Служба сясцёр міласэрнасці з’яўляецца ў многім візітнай карткай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Створана яна для аказання медыка-сацыяльнай дапамогі найбольш неабароненым групам насельніцтва — людзям з абмежаванымі магчымасцямі, адзінокім састарэлым грамадзянам. І невыпадкова гэтая задача ўскладзена менавіта на сясцёр міласэрнасці. Сэнс назвы нібыта нагадвае чалавеку, які знаходзіцца на абслугоўванні, што побач з ім — блізкія і амаль родныя людзі, гатовыя заўжды прыйсці на дапамогу і проста выслухаць.
— Адзінота — выпрабаванне не з лёгкіх. Для састарэлага чалавека гэтая ноша ўдвая цяжэйшая, — гаворыць Вольга Васільева, сястра міласэрнасці Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. — Па сваім вопыце як сястры міласэрнасці, і як сацыяльнага работніка ў мінулым, ведаю, што для адзінокіх састарэлых людзей вельмі важна, каб з імі проста пагутарылі, выслухалі іх.
Участак, які абслугоўвае Вольга, — гэта Казлоўшчына і некалькі вёсак Казлоўшчынскага сельсавета. На абслугоўванні жанчыны — сем чалавек, двое з іх — ляжачыя. Вольга наведвае іх штодзённа, астатніх — праз дзень.
Уборка ў хаце, прыгатаванне ежы, пакупка прадуктаў, санітарна-гігіенічная дапамога хворым людзям, — усё гэта ўваходзіць у абавязкі жанчыны, якая працуе на добраахвотных асновах.
— Работа з адзінокімі састарэлымі людзьмі — не з лёгкіх. У кожнага свой характар, свой погляд на свет, аднак за іх плячыма — пражытае жыццё, назапашаны вопыт, — разважае Вольга. — У іх ёсць чаму павучыцца, і таму да старасці варта ставіцца з павагай, мы ж таксама калісьці будзем старымі.
За той час, які я працую сястрой міласэрнасці Чырвонага Крыжа, мае падапечныя ставяцца да мяне як да роднай дачкі. Заўжды чакаюць майго прыходу. А я ў сваю чаргу вельмі рада, што магу дапамагаць гэтым людзям.
Разам з Вольгай сястрой міласэрнасці ў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа працуе і Аляксандра Варашыліна. Яна абслугоўвае сем чалавек, якія жывуць у Дзятлаве.
— Усе яны — выдатныя людзі, — зазначае Аляксандра.— У кожнага з іх — свая жыццёвая дарога. Іх цікава паслухаць. І калі я часам сумую, яны падбадзёрваюць мяне, раючы «не раскісаць» і ніколі не апускаць рукі.
— Аказанне медыцынскай і сацыяльнай дапамогі адзінокім хворым і састарэлым людзям, — задача вельмі складаная, аднак вельмі неабходная, — зазначае Галіна Касцюк, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. — І невыпадкова яна ўскладзена на сясцёр міласэрнасці — гэта прафесія, якая знаходзіцца на стыку аховы здароўя і сацыяльнай абароны.
Патлумачу і тое, што не кожны чалавек можа стаць падапечным гэтай службы. На даму сёстры міласэрнасці наведваюць адзінокіх хворых людзей або тых, у каго ёсць родныя, якія жывуць далёка або па аб’ектыўных прычынах не могуць іх наведваць. Такія звесткі павінны быць дакументальна пацверджаны. І перш чым чалавек становіцца падапечным , запаўняецца адпаведная рэгістрацыйная картка, у якой ўказваецца дыягназ чалавека. Дадзеныя медыцынскія звесткі дае ўчастковы тэрапеўт.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК