22-23 студзеня за “Залатую шайбу” ў раённых спаборніцтвах па хакеі пазмагаліся хакеісты малодшай узроставай групы. Тут роўных не было камандзе школы №1 горада Дзятлава. У фінале яны “ўсухую” перамаглі землякоў з дзятлаўскай школы №3. Лепшым бамбардзірам гульні з вынікам 6 закінутых шайбаў стаў Дзмітрый Касцюк, хакеіст каманды-пераможцы спаборніцтваў.
— Радуе той факт, што ўсе ўдзельнікі “Залатой шайбы” ў малодшай узроставай групе (вучні 5-8 класаў – аўт.) ужо ўпэўнена стаяць на каньках, – заўважыў галоўны суддзя спаборніцтваў Дзмітрый Ёда.
Аднак для перамогі ў спаборніцтвах трэба не толькі ўпэўнена катацца, але і забіваць шайбы. Зборная Казлоўшчынскай сярэдняй школы, двойчы саступіўшы ў сваёй групе (гімназіі №1 горада Дзятлава і сярэдняй школе №3) заняла толькі 5-ы радок у выніковай табліцы. Атрымаўшы адну перамогу і правёўшы ўнічыю гульню з пераможцамі спаборніцтваў, каманда гімназіі паспяхова пазмагалася за прызавое 3-е месца, чацвёртымі сталі юныя хакеісты з Наваельнянскай сярэдняй школы.
Фінальны матч, дзе сустрэліся дзве дзятлаўскія каманды, завяршыўся перамогай з лікам 4:0 на карысць зборнай школы №1 горада Дзятлава. Каманда ўпершыню стала пераможцай “Залатой шайбы” ў малодшай групе. Хакеісты школы №3 горада Дзятлава пасля пяцігадовага перыяду без “золата” зноў сталі толькі віцэ-чэмпіёнамі турніру.
На дзятлаўскім лёдзе адбыўся таксама таварыскі матч зборных Дзятлава і Слоніма, гэта першая такая сустрэча, пачынаючы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Асноўны час гульні завяршыўся з лікам 1:1, па булітах перамогу атрымалі нашы суседзі са Слоніма. Дзятлаўскія арганізатары матча спадзяюцца, што таварыскія сустрэчы хакейных дружын раёнаў у будучым стануць рэгулярнымі.
Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара