Аксана Віктараўна Роўба — педагог-арганізатар Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, класны кіраўнік 10 класа. На рахунку настаўніцы і яе вучняў — паспяховы ўдзел у творчых конкурсах, праектах, калектыўныя справы, сумесныя паездкі і экскурсіі, працоўныя дэсанты. Школьныя будні ў Вензаўцы цікавыя і разнастайныя. Адкуль жа педагог-арганізатар чэрпае новыя ідэі?
Па словах Аксаны Віктараўны, працаваць творча і натхнёна ёй дапамагаюць любоў да педагагічнай справы, дзеці і пачуццё гумару. Тое, што гумар натхняе, настаўніца і вучні пераканаліся некалькі гадоў таму, калі ў Вензавецкай школе была сабрана каманда ўдзельнікаў клуба вясёлых і знаходлівых. У склад яе ўвайшлі не толькі цяперашнія дзесяцікласнікі. Справа ў тым, што Вензавецкая школа небагатая на хлопчыкаў — іх запрашалі ў каманду і з іншых класаў. Цяпер гумарысты з «Магніта» — гэта сем прывабных, арыгінальных, хуткіх на жарты і вострых на язычок мясцовых школьнікаў. Пра сябе яны расказваюць так:
— Наш лідар-гумарыст — бравы і вясёлы капітан Ігар Крывулька, на ім трымаецца ўся гульня, ён шмат жартуе на сцэне.
Наступнага члена каманды, Дзмітрыя Жука, у Гродне ў час апошняга выступлення «Магніта» абласное журы назвала «будучым стэндаперам». Стэндапер — гэта артыст КВЗ, які ў час гульні звяртаецца да гледачоў у зале, размаўляе з імі на актуальныя тэмы, востра жартуе. Жарты ў такога чалавека нараджаюцца літаральна пры размове.
Трэці прадстаўнік моцнай паловы ў «Магніце» — гэта Дзмітрый Жамойдзік. У жыцці Дзіма даволі сціплы, а сцэна дапамагае яму раскрыцца, на сцэне ён — вясёлы жартаўнік.
Яна Мармыш — іскрынка каманды, актыўная, кемівая, на сцэне адчувае сябе, як рыба ў вадзе. У Яны — яркі, адметны голас, на ёй — вакальныя партыі.
Аляксандра і Наталля Мілевічы (сёстры-блізняты), яны нібы дзве палавінкі душы каманды, умеюць натхніць і маральна падтрымаць сваіх сяброў. Дзяўчаты — актыўныя ўдзельніцы ўсіх школьных мерапрыемстваў, вясёлыя, пластычныя, артыстычныя.
Юлія Валанцэвіч — інтэлектуал, алімпіядніца, надзейная апора каманды. Яна адказная, а таму кантралюе ход гульні. Дзякуючы Юлі, на сцэне своечасова з’яўляюцца неабходныя дэкарацыі, Юля сочыць, каб ніхто з удзельнікаў каманды нічога не забыўся пры выступленні. Менавіта Юлія Валанцэвіч і падала ідэю цяперашняй назвы нашай каманды — «Магніт». Усе ведаюць, што магніт — гэта руда, якая валодае ўласцівасцю прыцягваць жалезныя або стальныя рэчы. А наша каманда «Магніт» прыцягвае ўвагу гледачоў у зале, літаральна прымагнічвае іх да сябе жартамі і гумарам.
Варта зазначыць, што магнітызм вензавецкай каманды павялічваецца з кожным годам. На раённым фестывалі клуба вясёлых і знаходлівых-2014 журы адзначала арыгінальнасць жартаў вензавецкіх школьнікаў, іх уменне трымацца на сцэне, аднак тады камандзе не ўдалося ўвайсці ў тройку лідараў. Затое мінулы 2015 год быў паспяховы для «Магніта». Каманда стала раённай пераможцай, прымусіўшы журы да слёз смяяцца з жартаў. Узяўшы ўдалы старт на раённай сцэне, «Магніт» не перастае радаваць гледачоў і прыемна ўражваць журы. У лістападзе 2015 года вензавецкія гумарысты паспяхова выступілі ў Гродне, дзе з імі сапернічалі 16 каманд КВЗ з іншых раёнаў нашай вобласці. Разам з яшчэ пяццю не менш паспяховымі камандамі «Магніт» выйшаў у абласны фінал фестывалю клуба вясёлых і знаходлівых і цяпер актыўна рыхтуецца да чарговага выступлення, якое павінна адбыцца напачатку сакавіка 2016 года.
У час фінальнага выступлення каманды-ўдзельніцы павінны будуць не толькі прадэманстраваць хатняе заданне, але і паказаць сябе ў размінцы і музычным фрыстайле. Гэта значыць, давядзецца падрыхтаваць арыгінальныя пытанні для сапернікаў, самім быць гатовымі да жартоўных адказаў. Тут вельмі дарэчы будзе талент стэндапера Дзмітрыя Жука, адметны голас Яны Мармыш, ды і астатнім удзельнікам «Магніта» давядзецца максімальна сабрацца, каб набраць як мага большую колькасць балаў. Аднак гумарысты настроены па-баявому. Дарэчы, яны расказалі, што самыя смешныя жарты звычайна нараджаюцца ў іх у час урокаў, сумесных паходаў на прыроду ці на каток і нават выступленняў на сцэне. Усе камічныя сітуацыі абавязкова адразу ж каментуюцца школьнікамі. Самыя арыгінальныя выказванні пазней застаецца толькі «адшліфаваць» і ўпісаць у сцэнарый выступлення.
Карэспандэнтка газеты папрасіла вензавецкіх школьнікаў расказаць некалькі жартаў, якія найбольш падабаюцца гледачам, калі гучаць у іх выкананні са сцэны. Вось што запісала:
— Мая дзяўчына заўжды вельмі моцна падводзіць вочы сваёю знешнасцю.
— Чаму, калі ў дзяцінстве хочацца ў туалет, ты заўжды ў камбінезоне?
— У цемры лысы хлопчык вельмі падобны на лысую дзяўчынку.
— Замкнуўшы настаўніка фізкультуры ў кабінеце, вучні пачулі шмат словаў іншамоўнага паходжання.
Вензавецкія школьнікі прызнаюцца, што сцэна заўжды іх вабіць, і гэта тычыцца не толькі выступленняў у клубе вясёлых і знаходлівых. На рахунку навучэнцаў шэраг перамогаў у творчых конкурсах рознага ўзроўню. Сярод іх — першае месца ў вобласці, трэцяе — у рэспубліцы ў намінацыі «Піянер — прыклад для ўсіх» рэспубліканскага конкурсу «Запалі вогнішча дабрыні». А леташняе выступленне агітбрыгады Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы ў рамках раённага праекта «Нам даверана памяць» да глыбіні душы ўразіла ўсіх, каму давялося яго пабачыць, стала часткай праграмы многіх раённых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Напрыканцы сустрэчы цікаўлюся, што дапамагае быць паспяховымі і папулярнымі ў гледачоў, і чую ў адказ:
— Па-першае, сяброўства, старанне, творчасць. Па-другое, правільны настрой і дэвіз: «Пераможа той, хто верыць у перамогу, і верыць да канца!»
І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА