Навагодні зварот старшыні Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчыка да жыхароў раёна

Падзеі

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Прыміце самыя цёплыя і шчырыя віншаванні з надыходзячым новым 2016 годам і Нараджэннем Хрыстовым – святамі, якія нясуць у кожны дом цяпло і ўтульнасць.

Мы сустракаем іх вытворчымі поспехамі, важкімі набыткамі, марамі, верай, надзеяй і добрым настроем.
Новы год – гэта адначасова свята і добрая нагода падвесці вынікі, намеціць новыя мэты. Не толькі адыходзячы год, але і пяцігоддзе, якое завяршаецца, былі насычаны важнымі падзеямі, смелымі праектамі і паспяховай работай. Таму хачу выказаць усім жыхарам раёна глыбокую ўдзячнасць за добрасумленную і прадукцыйную працу.

Дарагія дзятлаўчане! Адыходзячы ў гісторыю 2015 год нельга назваць простым. Але ён быў шчодры на чыстыя намеры і добрыя справы. Мы не спыніліся, не адступілі назад у сваім развіцці. Наадварот, дзякуючы старанню, працалюбству, самааддачы мы зрабілі крок наперад, у чарговы раз даказаўшы правільнасць як эканамічнага, так і палітычнага курсаў, якія праводзяцца ў Беларусі. Дзякуючы добрасумленнай працы ўсіх жыхароў раёна, Дзятлаўшчына завяршае год з добрымі вынікамі.

IMG_0066_1

Шчырай удзячнасці заслугоўваюць усе жыхары раёна, якія плённа працуюць на сваіх рабочых месцах, уносячы дастойны ўклад у агульную справу ўмацавання нашай дзяржавы і паляпшэння дабрабыту беларускага народа. Дасягненні краіны складваюцца стараннямі кожнага з нас. І, аддаючы даніну глыбокай павагі, самыя цёплыя і шчырыя віншаванні адрасую прадстаўнікам старэйшага пакалення, нашым дарагім, паважаным ветэранам Вялікай айчыннай вайны і працы – усім тым, каму абавязаны шчасцем жыць на свабоднай і шчаслівай зямлі Беларусі.

Асабліва цёплыя пажаданні вам, дарагія, мілыя, клапатлівыя жанчыны. Менавіта вы робіце ўтульным і цёплым кожны дом, саграваеце нас любоўю і ўвагай, нараўне з мужчынамі працуеце для нашага дабрабыту. Нашы віншаванні і найлепшыя пажаданні падрастаючаму пакаленню – нашай моладзі і дастойнай змене, з якімі мы звязваем вялікія надзеі на будучыню.

Хутка стане гісторыяй 2015 год, які быў для нашага раёна багаты на падзеі і для многіх стаў часам дасягнення намечаных мэтаў, спаўнення запаветных жаданняў, праяўленнем радасных момантаў.

Па выніках работы за пяць гадоў ёсць пра што сказаць, чым ганарыцца. Тэмп прыросту валавой прадукцы сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах склаў 5,3%. Павялічылася вытворчасць збожжа, цукровых буракоў, ільновалакна. Валавая вытворчасць малака склала 113,6% да ўзроўню 2010 года.

За 2011-2015 гады захаваны і памножаны станоўчыя тэндэнцыі ва ўсіх сферах эканомікі раёна. ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, АСП “Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод” мадэрнізавалі сваю вытворчасць, што дазволіла пашырыць экспарт прадукцыі. За гэты час мы паспелі рэалізаваць буйныя інвестыцыйныя праекты – будаўніцтва ў Наваельні завода па рафінацыі і дэзадарацыі алеяў СТАА “Ойл-фуд”, адкрыццё новага санаторыя “Альфа Радон” на 250 месцаў, гіпермаркетаў “Еўраопт”, “Родны кут”.

За пяць гадоў у раёне пабудаваны 34260 квадрадных метраў жылля, мадэрнізаваны і адрамантаваны будынкі ў Дзятлаве і раёне, добраўпарадкаваны вуліцы Кастрычніцкая, Фрунзэ, газіфікаваны 5 населеных пунктаў.
Пра павышэнне за азначаны час якасці адукацыі ў раёне сведчаць лічбы – сёлета мы ганарымся 20 медалістамі, 63,4% выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, з іх на бюджэтную форму – 78,4%. Дзятлаўшчына ганарыцца шэрагам юных пераможцаў навучальных алімпіядаў, творчых праектаў. Па выніках работы Дзятлаўскі аддзел адукацыі, спорту і турызму ўваходзіць у тройку лепшых у вобласці.
На варце здароўя дзятлаўчан пільна стаіць раённая медыцына, і гэта мае свой вынік. Смяротнасць у раёне знізілася з 662 чалавек у 2011 годзе да 523 – за 11 месяцаў 2015-га, а нараджальнасць наадварот узрасла – з 243 дзяцей да 261.

Сёлета Дзятлаўшчына сустракала ўдзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2015”. Мы годна справіліся з гэтай задачай і здолелі паказаць усё тое лепшае, што ёсць у нас на Дзятлаўшчыне. Некалькі месяцаў запар мы ўсе рыхтаваліся да гэтай знакавай падзеі. За гэты час былі добраўпарадкаваны вуліцы горада, рэканструяваны або адрамантаваны дзясяткі будынкаў у Дзятлаве і раёне: працавалі будаўнікі, дарожнікі, меліяратары, камунальнікі, каб зрабіць горад адметным і ўтульным. Дзятлаўчане таксама ўдзельнічалі ў гарадскіх і раённых суботніках, добраўпарадкавалі свае падворкі, тэрыторыі прадпрыемстваў, за гэта выказваю вам шчырыя словы ўдзячнасці.

Высокім узроўнем развіцця вызначаецца культура Дзятлаўшчыны. 12 творчых калектываў раёна маюць званне “народны”, 3 калектывы – “узорны”. Эстэтычным выхаваннем ахоплены 22,6% маленькіх і юных дзятлаўчан. У 2015 годзе па выніках удзелу ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных творчых конкурсах заваяваны 15 дыпломаў рознай вартасці.

На Дзятлаўшчыне заўсёды клапоцяцца пра тых, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай дапамозе. За 2015 год пенсійныя выплаты склалі 305,3 мільярда рублёў, за 5 гадоў сярэдні памер пенсій вырас у пяць разоў. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прадастаўлена 2100 чалавекам на суму 4,4 мільярда рублёў. На матэрыяльную дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ў раёне выдаткаваны 455 мільёнаў рублёў.
У адыходзячы Год моладзі, як і папярэднія гады, мы грунтоўна працавалі з маладымі людзьмі на Дзятлаўшчыне – рэалізавалі пры падтрымцы раённых уладаў больш за 20 праектаў сацыяльнай скіраванасці, правялі каля 150 раённых конкурсаў і спартыўных мерапрыемстваў, паспрыялі дастойнаму працаўладкаванню і падтрымцы маладых спецыялістаў.

Адыходзячы год стаў знакавым для нас і для роднай краіны. Гэта быў год 70-га юбілею Вялікай Перамогі. Падзеямі вялікай палітычнай значнасці сёлета сталі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія, дзякуючы высокай адказнасці нашых грамадзян, прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні.

Мы ўступаем у новы год з вялікімі планамі, з упэўненасцю ў сваіх сілах. У нас ёсць дастатковы стваральны, працоўны і духоўны патэнцыял. Перад намі стаяць вялікія задачы, і ад асабістага ўкладу кожнага ў агульную справу залежыць паспяховае іх здзяйсненне, а значыць – наш агульны дабрабыт і паляпшэнне якасці жыцця людзей.

Паважаныя дзятлаўчане!

Кожнаму з вас хачу пажадаць самага лепшага і сказаць вялікі дзякуй за вашу працу, настойлівасць, цярпенне і прынцыповасць. Няхай у адыходзячым годзе цяжкасці мінаюць вас, а жыццё напоўніцца яркімі падзеямі, радасцю, поспехам і ўдачай. Няхай новы год прынясе вам добры настрой, бадзёрасць духу, невычэрпную жыццёвую энергію, узаемаразуменне і дабрабыт у кожным доме.

Моцнага вам здароўя, сямейнага шчасця, удачы і поспеху ва ўсіх справах у новым годзе.

З новым 2016 годам!



1 комментарий по теме “Навагодні зварот старшыні Дзятлаўскага райвыканкама І. І. Крахмальчыка да жыхароў раёна

  1. Альфа Радон на 360 мест, а не 250. Это мог бы знать

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *