З мэтай аператыўнага выяўлення і спынення парушэнняў, забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці сумесна з органамі санітарнага нагляду праводзіліся пазапланавыя праверкі ў гандлёвых арганізацыях Гродзенскай вобласці. Нягледзячы на шырокае асвятленне інфармацыі аб выяўленых парушэннях праз СМІ, на папярэджанні суб’ектаў гаспадарання ўзмацніць кантроль за выкананнем заканадаўства ў святочныя дні, факты парушэння правілаў гандлю, санітарных нормаў і правілаў мелі месца ва ўсіх правераных арганізацыях.
Так, у ходзе праверкі магазіна буйной гандлёвай сеткі напярэдадні праваслаўных калядных святаў Камітэтам сумесна з органамі санітарнага нагляду былі ўстаноўлены грубыя парушэнні санітарных нормаў і правілаў, факты рэалізацыі тавару пасля заканчэння тэрміну яго прыдатнасці, захоўванне пратэрмінаванай сыравіны для падрыхтоўкі прадукцыі ўласнай вытворчасці, тавар без маркіроўкі, адсутнасць аформленых ва ўстаноўленым парадку цэннікаў, рэалізацыя тавару з недакладнай інфармацыяй аб тэрміне прыдатнасці.
У ходзе праверкі былі ўзяты пробы на адпаведнасць патрабаванням гігіенічнага нарматыву “Паказчыкі бяспекі і бясшкоднасці для чалавека харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў”. 5 з 10 узятых пробаў не прайшлі на адпаведнасць мікрабіялагічным паказчыкам. Аператыўна, для прадухілення пагрозы здароўю грамадзян, было вынесена прадпісанне аб прыпыненні дзейнасці аддзела кулінарыі дадзенага гандлёвага аб’екта. Прадукцыя была знята з рэалізацыі, адміністрацыі гандлёвага аб’екта было ўказана на недапушчэнне такіх фактаў у далейшым. Службовыя асобы, адказныя за выкананне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб абароне правоў спажыўцоў, а таксама санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за выяўленыя парушэнні. Кантрольныя мерапрыемствы будуць працягнуты.
А. САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці