Як прадухіліць інфаркт

Падзеі

Інфаркт міякарда — гэта паражэнне сардэчнай мышцы, выкліканае вострым парушэннем яе кровазабеспячэння з-за трамбозу адной з артэрый сэрца атэрасклератычнай бляшкай.

Існуюць некаторыя прыкметы інфаркту.

Моцны боль за грудзінай. Ён можа распаўсюджвацца на левую руку, плячо, левую палову шыі. Часта прыступ суправаджаецца пачуццём страху. Прыём нітрагліцэрыну не знімае боль.

Прыступ можа ўзнікнуць без відавочных прычын, боль працягваецца ад 15 хвілін да некалькіх гадзін.

Пры наяўнасці гэтых прыкмет трэба тэрмінова выклікаць хуткую дапамогу, а да яе прыезду з 15-хвілінным інтэрвалам прымаць таблеткі нітрагліцэрыну (0,5 міліграмаў), але не больш за тры разы, каб пазбегнуць рэзкага падзення ціску. Таксама трэба разжаваць таблетку аспірыну  (150-250 міліграмаў).

Калі без усякай фізічнай нагрузкі ўзнікае моцная задышка, праяўляюцца млоснаць, ваніты, моцная патлівасць, пачашчанае сэрцабіццё, трэба звярнуць увагу на сваё здароўе. Інфаркту міякарда часам папярэднічае прыступ стэнакардыі. Вельмі важна памятаць, што інфаркт можа з’явіцца нечакана, без усялякіх прадвеснікаў.

Сярод фактараў рызыкі інфаркту міякарда ёсць такія, на якія мы паўплываць не можам, гэта: мужчынскі пол (жанчын да пэўнага ўзросту абараняюць іх палавыя гармоны), узрост больш за 65 гадоў.

Другая група фактараў рызыкі — курэнне, гіпертанія, павышаны ўзровень халестэрыну і глюкозы, гіпадынамія, лішняя вага.

Нікацін пагаршае стан сасудаў. Чым больш вы курыце, тым вышэй рызыка ішэмічнай хваробы сэрца і інфаркту міякарда.

Сачыце за сваім артэрыяльным ціскам.

Ведаць свой узровень халестэрыну гэтак жа неабходна, як і артэрыяльны ціск. Калі лічбы перавышаюць норму, зрабіце разгорнуты аналіз — ліпідаграму. Гэта дапаможа доктару падабраць лекі.

Каб даведацца, ці ў норме ваш вага, дастаткова вызначыць акружнасць таліі. У жанчын яна павінна быць менш за 80 сантыметраў, у мужчын — не больш за 94.

Памятка пацыенту

Пагрозу паўторнага інфаркту ўзмацняюць чатыры асноўныя фактары: атэрасклероз, павышаны артэрыяльны ціск, павышаная згусальнасць крыві і парушэнні вугляводнага абмену. Стрымаць гэтыя фактары рызыкі можна толькі з дапамогай правільна падабранай лекавай тэрапіі.

Каб затармазіць далейшае развіццё атэрасклерозу, важна прадухіліць з’яўленне тлушчавых бляшак у сасудах.

Мяняць дазіроўку прэпаратаў па ўласным меркаванні нельга. Калі з’явіліся нейкія праблемы, курс лячэння адкарэктуе доктар.

В. Літвін,

доктар-кардыёлаг Дзятлаўскай ЦРБ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *