Свята з нотамі смутку

Падзеі

Вясна майскай квеценню абвяшчае беларусам: семдзесят адзін год мы жывём на мірнай зямлі дзякуючы людзям, якія не шкадавалі жыцця, змагаліся за сваю Радзіму. Вялікая Перамога кавалася не толькі на франтах, у напружаных баях. Яе здабывалі цяжкай штодзённай працай тыя, каго сёння па праву лічым героямі.
Для жыхаркі Вензаўца, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, працаўніцы тылу, былой шахцёркі Анастасіі Іванаўны Салікавай май звязаны не толькі з радасцю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, але і з горыччу страты.

IMG_3337

— Першага мая, у свята працы, споўніўся семдзесят адзін год, як загінула ў шахце мая сястра Рыма, – паказвае Анастасія Іванаўна маладых, усмешлівых сябе і сястру на чорна-белай фотакартцы. – Там адбыўся выбух, уся брыгада загінула. Я засталася жывая, бо тады была не мая змена.

Яны з Рымай былі зводнымі сёстрамі, пагодкамі. Маці і айчым Анастасіі рана аўдавелі, праз некаторы час стварылі новую сям’ю. Так у дзяўчынкі, акрамя роднага брата, з’явіліся яшчэ дзве зводныя сястры.

Вайна застала сям’ю на радзіме, у Арэнбургскай вобласці. Бацькі не мелі магчымасці плаціць за вучобу дзяцей, таму ў 1942 годзе старэйшыя дзяўчынкі скіраваліся паступаць у прафтэхвучылішча ў Караганду. А патрапілі на работы ў шахту.

— Рыма, малодшая, спачатку працавала не ў самой шахце, а пасля перайшла да нас: тут давалі ў дзень па кілаграму і дзвесце грамаў хлеба на картку, – згадвае жанчына. – Але толькі на паперы. Насамрэч гэта быў невялікі кавалачак хлеба з абы-чаго. Харчаваліся кепска, працавалі цяжка. Уявіце сабе, мне і 16-ці не было тады. Мы, кволыя, былі ў шахце, дзе пераважна працуюць мужчыны.

Спачатку Анастасія Іванаўна ўключала канвеер, адносіла запальваць лямпы для шахцёраў: тады былі не электрычныя, а керасінавыя, іх пламбавалі, каб не выбухнулі ў шахце. Здаралася часам, што па розных прычынах лямпа гасла, і тады юная шахцёрка заставалася пад зямлёй у поўнай цемры.

Хутка Анастасію Іванаўну перавялі ў запальшчыцы. Яна павінна была падрываць выбуховыя прыстасаванні ў шахце, дзе затым выпрацоўвалі вугаль. На сабе насіла сумкі з выбухоўкай па 15-20 кілаграмаў. А норма выпрацоўкі вугалю за змену для жанчыны складала 12 тон.

— Выбуховыя матэрыялы былі абы-якія (усё больш-менш якаснае ішло на фронт), цяжка было разлічыць патрэбную колькасць. Пакладзеш замала – тады мала вугалю адваліцца, бурыльшчыкі сварацца; пакладзеш зашмат – пашкодзіш умацаванні ў шахце, тады мацавальшчыкі незадаволеныя.

Брыгада працавала па восем гадзін, запальшчыца – па дванаццаць. Трэба было атрымаць выбуховыя матэрыялы перад спускам у шахту, а потым пакінуць за сабой задзел для наступнай змены.  

Ніхто пад зямлёй не мог гарантаваць шахцёрам бяспеку і здароўе. Сама Анастасія Іванаўна аднойчы з-за кепскай вентыляцыі хапіла ў лёгкія чаднага газу і вугальнага пылу так, што не магла ўдыхнуць, толькі кашляла крывёю. Паднялі на паверхню, адвезлі ў анкалагічнае аддзяленне бальніцы, а пазней выпісалі: маўляў, забірайце, не наш пацыент. Як напамін аб тым выпадку, на шыі ў жанчыны на ўсё жыццё застаўся невялікі гуз. Так назаўжды з Анастасіяй Іванаўнай Салікавай застаўся і страшны дзень першага мая, які пракручвае ў памяці зноў і зноў:

— Мы яшчэ спалі, калі жанчына, у якой кватаравалі, раніцай выгнала карову пасвіцца і вярнулася дадому. “Уставайце хутчэй, на шахце быў выбух!” – з парога кінулася да нас яна. Мяне тады як маланкай працяло: сястра Рыма акурат павінна быць на дзяжурстве.

Калі прыбеглі да шахты, туды нікога не пускалі, вароты былі зачынены. А затым пачалі разбіраць завалы, на руках паднімаць на паверхню целы шахцёраў. Ад агню загінулі ўсе, хто быў на змене. Знайшлі месца, куды не павінна была дайсці распрацоўка вугалю, там разам з іншымі Анастасія Іванаўна капала брацкую магілу, дзе была пахавана і яе сястра.

Пачынаючы з 1944 года ўсе ўважліва сачылі за вызваленнем савецкай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на вялікай карце ў Чырвоным куце камсамольскі актыў сцяжкамі адзначаў вызваленыя гарады. Нарэшце 9 мая прыйшла доўгачаканая навіна – вайна скончылася – і прынесла радасць, пераплеценую са смуткам па нядаўна загінулых людзях.

Пасля вайны Анастасія Іванаўна працавала інжынерам-тэхнолагам на заводзе гума-тэхнічных вырабаў пад Карагандой, стварыла сваю сям’ю. У Казахстане пражыла жыццё, выгадавала дачку, выйшла на заслужаны адпачынак. Пасля развалу Савецкага Саюза ў 1992 годзе разам з сям’ёй пераехала ў Беларусь.

IMG_3323

У аграгарадку Вензавец на Дзятлаўшчыне, па вуліцы Зялёнай стаіць дом з шыльдай “Тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны”. У гэтым доме пануе ўтульнасць, створаная рукамі гаспадароў, дачкі і зяця жанчыны. Сама Анастасія Іванаўна – шчаслівая бабуля траіх унукаў і прабабуля шасцярых праўнукаў. Дагэтуль цікавіцца навакольным жыццём, не прамінае навіны пра шахцёраў, за кожнага хвалюецца, бо як ніхто разумее гэту працу.

IMG_3332

У 55-ю гадавіну Вялікай Перамогі Анастасія Іванаўна Салікава была ўзнагароджана нагрудным знакам “Ветэран вайны 1941-1945 гг.”, з’яўляецца ветэранам працы, пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва 1978 года, мае медаль “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, юбілейныя медалі.

— Праца і сумленне – дзве рэчы, якія робяць нас сапраўднымі людзьмі, – на завяршэнне размовы кажа жанчына, звяртаючыся да пакалення сённяшняга. – Гэта было ісцінай у маёй маладосці, спадзяюся, застаецца ёю і надалей.

Н. АВЯРЧУК
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *