Юную артыстку студыі цыркавога майстэрства «Марсі» Анастасію Вакуліч сёння часта можна ўбачыць на раённай сцэне. Нумары ў яе выкананні — запамінальныя, яркія, не пакідаюць гледача раўнадушным. За няпоўныя два гады, якія Анастасія займаецца ў студыі, яна дасягнула пэўнага ўзроўню майстэрства. У сёлетніх раённых спаборніцтвах па спартыўна акрабатыцы Анастасія заняла першае месца, атрымала 3-ці разрад. На гэтым дзяўчына не спыняецца, кажа, што акрабатыка стала часткай яе жыцця.
— Анастасія, што прывяло цябе ў студыю «Марсі»?
— Акрабатыка доўгі час была толькі маёй марай, паколькі адпаведнай студыі або гуртка ў Дзятлаве не было. Некаторы час я займалася ў тэатральнай студыі «Мелодыя душы», нават меркавала, што сваю будучыню звяжу менавіта з тэатральнай дзейнасцю. Аднак, калі ў Дзятлаве з’явілася студыя «Марсі», я адразу зацікавілася ёю, стала наведваць. І сёння з упэўненасцю магу сказаць, што гімнастыка, акрабатыка — гэта тое, чым я жыву.
— Ты займаешся ўжо амаль два гады. Памятаеш свае першыя крокі? Што было складана ці, наадварот, у цябе ўсё атрымлівалася лёгка?
— У студыю я прыйшла не зусім навічком. Да гэтага я ўжо садзілася на шпагат, была добрая расцяжка ног. А вось для таго, каб прыгожа зрабіць мосцік, перавароты, неабходна добрая пластыка спіны і плячэй. Над гэтым мне яшчэ трэба шмат працаваць.
— Анастасія, колькі нумароў у тваім рэпертуары? Сярод іх ёсць любімыя?
— У маім рэпертуары ўжо пяць нумароў. Акрабатычны эцюд на палотнах — гэта першы нумар, з якім я выступіла перад гледачамі. Над ім я працавала тры месяцы. Падабаецца мне таксама выступаць у парах. Увогуле, кожны нумар мае сваю адметнасць і непаўторнасць, кожны — любімы.
— Ты не баішся вышыні?
— На самой справе — баюся. Кожны раз перад тым, як выканаць нумар на палотнах, вельмі хвалююся. Аднак гэта нармальна для любога артыста. На мой погляд, калі ты не хвалюешся, не перажываеш за свой нумар, то ты ўжо не артыст.
— Нядаўна ты выступіла ў амплуа жанглёра. Колькі часу спатрэбілася, каб падрыхтаваць гэты нумар?
— Над ім я працавала год. Жанглірую я пакуль чатырма кольцамі. На працягу года рыхтаваўся і нумар са шклянкай з вадой.
Перад тым, як пачаць жангліраваць, я доўгі час вучылася трымаць рэч «на балансе»: палачку на далоні, на пальцы. Першапачаткова круціла абруч з бутэлькай. Пакуль адпрацавала нумар на выдатна, бутэлька падала разоў сорак. Пасля вучылася круціць абруч з пустой шклянкай, а затым і са шклянкай з вадой.
— Ты сочыш за спаборніцтвамі па гімнастыцы і акрабатыцы? Можа, ёсць свае куміры?
— За спаборніцтвамі не сачу, аднак кумір ёсць. Гэта вядомая гімнастка Ляйсан Уцяшава. А, увогуле, я раўняюся на Дашу Ёдчык, з якой займаюся ў студыі «Марсі». У час трэніровак, выступленняў на сцэне мы з ёй у некаторай ступені саперніцы. А ў звычайным жыцці — сяброўкі.
— Анастасія, захапленне акрабатыкай, што дало яно табе для асабістага росту?
— Я стала адчуваць сябе больш упэўнена, стала менш камплексаваць. Ды і характар стаў больш моцным.
— Амплуа фокусніка не жадаеш асвоіць?
— Працую і над гэтым. Аднак гэты від мастацтва даволі складаны. На адпрацоўку толькі аднаго фокуса патрэбны месяц. А яшчэ у гэтым жанры неабходны спрыт рук.
Цяпер працую над нумарам, дзе спрабую сябе ў ролі клаўнэсы. Гэта амплуа, на мой погляд, таксама дазволіць мне адкрыць новыя грані характару.
— Чым ты яшчэ захапляешся, акрамя акрабатыкі?
— Люблю маляваць. Пераважна — патрэты.
— Вандраваць любіш?
— Так, люблю. Ужо ўдалося пабываць на Чорным моры, некалькі разоў — на Кіпры. Там, дарэчы, я пазнаёмілася з прафесіянальнай гімнасткай, якая з’яўляецца маёй равесніцай. Калі казаць пра Кіпр, гэта вельмі прыгожае месца, мора там блакітнае-блакітнае.
Тры гады жыла ў Санкт-Пецярбургу.З яго адметнасцяў мяне вельмі ўразіў Зімовы палац. Ён вельмі прыгожы.
— Анастасія, мяркую, у цябе шмат сяброў, у тым ліку ў сацыяльных сетках?
— На сацыяльныя сеткі мне проста не хапае часу, паколькі я шмат трэніруюся, рыхтуюся да паступлення. Ды і падтрымліваць стасункі з сябрамі я люблю ў рэальнасці, а не праз інтэрнэт.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА