Фельчар і вясковы стараста

Падзеі

Медык і вясковы стараста — у гэтых дзвюх справах рэалізуе сябе Ганна Міхайлаўна Кувік. Як медык яна клапоціцца пра здароўе жыхароў вёскі Падвялікае, як стараста — дапамагае ў вырашэнні пытанняў, якія іх турбуюць. У першую чаргу гэта — добраўпарадкаванне вёскі, стан яе дарог.

Наколькі паспяхова атрымліваецца сумяшчаць работу і грамадскую дзейнасць — аб гэтым і многім іншым карэспандэнтка газеты гутарыла з  Ганнай Міхайлаўнай у час інтэрв’ю.

 — Ганна Міхайлаўна, колькі гадоў вы працуеце фельчарам, чаму менавіта медыцыну абралі сваёй справай жыцця?

— Фельчарам працую ўжо сорак адзін год. Родам я з Малой Волі, там жа і пачынала працаваць на ФАПе. Медыцынскую спецыяльнасць атрымала ў Слонімскім вучылішчы.

Прафесія медыка падабалася мне з дзяцінства. Натхніў абраць яе і прыклад фельчара, якая працавала ў нас на ФАПе, памятаю, што звалі яе Кацярына Аляксандраўна. Нават сваю дачку я назвала ў яе гонар. А, увогуле, у мяне двое дзяцей.

— Ганна Міхайлаўна, вы яшчэ і стараста вёскі Падвялікае. Мабыць, можаце патлумачыць, чаму ў яе такая назва?

— Пра гісторыю назвы вёскі ведаю з аповедаў свайго свёкра. Ён расказваў, што некалі людзі жылі на хутарах — Пронцаўшчына, Радомшчына, Ціхавая. Пасля пачалі перасяляцца бліжэй да Вялікага хутара — адсюль і назва вёскі. Па другой версіі, назва пайшла ад вялікага возера,  якое знаходзілася побач з населеным пунктам.
Калі я толькі пачынала працаваць на ФАПе ў вёсцы Падвялікае, на медыцынскім участку — гэта не толькі дадзены населены пункт, але і вёскі Скрундзі, Трахімавічы, Чарлёнка, Дубароўшчына, Пархуты, Гарадкі — было 930 чалавек, цяпер толькі толькі 230. Пераважна — пажылога ўзросту. Дзяцей вельмі мала, у мінулым годзе нарадзіліся толькі двое.

— Як дабіраецеся да аддаленых вёсак?

— На веласіпедзе, зімой — пешшу. Наведваю перш за ўсё сацыяльна-ненадзейныя сем’і, адзінокіх састарэлых людзей. Сярод іх шмат і доўгажыхароў, якім споўнілася ўжо больш за дзевяноста гадоў. Здзіўляешся  стойкасці іх духу, паколькі жыццё гэтых людзей было цяжкім, яны многае перажылі, у тым ліку і Вялікую Айчынную вайну. Менавіта з аповедаў вяскоўцаў я даведалася, што на могілках у вёсцы Падвялікае пахаваны партызан, якога немцы забілі ў час аблавы.

IMG_3674

— Колькі гадоў вы працуеце старастай вёскі Падвялікае?

— Ужо гадоў дзесяць. Калі я толькі прыехала жыць у Падвялікае пасля замужжа, тут было шмат людзей. Цяпер у вёсцы — 102 жыхары.

Некалі тут працавала школа, быў магазін. У будынку цяперашняга ФАПа размяшчаліся яшчэ і сельскі савет, пошта. У вёсцы быў клуб, дзейнічала кінаўстаноўка. Памятаю, што кінамеханікам працаваў Віктар Пятровіч Мазоль.

На пачатку 90-ых на сродкі вяскоўцаў у Падвялікім быў пабудаваны драўляны касцёл у гонар Маткі Боскай Анёльскай. Першую імшу ў ім служыў ксёндз  са Слоніма. У мінулым годзе на ахвяраванні прыхаджан у касцёле быў зроблены рамонт. Каля храма была ўстаноўлена фігура святога Юзафа. Яе падарылі бацькі цяперашняга настаяцеля парафіі касцёла — ксяндза Андрэя Пышынскага.

— Гісторыя вёскі — гэта жыццёвыя гісторыі яе жыхароў. Ганна Міхайлаўна, раскажыце крыху пра іх.

— Калі я толькі прыехала працаваць у Падвялікае, тут таксама было шмат моладзі. Амаль кожная сям’я — шматдзетная. Так, напрыклад, Генрых Станіслававіч і Марыя Сцяпанаўна Цынс выхавалі 12 дзяцей. Ядзвіга Уладзіміраўна Цынс — маці шасцёрых дзяцей, мае дванаццаць унукаў, чатырох праўнукаў. Трое дзяцей выхавалі Алена Мікалаеўна Ярош,  Святлана Станіславаўна Чорная ,  Людміла Дзмітрыеўна Кедук. Дарэчы,  яна працуе санітаркай на ФАПе.

Ёсць сярод вяскоўцаў і сямейныя пары, якія адсвяткавалі сваё залатое і брыльянтавае вяселле. 60 гадоў разам крочаць па жыцці Станіслава Алойзаўна і Часлаў Міхайлавіч Ярош, пяцьдзесят гадоў споўнілася сем’ям Яніны Уладзіславаўны і Георгія Міхайлавіча Пятліцкіх, Казіміра Алойзавіча і Ніны Іванаўны Томчыкаў, Антона Казіміравіча і Ніны Казіміраўны Гародкаў.

Шмат сярод жыхароў Падвялікага добрасумленных працаўнікоў, людзей, адданых сваёй  справе.  Гэта і Галіна Якаўлеўна Батура, Яўгенія Міхайлаўна Радомская — былыя настаўніцы, якія выкладалі ў пачатковых класаў Падвялікаўскай школы. У калгасе шмат гадоў  адпрацавалі Юлія Васільеўна Белуш, Марыя Іванаўна Скрундзь, сямейны падрад Леакадзіі Міхайлаўны і Васіля Іванавіча Кармазын. Працоўную дынастыю працягваюць Васіль Васільевіч Кармазын і Марыя Васільеўна Кузьміч.

Увогуле, пра кожнага з вяскоўцаў можна сказаць шмат добрых словаў. Лічу, што як старасце і проста чалавеку, які жыве ў гэтай вёсцы, мне пашанцавала з людзьмі. За тыя гады, якія я жыву тут, яны сталі для мяне сапраўды роднымі.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *