Шукаем імёны загінулых (да Дня ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны)

Падзеі

У нашай зямлі “ляжыць” шмат воінаў Чырвонай Арміі і партызанаў, якія загінулі пры абароне Айчыны, месцы пахавання многіх з іх не вядомыя, паколькі ў баявых умовах нават хвіліны на пахаванне загінулых часам не было. Людзей, якія зніклі без вестак на вялікай вайне, засталося больш за 4 мільёны. Наш час, час пакаленняў унукаў, праўнукаў тых салдат – гэта час няспыннага і, напэўна, бясконцага пошуку зніклых без вестак на вайне.
Паступова сыходзяць з жыцця сведкі ваенных падзеяў, але памяць аб убачаным застаецца. Па розных прычынах людзі не расказвалі аб месцах гібелі і пахавання чырвонаармейцаў, партызанаў, мірных жыхароў. Разам з тым некаторыя звесткі аб убачаным яны перадавалі сваім блізкім сваякам.
У Рэспубліцы Беларусь, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта і пастановамі Урада, праводзіцца работа па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў. Гэтая праца з’яўляецца неад’емнай часткай палітыкі дзяржавы. Ваенным камісарыятам Дзятлаўскага раёна пастаянна праводзіцца работа па зборы звестак аб няўлічаных воінскіх пахаваннях і пахаваннях ахвяраў вайны. Падобную інфармацыю цяпер можна атрымаць толькі шляхам апытання мясцовых жыхароў. Няхай гэтая інфармацыя не заўсёды дакладная, але яна дапамагае праз 75 гадоў устанавіць лёс салдата, у якога ў «пахаронцы» адзначана “прапаў без вестак”, і паведаміць сваякам, дзе знаходзяцца астанкі іх бацькі, дзеда ці прадзеда.
Цяпер праводзіцца збор інфармацыі аб магчымым воінскім пахаванні чырвонаармейцаў каля дарогі Дзятлава – Хадзяўляны, якія загінулі 28-30 чэрвеня 1941 года. Звесткі аб наяўнасці гэтага пахавання пацвярджаюцца з розных крыніцаў. Прывяду некаторыя з іх.
3 успамінаў Ганны Іванаўны Клешч.
“Наш хутар стаяў каля самай дарогі паміж Дзятлавам і вёскай Хадзяўляны, метраў за 700-800 ад Дзятлава. Рух пачаўся ў ноч з серады на чацвер (з 25 на 26 чэрвеня). Шмат было машын. Ішлі і пешшу, больш жанчыны з дзецьмі. Так увесь дзень.
У суботу, 28 чэрвеня, каля гадзіны дня з боку дзятлаўскіх могілак раздаўся першы выстрал з гарматы. Пасля абеду наляцелі нямецкія самалёты, скінулі бомбы. На дарозе засталося шмат забітых і параненых.
Ноччу стралялі каля нашага хутара. На досвітку я выйшла на двор і ўбачыла, што ў агародзе салдаты ўстанаўліваюць пушку з доўгім дулам. А крыху далей чырвонаармейцы з танкавага кулямёта стралялі ў бок могілак і вёскі Каменка. Там засеў фашысцкі дэсант і вёў агонь па адступаючых нашых часцях. Вораг насядаў. Бой быў жорсткі. 3 чатырох гадзін раніцы да двух гадзін дня ў нядзелю немцы абстрэльвалі хутар і дарогу з мінамётаў.
Ноччу з 29 на 30 чэрвеня мы добра чулі крыкі “Ура!”. Ішоў рукапашны бой. У аўторак стральба сціхла. Немцы былі ўжо ў Вензаўцы. Мы вярнуліся на свой хутар. На шашэйнай дарозе ляжала шмат забітых.
Загінулых чырвонаармейцаў мы хавалі ўсёй сям’ёй, у адной магіле. Усяго 14 чалавек: 8 трупаў дасталі з трубы, 3 чырвонаармейцы былі забіты каля кулямёта, 2 – недалёка ад дарогі на лузе і аднаго прынеслі з сада. Праўда, перад тым, як пахаваць, немцы прывезлі святара Камара з Дзятлава. Нямецкі афіцэр пастроіў сваіх салдатаў каля магілы і нешта ім гаварыў”. Запісаў Ф. Красюк.
Выпіска з данясення камандзіра 5-ай пяхотнай дывізіі Вермахта.
“Перадавы атрад 35-ай пяхотнай дывізіі, які быў часова перападпарадкаваны 5-ай пяхотнай дывізіі, трапіў пад вялікую атаку 29 чэрвеня на вышыні на поўначы ад Дзятлава. Атака пачалася на досвітку і працягвалася да 10 гадзін раніцы. Але ўсё ж перадавы атрад утрымаў пазіцыю. Прыблізна да 18 гадзін 14-ы пяхотны полк 5-ай пяхотнай дывізіі змяніў на вышыні ў Дзятлаве перадавы атрад 35-ай пяхотнай дывізіі. Гэты атрад быў кінуты ў бой у Наваельні, каб перагарадзіць рускім шлях адступлення. 14-ы полк пад камандаваннем палкоўніка Ессера павінен быў адбіваць на працягу 30 чэрвеня іншыя варожыя атакі ўздоўж дарогі з заходняга напрамку на Дзятлава. З гэтай вышыні, якая знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад маленькага горада (Дзятлава), адкрываўся вельмі добры агляд будучага поля бітвы як на захад, так і на поўдзень. Вышыня была абстаўлена розным цяжкім узбраеннем, асабліва супрацьтанкавымі прыладамі. Наперадзе іх размяшчаліся паўкругам пяхотныя роты палка фронтам на захад і поўдзень у замаскіраваных акопах. Час ад часу на дарозе, па баках якой раслі дрэвы, зноў і зноў з’яўляліся варожыя грузавікі. У асноўным яны былі з пяхотай, якая сядзела ў кузаве, або з фуражом і рэчавай маёмасцю. Грузавікі падыходзілі бліжэй – і іх знішчалі. Палонных забіралі і накіроўвалі на зборны пункт 14-га палка, які размяшчаўся на вышыні”.
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна! Калі хто-небудзь з вас валодае інфармацыяй, дзе знаходзяцца ў зямлі няўлічаныя астанкі савецкіх салдатаў, партызанаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, або звесткамі аб месцы пахавання чырвонаармейцаў каля дарогі Дзятлава-Хадзяўляны, якія загінулі ў чэрвені 1941 года, просім паведаміць аб гэтым у ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна на адрас: 231471, г. Дзятлава, вул. Перамогі, 13 або па тэлефоне 8 (01563) 2-15-61, у рабочыя дні з 8 да 13 гадзін і з 14 да 17 гадзін. Ваша інфармацыя дапаможа ўстанавіць імёны загінулых абаронцаў Айчыны і пахаваць іх з захаваннем воінскіх рытуалаў і хрысціянскіх традыцый.
В. АБУХАЎ,
вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *