Дарога маладых

Падзеі

Па словах дырэктара Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ганны Іванаўны Франюк, калектыў тут працуе зладжаны, творчы, працаздольны. Ад вопытных старэйшых калегаў стараюцца не адставаць маладыя настаўнікі. Яны, як лічыць кіраўнік, — актыўныя, крэатыўныя, ініцыятыўныя, і гэтыя якасці стараюцца прывіваць навучэнцам.

Ці падабаецца моладзі працаваць у сельскай школе? Якія творчыя праекты педагогі рэалізоўваюць разам са сваімі вучнямі? Ці збіраюцца і надалей застацца ў складзе калектыву ўстановы? З такімі пытаннямі да маладых настаўнікаў звярнулася карэспандэнтка газеты.

Сяргей Міхайлавіч Карнэлік

Сяргей Міхайлавіч Карнэлік, настаўнік фізічнай культуры і здароўя:

— Я — ураджэнец вёскі Белякі. Скончыў факультэт фізічнай культуры і здароўя ГрДУ імя Я. Купалы. Паступаў па мэтавым накіраванні, таму вярнуўся ў раён. Працаваць пачаў у Казлоўшчынскім дзіцячым садзе, але ўжо ў верасні мяне перавялі сюды. У Вензаўцы настаўнічаю чацвёрты год, і мне тут падабаецца. Калектыў добразычлівы, дружны, калі ўзнікаюць цяжкасці, прыходзяць на дапамогу. На базе нашай установы працуе «Школа маладога настаўніка», якую курыруе выдатнік адукацыі, педагог са шматгадовым стажам, Чалавек і Настаўнік з вялікай літары — Людміла Канстанцінаўна Грэйня. Заняткі тут дапамагаюць маладым расці прафесійна.

На сваіх уроках я стараюся выкарыстоўваць розныя метады работы, каб зацікавіць вучняў, прывіць ім любоў да спорту і здаровага ладу жыцця. Тлумачу дзецям, што толькі здаровы чалавек можа дасягнуць высокіх вынікаў у любой сферы дзейнасці. Каб яшэ больш захапіць навучэнцаў спортам, мы з маладымі педагогамі ладзім турніры па валейболе, дзе каманда настаўнікаў гуляе супраць каманды вучняў. І дзеці, і дарослыя атрымліваюць вялікае задавальненне ад такіх сустрэчаў. У маіх працоўных планах — стварыць і выкарыстоўваць у рабоце ўласны электронны падручнік па фізічнай культуры, дакладней — па адным з відаў спорту. Магчыма, гэта будзе лёгкая атлетыка, якая з’яўляецца маёй спецыялізацыяй. Пэўныя відэанапрацоўкі я ўжо сабраў, спадзяюся, усё атрымаецца.

Планую прадаўжаць працаваць тут, у Вензаўцы. Праўда, кватэру наймаю ў Дзятлаве, але кожную раніцу езджу на работу на школьным аўтобусе. Мяркую, любому маладому настаўніку найлепш пачынаць свой працоўны шлях менавіта ў сельскай школе: тут класы значна меньшыя, і на ўроку педагог паспявае папрацаваць з кожным вучням. Дарэчы, настаўнікі, якія працуюць у сельскай мясцовасці, атрымліваюць грашовую даплату — гэта таксама стымулюе. Таму вёсак і аграгарадкоў баяцца не варта.

Кацярына Валер'еўна Латушка

Кацярына Валер’еўна Латушка, настаўніца інфарматыкі:

— Я з вёскі Белякі. Скончыла Навагрудскі дзяржаўны эканамічны каледж па спецыяльнасці «банкаўская справа», але зразумела, што гэта — не маё. Цяпер вучуся завочна на эканамічным аддзяленні Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Курс навучання — скарочаны, таму спадзяюся ў хуткім часе перакваліфікавацца на настаўніцу. У Вензавецкую школу пяць гадоў таму мяне запрасілі на вакансію сакратара. Калі ўбачылі, што добра валодаю камп’ютарам, прапанавалі паспрабаваць сябе і ў ролі настаўніцы інфарматыкі. Не шкадую, што згадзілася. Працуючы за камп’ютарам, заўсёды маю магчымасць для самаадукацыі, пошуку неабходнай інфармацыі. Дзяцей таксама вучу выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы і спецыялізаваныя праграмы для павышэння ўзроўню ведаў: у наша стагоддзе інфармацыйных тэхналогій гэта асабліва актуальна, не хочацца, каб вясковыя дзеці саступалі па веданні камп’ютара гарадскім. У мяне ёсць шэраг цікавых задумак, якія збіраюся ажыццявіць.

Летась разам з настаўніцай беларускай мовы Святланай Міхайлаўнай Жадзейка распрацавалі блог-праект «Язык мой — вораг ці сябар?», скіраваны на барацьбу з брыдкімі словамі. З гэтым праектам дайшлі да заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт.» Прызёрамі не сталі, атрымалі толькі сертыфікат удзельнікаў. Аднак для мяне і нашай установы — гэта поспех, тым больш — з першай спробы.

Сёлета хочацца адолець і гэтую вяршыню: працую над уласным блог-праектам «На шляху да фінансавай адукаванасці і эканамічнай культуры». Пры дапамозе аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама ў рамках праекта са школьнікамі Дзятлаўшчыны правяла анлайн-гульню «FinGramGame», вынікі якой ужо падведзены. Мой праект перамог на раённым этапе конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» у намінацыі «Праектна-даследніцкая дзейнасць», удзельнічае ў завочным абласным этапе, спадзяюся трапіць і на рэспубліканскі.

Як бачыце, баяцца сельскіх школаў маладым спецыялістам не варта, тут шмат магчымасцяў для самарэалізацыі, ёсць такія «бонусы», як уважлівы, добразычлівы калектыў і дружныя вучні.

Алена Іванаўна Шымко

Алена Іванаўна Шымко, настаўніца фізікі:

— Я выпускніца Вензавецкай школы, і вельмі рада, што пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна трапіла сюды працаваць. Праўда, спачатку была крыху засмучана, бо разлічвала працаваць настаўніцай матэматыкі, а выкладаю фізіку (гэта мая дадатковая спецыяльнасць). Аднак адпрацаваўшы паўтара года, зразумела, што фізіка мне падабаецца намнога больш. На сваіх уроках стараюся выкарыстоўваць прэзентацыі, відэастужкі, інфармацыйныя тэхналогіі, дэманстрацыйны матэрыял, каб вучням было цікава і зразумела. Бачу, што дзеці стараюцца вучыцца, таму ў наступным навучальным годзе планую арганізаваць работу факультатыва або гуртка па фізіцы.

Працаваць у роднай школе вельмі падабаецца, бо побач са мною — настаўнікі, якіх ведаю з дзяцінства, усё тут роднае і блізкае. Школа наша невялікая, дружная.

Я не толькі настаўніца фізікі, а і класны кіраўнік 5 класа. Разам з децьмі мы пачалі рэалізоўваць праект пад назвай «Лічбы ў маёй сям’і». Працуючы над праектам, паспрабуем даказаць, што лічбы з’яўляюцца не выпадковымі ў нашым жыцці, што паміж імі ёсць пэўная заканамернасць. Наша работа будзе працягвацца два гады, спадзяюся, за гэты час мы даведаемся шмат цікавага пра лічбы.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *