Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць акцыю пад назваю “Наш жывёлавод”. Яе мэта – удзячнае ўшанаванне працы жывёлаводаў, вынікі якой – малако і мяса – запатрабаваны ў кожнай сям’і, кожным чалавекам.
Напярэдадні першамайскага Свята працы старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК У. Казак у рамках акцыі наведаў малочнатаварны комплекс “Парэчча-777” СВК “Хвінявічы” і ўручыў Падзячныя пісьмы за подпісам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама М. Бабіны і старшыні РК прафсаюза работнікаў АПК У. Казака, а таксама грашовыя прэміі лепшым аператарам машыннага даення МТК “Парэчча-777” Аксане Васільеўне Варанецкай, Наталлі Віктараўне Клюкач, Алене Аляксееўне Яраш.
Дзякуючы выніковай працы калектыву жывёлаводаў і найперш названых жанчын-аператараў, валавы надой малака на МТК “Парэчча-777” павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам і склаў за тры месяцы 1054 тоны. Таварнасць малака дасягнула 91,1 працэнта, а найвышэйшым сортам “Экстра” рэалізавана 92,2 працэнта прадукцыі.
Фота і тэкст Б. ВАРНЫ