Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці праведзена праверка раённага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Саўгас “Лідскі” Лідскага раёна, у ходзе якой устаноўлены шматлікія парушэнні заканадаўства.
Так, у РСУП “Саўгас “Лідскі” выконваюцца будаўнічыя работы на аб’екце “Устаноўка вентыляцыйнага абсталявання на свінагадоўчым комплексе “Дворышча”, на рэалізацыю якога з абласнога бюджэту выдзелена пазыка ў памеры 1 млрд. рублёў. Пры гэтым у ходзе праверкі было ўстаноўлена завышэнне аб’ёмаў і кошту выкананых работ на суму 385,2 млн. рублёў.
Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці нагадвае суб’ектам гаспадарання, што ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 21.7 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях завышэнне заказчыкам кошту будаўніча-мантажных і іншых работ, затрат пры будаўніцтве, выкананых і вырабленых за кошт сродкаў бюджэту, караецца штрафам на фізічную асобу ў памеры ад дзесяці да сарака базавых велічыняў, а на юрыдычную асобу — у памеры да пяцідзесяці працэнтаў ад сумы завышэння.
Сёння не здадзены ў эксплуатацыю аб’ект “Рэканструкцыя бульбасховішча на 3000 тон з пашырэннем да 4000 тон у вёсцы Крыніцы Лідскага раёна з будаўніцтвам пад’язной дарогі”, работы былі пачаты ў кастрычніку 2013 года, а неабходна было іх завяршыць у ліпені 2014 года.
У час правядзення праверкі дадзенага прадпрыемства таксама былі ўстаноўлены парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, парушэнне парадку захоўвання лому і адходаў чорных металаў, парушэнні тэрмінаў выплаты заработнай платы, санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў.
За дапушчаныя парушэнні прадпрыемства прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў у суме 10,5 млн. рублёў.
А. ДАРОЖКА,
намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці