Дзевяностае лета ветэрана

Падзеі

Заўсёды прыемна сустракацца з цікавымі людзьмі, а калі такі чалавек амаль равеснік стагоддзя, прыемна асабліва. 12 ліпеня свой 90-ы дзень нараджэння адзначыў Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы настаўнік беларускай мовы сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, які прысвяціў педагагічнай дзейнасці 45 гадоў свайго жыцця.
З пажаданнямі здароўя, дабрабыту, актыўнага даўгалецця ў госці да ветэрана завіталі прадстаўнікі Дзятлаўскага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Дзятлаўскага раённага камітэта ГА «БРСМ», раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, раённага савета ветэранаў працы галіны, сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, рэдакцыі газеты «Перамога».
Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Леанід Юльянавіч Кашко пажадаў юбіляру здароўя яшчэ на доўгія гады. Шмат шчырых цёплых словаў віншаванняў на адрас Аляксандра Аляксандравіча прагучала ад былых калегаў-педагогаў Раісы Аляксандраўны Ганчарэвіч, Яўгеніі Рыгораўны Савань. Рада была павіншаваць свайго былога настаўніка Аксана Міхайлаўна Пацыновіч (цяпер выконвае абавязкі дырэктара сярэдняй школы №1 горада Дзятлава). Да іх пажаданняў далучыліся і іншыя госці.
IMG_1724

IMG_1726

IMG_1735

IMG_1741

IMG_1745

IMG_1747

IMG_1748

Юбілей — гэта яшчэ і нагода, каб узгадаць мінулае. Карэспандэнтка газеты папрасіла ветэрана расказаць пра сваё жыццё чытачам «раёнкі».
ЖЫЦЦЁ ПАДЗЯЛІЛАСЯ НА «ДА» І «ПАСЛЯ» ВАЙНЫ
Першая палова ХХ стагоддзя выдалася неспакойнай: рэвалюцыі, войны, калектывізацыя, далучэнне Заходняй Беларусі да СССР. Многія з гэтых гістарычных падзеяў сталі лёсавызначальнымі для Аляксандра Аляксандравіча Валуевіча. Пра сваё мінулае былы ветэран і педагог расказвае так:
— Родам я з вёскі Хадасы, што на Навагрудчыне. Вёсачка наша невялікая, каля 30 хат, і сёння, на жаль, усе яны стаяць пустыя. Бацькі мае былі земляробамі, а пасля вайны — калгаснікамі. Маці працавала ў звяне па вырошчванні лёну, бацька пасля дэмабілізацыі, нягледзячы на малаадукаванасць, некалькі гадоў узначальваў мясцовы калгас.
Да 1939 года, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, я паспеў скончыць 7 класаў польскай школы. З 1939 па 1941-ы вучыўся ў беларускай школе. Аднак мірным жыццёвым планам перашкодзіла вайна. Пачатак яе не сцерці, не выкрэсліць з памяці. Мы ў той дзень пасвілі коней. Раптам пачуўся гул самалётаў: гэта нямецкія бамбардзіроўшчыкі ляцелі бамбіць мост праз Нёман. Поле, на якім мы знаходзіліся, было за два кіламетры ад моста, і калі пачалася бамбёжка, зямля пад нашымі нагамі хадзіла ходырам, здавалася, што бомбы ляцяць проста нам на галовы.
Памятаю, як адступалі нашы вайскоўцы. У вёску прыехала «палутарка» з гранатамі, якую суправаджалі афіцэр і два салдаты. У машыне закончыўся бензін, і вайскоўцы звярнуліся па дапамогу да мясцовага насельніцтва, але паліва ні ў каго не было. Тады людзі параілі чырвонаармейцам заправіць машыну спіртам (у суседнім Вераскаве быў спіртзавод). Аднак на спірце «палутарка» не завялася, і яе з грузам утапілі ў возеры, каб не дасталася ворагам.
Калі ў вёску ўвайшлі немцы, людзі павыходзілі паглядзець на іх. Нязваныя госці адразу запыталіся: «Русиш есть?». Усе падумалі, што яны пытаюць пра нацыянальнасць і сказалі: «Не». А ў вёсцы на той час знаходзіліся двое вайскоўцаў-акружэнцаў. Яны выйшлі наперад і здаліся. Тады фашысты раз’юшыліся, наставілі на нас аўтаматы, крычалі, што мы іх падманулі, што за такое ў наступны раз толькі расстрэл. Салдат забралі, мы іх больш не бачылі. Так пачыналіся акупацыя і новы рэжым. Хутка да нас дайшлі чуткі, што ў суседняй Любчы расстралялі актывістаў і іх трупы ляжаць на вуліцы, а забраць і пахаваць расстраляных немцы не дазваляюць.
У лясах было шмат пакінутай зброі. Мы з бацькам знайшлі і прынеслі дахаты дзве самазарадныя вінтоўкі Токарава (з адной з іх я пазней партызаніў) і чатыры гранаты. Свае знаходкі паклалі ў гумне. Гэта было небяспечна, бо немцы пачалі паўсюль клеіць плакаты «За зброю — расстрэл», хадзілі па хатах з вобыскамі. На шчасце, нашу зброю не знайшлі.
У ШЭРАГАХ НАРОДНЫХ МСЦІЎЦАЎ
У 1944 годзе моладзь пачалі вывозіць у Германію. Тады мы з хлопцамі падаліся ў партызаны, мне на той час было 18 гадоў. Партызанілі ў атрадзе Жданава брыгады імя Дзяржынскага. Штаб нашага атрада знаходзіўся за чатыры кіламетры ад вёскі. Брыгада налічвала каля 1200 чалавек. З-за лініі фронту самалётам пастаўлялі зброю, боепрыпасы, медыкаменты. Недалёка ад Стаўбцоў быў хутар, паблізу якога абсталявалі пасадачную паласу. Яе пільна ахоўвалі. У брыгадзе была свая гаспадарка, пяклі хлеб. Жыхары навакольных вёсак як маглі дапамагалі нам. А за Нёманам размяшчаўся партызанскі шпіталь.
Партызаны ладзілі засады на немцаў, падрывалі цягнікі. Каля трох кіламетраў чыгуначнага пуці было пашкоджана толькі на станцыі Гаўя. З Любчы фашыстаў выбілі, але надоўга ўтрымаць пасёлак не змаглі.
Брыгаду нашу расфарміравалі ў 1945 годзе, калі прагналі акупантаў. На два дні нас адпусцілі дахаты, а пасля сабралі і са Стоўбцаў павезлі ў Іванаўскую вобласць у Шую, у запасны полк. Нас было 150 юнакоў 1926 года нараджэння. У Стаўбцах мяне паставілі старшым над хлопцамі, пазней назначылі старшым вагона. Я напісаў просьбу, каб выдалі харчы. Ехалі 15 сутак, бо чыгунку часта бамбілі, на пуцях былі завалы. Калі праязджалі праз Мінск, бачыў, што ён быў зруйнаваны, толькі бульдозерам расчышчаны дарогі, а над руінамі ўзвышаліся сцены Чырвонага касцёла.
У Шуі нас сустрэлі з музыкай, павялі ў казармы. Тут былыя франтавікі вучылі маладых вайсковай справе. Праз тры месяцы навучання большасць хлопцаў адправілі на фронт. Мяне пакінулі інструктарам. Пазней даведаўся, што многія з шуйскіх таварышаў трапілі ў Нарвегію, там і загінулі.
Вялікую Перамогу Аляксандр Аляксандравіч сустрэў у Шуі. Дэмабілізаваўся з арміі ў пачатку 1946 года.
СЕЯЦЬ РАЗУМНАЕ, ДОБРАЕ, ВЕЧНАЕ
Пасляваеннае жыццё было складаным, нястача адчувалася ва ўсім. Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч, вярнуўшыся дахаты, уладкаваўся на работу агентам па дастаўцы тавараў у прамкамбінат. Аднак на гэтай пасадзе затрымаўся ненадоўга, бо разумеў, што трэба прадаўжаць адукацыю.
— Я напісаў заяву, што збіраюся вучыцца і звольніўся, — узгадвае ветэран. — Паехаў у Навагрудак, дзе пайшоў у падрыхтоўчую групу, каб паступіць у педвучылішча. Экзамены здаў не вельмі паспяхова, але мяне пакінулі вучыцца на выпрабавальны тэрмін (тады гэта практыкавалася). Выбралі старшым па кухні, дзе харчаваліся педагогі і студэнты. За парадкам і чысцінёй я сачыў строга. Таму напрыканцы вучобы мяне назначылі яшчэ і адказным за выпускны вечар. Пасля выпускнога падводзілі вынікі, і дырэктар нашай установы між іншым спытаўся, ці хачу я ехаць працаваць у вёску. Я адказаў, што збіраюся вучыцца далей, тады мне далі атэстат з выпіскай, і я прадоўжыў вучобу ў Баранавіцкім педагагічным інстытуце.
У 1949 годзе, адвучыўшыся, прыехаў цягніком у Наваельню. Тут даведаўся, што побач ёсць раённы цэнтр. Дабраўся да Дзятлава і пайшоў у раённы аддзел народнай адукацыі, дзе мяне сустрэлы з вялікай радасцю, бо настаўнікаў на Дзятлаўшчыне не хапала. Мне адразу далі 40 гадзін, а таму працаваць давялося шмат: у дзве змены і ў вячэрняй школе. Дзятлаўская цэнтральная школа (пазней — сярэдняя школа №1) размяшчалася ў чатырох будынках, галоўны корпус — у цяперашняй школе мастацтваў. Пятыя класы займаліся ў ранейшым ксянзоўскім доме. У адзін з зімовых дзён 1952 года сюды забегла настаўніца, закрычала, што ў возеры топяцца дзеці. На той час недалёка ад будынка цяперашняй цэнтральнай аптэкі было глыбокае возера. Напярэдадні там для гаспадарчых патрэбаў наразалі лёд. Вада за ноч паспела падмерзнуць, але лёд быў нетрывалы. Хлопчыкі, коўзаючыся, трапілі ў палонку і пачалі тануць. Я кінуўся ў ваду. Глыбіня была па грудзі. Трох дзяцей выкінуў на бераг, а чацвёртага, які быў ужо на дне, падняў нагой. Усіх чатырох вучняў адвезлі ў бальніцу, яны засталіся жывыя.
СЯМЕЙНАЕ ШЧАСЦЕ
Пасля ўрокаў Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч спяшаўся ў гурткі мастацкай самадзейнасці. Яго былыя калегі і сёння ўспамінаюць, як таленавіта ён іграў на раённай сцэне ў складзе самадзейнага тэатра.
Неяк у Заходнюю Беларусь прыехала група картографаў. Самалёт рабіў аэраздымкі, а яны ўдакладнялі ландшафт на мясцовасці. У складзе групы была і будучая жонка ветэрана — Ганна Міхайлаўна Бізунова, якая прыгожа спявала.
Пазнаёміліся маладыя людзі на рэпетыцыі ў Доме культуры і ў маі 1952 года пажаніліся. Аляксандр Аляксандравіч быў не толькі таленавітым педагогам і самадзейным артыстам, але і дбайным гаспадаром, майстрам з залатымі рукамі. Яшчэ да вайны ён захапляўся работай з дрэвам. У мірны час дома і ў школе майставаў мэблю, рэчы інтэр’ера.
І цяпер доўгімі зімовымі вечарамі ветэран робіць прыгожыя куфэрачкі, а таксама чытае шмат кніг. Асабліва былому вайскоўцу падабаецца творчасць Васіля Быкава. Усе творы гэтага пісьменніка Аляксандр Аляксандравіч перачытаў па некалькі разоў. Сярод захапленняў маладосці былі  таксама рыбалка, паляванне, фатаграфія. Аляксанд Валуевіч меў прыгожы голас, любіў спяваць, быў удзельнікам хору.
Цяпер Аляксандр Аляксандравіч жыве адзін: жонка памерла ў 2007 годзе, дарослыя дзеці раз’ехаліся, хаця і стараюцца часцей наведваць бацьку. Дачка Вольга шмат гадоў працавала ў Гомелі настаўніцай матэматыкі і ўжо на заслужаным адпачынку, Алена – доктар біялагічных навук, загадчыца навуковай лабараторыі ў Мінскім інстытуце батанікі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Унук Аляксандр з жонкай доўга жыў у Германіі, нядаўна перабраўся на Канарскія астравы. Што асабліва цікава, унук не толькі цёзка дзядулі, а і святкуе свой дзень нараджэння таксама 12 ліпеня. Сёлета дзеці, адклаўшы свае справы і клопаты, прыехалі на юбілей Аляксандра Аляксандравіча Валуевіча, каб павіншаваць дарагога чалавека і парадавацца за яго.
Сам Аляксандр Аляксандравіч зазначае, што 45 гадоў работы на ніве педагогікі не прайшлі для яго дарэмна. Сярод вядомых людзей нашай краіны ёсць яго вучні, і на Дзятлаўшчыне няма амаль ніводнай установы, дзе не працавалі б яго выхаванцы. Таму не варта здзіўляцца, што ветэрану часта тэлефануюць, запрашаюць на сустрэчы выпускнікоў ці проста цікавяцца здароўем. Яго частыя госці — педагогі і вучні сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Аб ваенным мінулым юбіляра нагадвае таблічка «Тут жыве ветэран», якую яму ўручылі да 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Напрыканцы сустрэчы карэспандэнтка газеты пацікавілася ў Аляксандра Аляксандравіча, якія словы ён, як мудры чалавек і педагог з амаль паўвекавым стажам, адрасаваў бы маладым.
— Каб былі людзьмі, паважалі бацькоў, сумленна працавалі і сталі актыўнымі будаўнікамі квітнеючай Беларусі, — адказаў ветэран.

IMG_1752ф
І. КАЎКЕЛЬ
Фота Б. ВАРНЫ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *