Навучэнка сярэдняй школы №3 горада Дзятлава Дар’я Волкава нядаўна стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу даследчых работ у секцыі ”Лінгвістыка”, узнагароджана дыпломам першай ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таксама яна атрымала Падзяку Федэрацыйнага агенцтва па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаваў “Россупрацоўніцтва”, дыплом за ўдзел у Х адкрытай Міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі маладых даследчыкаў “Адукацыя. Навука. Прафесія”, Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. Яе настаўніца і навуковы кіраўнік Святлана Уладзіміраўна Урбан узнагароджана граматай “за якасную падрыхтоўку ўдзельніка Х адкрытай Міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі маладых даследчыкаў “Адукацыя. Навука. Прафесія”.
Карэспандэнтка газеты пацікавілася, з чаго пачыналі паспяховую навуковую дзейнасць настаўніца і вучаніца.
— Упершыню мы прэзентавалі свой праект у Дзятлаве на IV адкрытай раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Старт у навуку”, дзе занялі першае месца. Вырашылі, што будзем выходзіць на абласны ўзровень. Падалі заяўку ў Гродна. Там работа прайшла рэцэнзію ў выкладчыкаў ГрДУ імя Я. Купалы і набрала 20 балаў з 20 магчымых. На абласным конкурсе даследчых работ “Крыштальная альфа” ў Гродне таксама сталі пераможцамі. Пакуль рыхтаваліся да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе, вырашылі яшчэ раз выпрабаваць свае сілы, выступілі на міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Самары. Выбралі дыстанцыйную абарону праекта па інтэрнэце. Зноў атрымалі ўзнагароды: грамату за якасную падрыхтоўку ўдзельніка і дыплом за ўдзел у Х адкрытай Міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі маладых даследчыкаў “Адукацыя. Навука. Прафесія”.
Перад рэспубліканскім этапам конкурсу крыху хваляваліся, бо Даша ехала ў Мінск адна на тры дні. Да выступлення падрыхтаваліся грунтоўна з выкарыстаннем навейшых інфармацыйных тэхналогій. І работа зноў была ацэнена максімальным балам. Але не варта думаць, што абараняць тэму было лёгка. У журы сядзелі спецыялісты лінгвістыкі: складальнік алімпіядных задачаў па рускай мове Барыс Норман, складальніца тэставых заданняў па рускай мове Алена Долбік, аўтары падручнікаў па рускай мове і літаратуры. Мы стараліся ўлічыць усе моманты: ведаючы, што работа змястоўная і цікавая, старанна падрыхтаваліся да відэапрэзентацыі, у якой адлюстравалі самае галоўнае. Важны быў і псіхалагічны настрой Дашы. Яна была гатова адказаць на любыя пытанні журы, я толькі перажывала, каб мая вучаніца не разгубілася і верыла ў свае сілы. Даша трымалася ўпэўнена — і стала лепшай.
— Святлана Уладзіміраўна, а калі склаўся ваш творчы тандэм?
— З Дар’яй працуем з 5 класа. На ўроку заўважыць яе сярод іншых вучняў было нескладана: Дашу выдавалі цікаўныя вочы, яна задавала шмат пытанняў, адказаць на якія адным словам было немагчыма. З 6 класа я стала класным кіраўніком Дашы, мы паглыблена займаліся рускай мовай і літаратурай, што дало плён. Мая вучаніца спачатку стала прызёрам, а пазней пераможцай раённых і абласных алімпіядаў па рускай мове. У 8 класе за поспехі ў вучобе Дар’я была ўзнагароджана дыпломам трэцяй ступені Упраўлення адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.
Варта зазначыць, што Даша запатрабавана і іншымі настаўнікамі-прадметнікамі, дэманструе высокія веды па ўсіх прадметах. За ўдзел у віктарыне “Усенародная барацьба ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі ў часы Вялікай Айчыннай вайны” Дар’я ўзнагароджана дыпломам першай ступені. Летась сярод навучэнцаў 8 класаў Даша перамагла ў раённым міжпрадметным марафоне “Інтэлектуал года-2015”. Гэта далёка не ўсе заслугі вучаніцы. Неаднаразова яе ўзнагароджвалі грашовымі прэміямі за веды. Дашына фатаграфія знаходзіцца на стэндзе нашай установы “Гонар школы”. Варта зазначыць, што паспяховасць Дар’і – гэта вынік плённай работы яе першай настаўніцы Таццяны Станіславаўны Шалеснай, цяперашніх яе настаўнікаў-прадметнікаў, ну, і вядома, вынік працаздольнасці і стараннасці самой дзяўчыны.
— Раскажыце пра вашу работу. Якія мэты вы перад сабой ставілі, аб чым даведаліся, працуючы над тэмай?
— Даша назірала за сваімі равеснікамі і заўважыла, што, размаўляючы паміж сабой, яны выкарыстоўваюць шмат выклічнікаў. Мы зацікавіліся, што гэта такое, ці варта выкарыстоўваць выклічнікі ў гутарковай мове. Так узнікла ідэя навукова-даследчай работы пад назвай “Функцыянаванне эмацыянальных выклічнікаў у творах рускай і беларускай класічнай літаратуры і сучаснай мове”. Спачатку мы прааналізавалі творы рускіх і беларускіх класікаў А. С. Пушкіна, М. В. Гогаля, А. П. Чэхава, Я. Купалы, А. А. Дударава – носьбітаў мовы 19-20 стагоддзяў. Аказалася, што яны часта асэнсавана выкарыстоўвалі ў літаратурнай мове выклічнікі з часткамі Бог і Гасподзь.
Пасля аналізу тэкстаў звярнуліся да жывых носьбітаў мовы, нашых сучаснікаў. Апыталі 407 чалавек, каб даведацца, якія выклічнікі яны найчасцей ужываюць у нарматыўнай паўсядзённай мове. Выкарыстоўвалі метад суцэльнай выбаркі, гэта значыць, з пытаннямі звярталіся да выпадковых прахожых, якіх сустракалі на вуліцах нашага горада. У носьбітаў рускай мовы зафіксавалі 153 выклічнікі, беларускай мовы – 27 выклічнікаў. Усіх апытаных з дапамогай узроставай перыядызацыі, якою карыстаюцца псіхолагі, падзялілі на ўзроставыя групы. Высветлілася, што самая багатая на выклічнікі мова падлеткаў 13-17 гадоў, прычым, большасць выкарыстоўваемых выклічнікаў засмечваюць іх мову. Таму ў сваёй рабоце сучаснікам Дар’я прапанавала карыстацца мілагучнымі заменамі: выклічнікі “супер, ваў, клас” памяняць на “выдатна, цудоўна”, часцей выкарыстоўваць выклічнікі з часкамі Бог і Гасподзь, такім чынам заклікаць на дапамогу божую сілу або дзякаваць Богу за ўдалыя справы. Мы тлумачылі, што ўменне гаварыць прыгожа і правільна – каштоўны дар, які дапамагае чалавеку дамагацца пастаўленых мэтаў. Калі людзі дасягаюць дабрабыту, наступны іх крок – да больш высокага сацыяльнага статусу. Добрыя манеры, прыгожая мова дапамагаюць дамагчыся высокіх вынікаў. Гэта мы даказвалі дарослым і равеснікам Дашы, працуючы над тэмай. Для падлеткаў падрыхтавалі каляровыя буклеты з рэкамендацыямі, якія выклічнікі варта выкарыстоўваць у мове, а якіх пазбягаць.
— Ці плануеце развіваць тэму?
— Так, цяпер назіраць будзем за носьбітамі польскай мовы, аналізаваць польскую літаратуру, збіраемся ездзіць у Польшчу, каб пачуць жывую гутарку палякаў.
— Тэма выклічнікаў непапулярная, чаму выбралі менавіта яе?
— Выклічнікі не вывучаны да канца, іх статус пакуль не вызначаны. Яны не прымыкаюць ні да самастойных, ні да службовых часцінаў мовы, але актыўна выкарыстоўваюцца ў маўленні. Мы высветлілі, што выклічнікі прыходзяць у нашу мову з папулярных кніжак і серыялаў. Аднак гэта не гаворыць аб тым, што іх варта актыўна ўжываць. Адным словам, тэма цікавая, малавывучаная, таму мы і вырашылі яе распрацоўваць.
— Як лічыце, у чым сакрэт вашых поспехаў?
— Такіх высокіх вынікаў мы дасягнулі не толькі дзякуючы плённай працы, але і моцнай маральнай падтрымцы з боку адміністрацыі школы, маіх калегаў, родных і блізкіх. Вельмі важнай была і матэрыяльная падтрымка, якую нам аказваў дырэктар школы Іван Збышкавіч Кібінь. Дарэчы, сярэдняя школа №3 — мая родная школа, бо я з’яўляюся яе выпускніцай. І прыкладам для пераймання мне заўжды былі Рыта Аляксандраўна Місцюкевіч, Лідзія Антонаўна Лябецкая, Алена Аляксандраўна Ляўковіч, Надзея Тадэўшаўна Юшкевіч, Анастасія Сямёнаўна Шалесная, Раіса Міхайлаўна Мялешка, Тамара Міхайлаўна Гармашук, Аляксандр Анатольевіч Ляўковіч, Ганна Мікалаеўна Лішык. Для мяне вялікі гонар працаваць поруч з імі, бо гэта сапраўдныя суперпрафісіяналы педагагічнай справы, у якіх я пастаянна вучуся.
Дарэчы, 2016 год можна лічыць спрыяльным, бо пачаўся ён з дзвюх перамогаў рэспубліканскага ўзроўню. Пра першую мы расказалі. Другая – перамога ў рэспубліканскім конкурсе праектаў дадатковай адукацыі.
Праграма аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст”, якое я курырую, удзельнікамі якога з’яўляюцца вучні нашай школы, заняла першае месца ў рэспубліцы, рэкамендавана ўсім педагогам і навучэнцам, якія вывучаюць журналісцкую справу як дадатковую дысцыпліну.
Але лепшая ўзнагарода для настаўніка, я лічу, — гэта перамогі яго вучняў, і гэту ўзнагароду я ўжо атрымала.
Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА