Пад пакровам Святых Апосталаў

Падзеі

140 гадоў сёлета спаўняецца Свята-Петрапаўлаўскай царкве, якая знаходзіцца ў вёсцы Вензавец.
Паводле гістарычных дадзеных, яшчэ ў 17 стагоддзі на месцы, дзе цяпер стаіць царква, размяшчаўся драўляны каталіцкі храм. Пазней ён быў пераабсталяваны пад праваслаўную святыню — таксама драўляную. У 1871 годзе, з-за таго, што драўніна струхлела, храм быў разабраны: з бутавага каменю і цэглы пачалося будаўніцтва новай царквы, якое завяршылася ў 1875 годзе.

Аўтарам праекта  з’яўляецца Гродзенскі губернскі інжынер Кржыжаноўскі, ініцыятарам будаўніцтва — тагачасны святар прыходу Антоній Васілеўскі.

Photo 003_1

_MG_4981

Царква, асвячэнне якой адбылося 22 кастрычніка 1875 года, пяцікупальная. Яшчэ адна «макаўка» размешчана над званніцай храма. Дарэчы, ён з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўнага рускага стылю, які сумяшчае традыцыі старажытнага царкоўнага дойлідства і народнага мастацтва.

На працягу свайго 140-гадовага існавання Вензавецкі храм ні разу не зачыўняўся. Дзейнічаў ён і ў савецкія гады.

_MG_4987

Цяперашнім  настаяцелем храма з’яўляецца іерэй Іаан Кісель. Ён — ураджэнец Століншчыны. Як адзначае айцец Іаан, гэта край, дзе заўжды нараджалася шмат святароў. Толькі ў яго радні на цяперашні час налічваецца больш за 40 святароў, якія нясуць сваё пастырскае служэнне ў розных кутках Беларусі.
За плячыма самога айца Іана  —  пяць гадоў святарства. Больш за паўтара года ён з’яўляецца настаяцелем Вензавецкай царквы.

Расказваючы пра гэтую  святыню і помнік архітэктуры, які ўнесены ў спіс каштоўнасцяў, што ахоўваюцца дзяржавай, нельга не ўзгадаць і гісторыю, якая адбылася тут у гады руска-шведскай вайны.
Аповед сведчыць, што ў храм завіталі шведы, дакладней кажучы — заехалі ў яго на конях. Адзін са шведаў, спыніўшыся насупраць іконы Божай Маці (цяпер гэтая ікона знаходзіцца ў алтары царквы), паласнуў па кіоту шабляй.

За такую знявагу шведы былі імгненна пакараны: яны аслеплі і выйсці з храма змаглі, толькі трымаючыся за хвасты сваіх коней.

Гэтую гісторыю ведае кожны з цяперашніх прыхаджан Вензавецкага храма, яна перадаецца з пакалення ў пакалення. Як легенда і ў той час настаўленне — да святыні заўжды трэба ставіцца з павагай, прыходзіць сюды са шчырым сэрцам, напоўненым верай і малітвай.

Вензавецкі храм наведваюць не толькі мясцовыя вернікі, але і людзі  з навакольных вёсак — Лудзічаў, Кашкалоў, Юравічаў. А на прастольнае свята храма, якое адзначаецца 12 ліпеня, у царкве шматлюдна. Як і 9 жніўня, калі ў храме праходзіць ўрачыстасць у гонар святога вялікамучаніка і цаліцеля Панцеляймона.
У мінулым гэтыя святы суправаджаліся шырокім фэстам, на які збіралася шмат людзей, працавалі гандлёвыя палаткі, дзе можна было паласавацца выпечкай. Цяпер гэтая традыцыя ўжо сыходзіць, кажуць прыхаджане храма.

_MG_4985

Бадай, самая старэйшая з іх — Алена Віктараўна Валанцэвіч.  Яна нарадзілася ў 1928 годзе. Усё яе жыццё звязана з жыццём царквы, у якой жанчына шмат гадоў прыслужвала, а пасля і спявала на клірасе.

— У апошнія гады наша царква прыходзіла ў запусценне, — расказвае Алена Віктараўна. — Трэба было рамантаваць яе як звонку, так і знутры. Вельмі балела сэрца за гэта. Дзякуй  Богу, што ён прыслаў нам  айца Іаана.

За гэты, хоць яшчэ і не вельмі працяглы час, які служыць у Вензавецкім храме айцец Іаан, зроблены рамонт унутры царквы, рамонт фасада. Падведзена  ацяпленне. І ўсё гэта — уласнымі сіламі настаяцеля царквы і яе прыхаджан.

Сярод іх ёсць і моладзь, якая не толькі прыходзіць у храм, каб памаліцца, але і прыслужвае ў царкве. Гэта, у прыватнасці, датычыцца Арцемія Абражэя. Як кажа сам хлопец, гэтае рашэнне  ён прыняў па парадзе свайго старэйшага сябра.

Увогуле, як кажа айцец Іаан, у бліжэйшых планах — адкрыць пры храме і нядзельную школу, якая дасць магчымасць дзецям з ранніх гадоў знаёміцца са словам Божым, з асновамі праваслаўнай веры — верай нашых продкаў.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *