Калі спявае душа

Падзеі

У тройку пераможцаў раённага этапу конкурсу «Новыя імёны Беларусі-2016» , які праводзіцца з ініцыятывы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, увайшла Ала Чарняўская — самадзейная артыстка, культарганізатар сектара па рабоце з моладдзю, удзельніца групы «Бархат» пры Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Сустрэўшыся з ёю, карэспандэнтка газеты папрасіла адказаць на пытанні, якія датычацца творчасці, захапленняў і мараў.

ВЫТОКІ, ПЕСНІ І ВЕРА Ў СЯБЕ

— Ала, напачатку раскажыце крыху пра сябе.

— Я нарадзілася ў вёсцы Лявонавічы. Пазней сям’я пераехала ў Таркачы.

Талент мне дастаўся ў спадчыну ад таты — Уладзіміра Міхайлавіча Шутава, якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. Ён быў музыкантам, іграў на многіх інструментах, з’яўляўся кіраўніком некалькіх вакальна-інструментальных групаў.

Татавы карані — на Украіне. Прафесійную музычную адукацыю ён атрымаў у Харкаўскім вучылішчы. Калі тата быў жывы, мы часта ездзілі на яго радзіму, да бабулі — Матроны Іосіфаўны. Тата расказваў, што яна была пеўчай у царкоўным хоры. Добра спяваў і мой дзядуля. На жаль, я мала што пра яго ведаю: толькі тое, што ён ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, быў цяжка паранены, рана памёр. А яшчэ — што ён быў цыганом.

Выдатна спявае ў мяне і мама. Яна працуе ў Таркачоўскай школе, выкладае беларускую мову і літаратуру. У свой час мама была ўдзельніцай вакальнай групы «Беларусачка», якая дзейнічала пры Таркачоўскім доме культуры. Музычным талентам валодае і мой сын Улад.

— Ала, вы памятаеце свой першы выхад на вялікую сцэну?

— Я тады вучылася ў школе. Памятаю, што тата рыхтаваў мяне да конкурсу. Я выконвала песню «Што табе сніцца, крэйсер Аўрора». Акампаніравала мне інструментальная група. У час рэпетыцый тата часта рабіў мне заўвагі. Я крыўдзілася, не магла зразумець, чаму, за што. Мне здавалася, што ў мяне ўсё атрымліваецца добра.

— Я так разумею, што пасля заканчэння школы вы паступілі вучыцца  па творчай спецыяльнасці?

— Не. Пасля заканчэння школы я паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум, атрымала спецыяльнасць таваразнаўцы. Аднак працаваць пайшла ў Таркачоўскі дом культуры. Пасля па накіраванні паступіла ў Мінскі інстытут культуры, дзе атрымала спецыяльнасць культарганізатара культурна-дасугавай дзейнасці.

— Як вакаліст, якія творы вы больш за ўсё любіце выконваць?

— Я па характары даволі вясёлы чалавек, аптыміст, менавіта таму мне падабаюцца яркія, мажорныя песні. Яны складаюць аснову майго рэпертуару. Аднак для конкурсу «Новыя імёны Беларусі» я вырашыла паспрабаваць сябе ў новым амплуа, выканаць больш лірычную песню, з яе дапамогай перадаць свой унутраны настрой. Мяркую, гэта ў мяне атрымалася. Садзейнічалі таму і парады маіх калегаў, а таксама іншых удзельнікаў конкурсу. У прыватнасці — Мікалая Райко, які незадоўга перад маім выхадам на сцэну даў параду заўжды верыць у сябе. І тады абавязкова ўсё атрымаецца.

— Ала, а ці ёсць у вас кумір?

— Куміра ў поўным сэнсе гэтага слова ў  мяне няма. Цяпер мне падабаецца творчасць  маладых зорак эстрады — Ірыны Дубцовай, Славы, Паліны Гагарынай. У іх выдатныя вакальныя дадзеныя, песні. Аднак, выконваючы той ці іншы твор, я кіруюся сваім бачаннем песні, спяваю так, як я яе адчуваю.

IMG_3110a

СПОРТ, ПРЫГАЖОСЦЬ І МАРЫ ПРА МОРА

— Ала, вы заўжды выдатна выглядаеце. Скажыце, калі ласка, што дазваляе вам трымаць сябе ў такой добрай форме?

—  На мой погляд, любы чалавек можа падтрымліваць сябе ў тонусе дзякуючы здароваму ладу жыцця. А, увогуле, з дзяцінства я захапляюся спортам. У школьныя гады ўдзельнічала ў многіх спаборніцтвах, паказвала някепскія вынікі.

Цяпер наведваю трэнажорную залу «Спорт і прыгажосць». Таксама я з’яўляюся кіраўніком гуртка сцэнічнай пластыкі, які працуе пры цэнтры культуры. Гурток уключае комплекс заняткаў, якія дазваляюць жанчынам падтрымліваць сябе ў выдатнай форме. Гэта і элементы ўсходняга танца, стэпаэробіка, зумбафітнэс — спартыўныя трэніроўкі пад танцавальную музыку і з элементамі танцаў, той жа румбы, самбы.

— Ала, вы рознабакова развіты чалавек. А чаму б яшчэ хацелі навучыцца?

— У свой час я наведвала курсы па саломапляценні. Мне гэта спадабалася. І цяпер саломапляценне — тая аддушына, якая дазваляе мне адпачыць. На жаль, на удасканаленне  свайго майстэрства ў мяне проста не хапае часу.

— Ці любіце вы падарожнічаць?

— Так, люблю. Некалькі разоў была ў Пецярбургу. Упершыню — у школьныя гады. Як і кожнага, хто быў у гэтым горадзе, мяне ўразілі яго белыя ночы, развадныя масты над Нявой.

У дзяцінстве таксама пашчасціла з’ездзіць на мора. Я тады адпачывала ў санаторыі «Ласпі» каля Ялты. У мора  кінула манеткі, загадала жаданне вярнуцца туды яшчэ раз. Цяпер гэта мая мара.

Падабаецца падарожнічаць і па беларускіх гарадах. Вельмі люблю Мінск — яго рытм жыцця. Яно не стаіць на месцы. Гэта адпавядае майму светаадчуванню, паколькі жыццё для мяне — гэта пастаянны рух наперад.

— Гэта ваш дэвіз?

—Так. Лічу, што сэнс жыцця ў тым, каб пастаянна «расці» — у творчым і асабістым планах, самаўдасканальвацца.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *