Новы праект рэалізаваны ў Гродне

Падзеі

У Гродне па вуліцы Савецкай, 25, у дзіцячым філіяле абласной бібліятэкі, адкрыўся першы ў Беларусі мультымедыйны цэнтр «Совушка», які мясцовыя работнікі ўжо назвалі «бібліятэкай будучыні». Разам з друкаванымі выданнямі тут сабраны інтэрактыўныя адукацыйныя гульні. У год цэнтр плануе прымаць да 3 тысяч дзяцей і дарослых.

«Совушка» прапаноўвае наведвальнікам 8 унікальных праграм-лабараторый: музыкі, мастацтва, навукі, навакольнага асяроддзя, тэхнікі і робататэхнікі, замежных моваў, крэатыўную лабараторыю Лега, спецыяльную лабараторыю для дзяцей.

2

3

4

5

6

У чым адметнасць праекта? У зале робататэхнікі, напрыклад, з лега, карыстаючыся наглядным малюнкам на экране, дзеці могуць збіраць розныя мадэлі тэхнікі (самалёт, верталёт, млын, ліфт). Калі заданне выканана правільна, спецыяльнае праграмнае забеспячэнне запусціць маторчык, і мадэль пачне рухацца. Такім чынам дзеці не толькі вучацца лагічна мысліць, канструяваць тэхніку, але і бачаць, як яна працуе.

У спецыяльнай лабараторыі для дзяцей праводзіць заняткі можна са школьнымі педагогамі. Тут прапаноўваюць скарыстацца медыятэкай інтэрактыўных гульняў, многія з якіх адпавядаюць раздзелам школьных падручнікаў для навучэнцаў пачатковых класаў. Яны дапамагаюць дзецям развівацца праз гульню. Напрыклад, вучні з дапамогай камп’ютара вучацца будаваць у віртуальнай рэальнасці заапаркі, бальніцы, дзіцячыя пляцоўкі. Таксама яны змогуць пісаць музыку, здымаць мультфільмы, вывучаць уздзеянне сонечнай, цеплавой, воднай энергіі, паўтараць правілы дарожнага руху.

Дарослых наведвальнікаў новая ўстанова можа прывабіць спецыяльнымі праграмамі для самастойнага вывучэння замежных моваў.

Дарэчы, па такім жа прынцыпе ў польскім горадзе Сувалкі з верасня 2015 года таксама працуе мультымедыяцэнтр. Тут з моманту адкрыцця пабылі звыш 4 тысяч чалавек. Абодва цэнтры (польскі і беларускі) ствараліся ў рамках праграмы трасмежнага супрацоўніцтва. Партнёрам Гродзенскай абласной бібліятэкі стала грамадская бібліятэка імя Марыі Канапніцкай. Усяго ў суседняй Польшчы налічваецца звыш дзесяці такіх цэнтраў.

Па матэрыялах абласнога друку падрыхтавала І. ЛЕАНІДАВА

Фота: Гродненская региональная газета «Перспектива»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *