылася, нарадзіўся сын Аляксандр. У саўгасе ён працаваў ветдоктарам-гінеколагам, а з 2004 года – галоўным ветэрынарным доктарам СВК “Хвінявічы”.
Па роду сваёй дзейнасці галоўны доктар працуе не толькі з жывёлінамі, але галоўным чынам – з людзьмі. Па словах спецыяліста, уважлівы падбор персаналу – гэта важкая доля поспеху ў справе. Сёння ў СВК “Хвінявічы”, акрамя галоўнага ветдоктара, працуюць тры ветэрынары, вучыцца адзін стыпендыят гаспадаркі, які прыйдзе сюды працаваць.
— Прыходзяць на практыку таленавітыя маладыя спецыялісты, шкада, што пераважна не застаюцца працаваць у сельскай мясцовасці.
Сельгасвытворчы кааперадыў “Хвінявічы” – пераважна жывёлагадоўчы: тут гадуюць больш за тысячу галоў буйной рагатай жывёлы, каля тысячы галоў авечак, актыўна развіваецца трусагадоўля. Таму спаць у шапку няма калі: на добрыя вынікі ў жывёлагадоўлі ў гаспадарцы працуе цэлая каманда спецыялістаў і даглядчыкаў.
Як кажа сам ветэрынарны доктар, у сельскай гаспадарцы, як і ў любой сур’ёзнай справе, без самаадукацыі і ўдасканалення – нікуды. Таму стараецца пастаянна павышаць узровень ведаў, цікавіцца новымі тэндэнцыямі ў жывёлагадоўлі. Па словах Івана Іванавіча Апанасіка, за дзясяткі гадоў працы ветэрынарыя для яго не страціла сваёй цікавасці, за гэты час не аднойчы даводзілася яму ўпэўніцца ў тым, што прафесійную сцяжыну абраў правільна.
Калі казаць пра ўзнагароды і рэгаліі, іх за гады працы ў Івана Іванавіча Апанасіка багата. Толькі за апошнія дзесяць гадоў ён стаў пераможцам у рэспубліканскім конкурсе жывёлаводаў, неаднаразова станавіўся лепшым па выніках працы ў Дзятлаўскім раёне, за плённую працу быў узнагароджаны Ганаровай граматай і Падзячным лістом Дзятлаўскага райвыканкама, у 2012-м яго імя было занесена на раённую Дошку гонару. Але сам Іван Іванавіч пра ўзнагароды гаварыць не любіць, самым важным сваім дасягненнем ён лічыць штодзённыя поспехі ў працы:
— Прыемна бачыць плён, у тым ліку маёй працы, – кажа ветэрынарны доктар. – у СВК “Хвінявічы” някепская захаванасць пагалоўя і высокая якасць сельскагаспадарчай прадукцыі, якую мы пастаўляем на перапрацоўчыя прадпрыемствы.
Іван Іванавіч Апанасік – сапраўды шчаслівы чалавек, бо, як у тым народным выслоўі, на працу ідзе з задавальненнем і з працы дадому вяртаецца з радасцю. Галоўнае захапленне і сэнс жыцця для мужчыны – гэта яго сям’я, якой ён стараецца аддаваць як мага больш часу. Іван Іванавіч дапамагае сваёй жонцы Марыі Аляксандраўне ў хатняй гаспадарцы і на прысядзібным участку. Дзеці ўжо выраслі пакінулі бацькоўскі дом, сталі спецыялістамі. Дачка Кацярына атрымала педагагічную спецыяльнасць, цяпер гадуе сваю дачушку, а сын Аляксандр таксама, як тата, вырашыў вучыцца сельскагаспадарчай працы, атрымаў спецыяльнасць агранома. Іван Іванавіч рады, што дзеці часта наведваюць родня Хвінявічы. Тады ён з задавальненнем бавіць час з імі і забаўляе маленькую ўнучку Ксенію.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *