Роздум аб культуры людзей

Падзеі

Дзятлаўшчына сёлета сустракала абласное свята «Дажынкі», і многае ў нас памянялася да лепшага. Люблю гуляць па адноўленым горадзе і радавацца разам з іншымі гараджанамі.

У дзятлаўскім парку з’явіліся дзіцячы гарадок і новыя прыгожыя лаўкі, кожная з якіх адметная па-свойму, ходзіш тут, любуешся, як у музеі. Душа радуецца, калі бачыш адноўленыя вуліцы і будынкі, новы мост.

Аднак варта закрануць і іншую тэму, як кажуць, убачыць адваротны бок медаля. Зроблена сапраўды шмат добрага, але ж гэта трэба зберагчы. Ужо з’яўляюцца пад дрэвамі пустыя бутэлькі, а вакол дэкаратыўных лавак — акуркі. Так і да з’яўлення мяхоў са смеццем недалёка: закідаюць раку і сажалку, як гэта здаралася раней. Калі разумееш гэта, ужо не да радасці. Хочацца звярнуцца да людзей, якія дазваляюць сабе смеціць у родным горадзе:

— Апамятайцеся, вы ж тут нарадзіліся. Зямля ў нас адна — на ёй жыць нашым дзецям і ўнукам!

Калі ўжо разважаць аб чысціні і парадку, варта закрануць яшчэ адну праблему. Са шматкватэрных дамоў смецце забіраюць машыны. Не паспяваюць камунальнікі ад’ехаць, як праз хвілін 15-20 знаходзяцца жадаючыя прынесці пакет з адходамі да скрыняў для другаснай сыравіны. Раніцай такіх мяхоў стаіць ужо некалькі, і ля іх паспелі пагаспадарыць жывёліны — відовішча не самае прыемнае. Няўжо цяжка дачакацца наступнага прыезду машыны для збору смецця. Як прывучыць людзей да парадку?

Бачачы ўсё гэта, мне і захацелася напісаць пісьмо ў рэдакцыю «раёнкі», заклікаць сваіх землякоў быць акуратнейшымі, берагчы тое, што мы маем. Няхай у нас будзе чыста і прыгожа не толькі на святы, а кожны дзень. Я спадзяюся, што жыхары райцэнтра будуць змагацца за прыгажосць і прывіваць культуру паводзінаў сваім дзецям і ўнукам.

В. ЛІТВІНА,
жыхарка горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *