Гісторыя аднаго лёсу

Падзеі

Жыццёвая дарога Ірыны Ігнацьеўны Лішык, цяперашняй жыхаркі Жыкавічаў, пачалася ў вёсцы Ёцавічы.

_MG_5000

Нарадзілася яна ў звычайнай сялянскай сям’і, была самая малодшая з траіх дзяцей. Бацька памёр рана, яго Ірына Ігнацьеўна не помніць. Як і не памятае сваіх  сястру і брата, жыццё якіх ва ўзросце пяці і чатырох гадоў забрала хвароба. Да гэтых выпрабаванняў лёсу далучылася і яшчэ адно — згарэла хата, дзе жыла сям’я.

— Спачатку мы з мамай і малодшым братам — мама нарадзіла яго ў другім шлюбе — жылі ў доме старшыні калгаса. Пасля гаспадарка купіла нам жыллё — хутчэй, невялікі «хлевушок», аднак і гэта было добра: усё ж такі ёсць свой дах над галавой.

Мама Ірыны Ігнацьеўны — Соф’я Андрэеўна працавала на свінагадоўчай ферме, была ў ліку перадавікоў гаспадаркі.  Калі падрасла, матулі дапамагала Ірына — па хатняй гаспадарцы, прыглядвала за малодшым братам. Закончыўшы  пяць класаў Горкаўскай школы, яна пайшла працаваць у калгас — цялятніцай, а пасля і даяркай. Да сваёй працы  яна ставілася сумленна — і калі працавала ў калгасе, і калі дапамагала маці на хатняй гаспадарцы, і калі разам са старэйшымі дзяўчатамі, каб зарабіць грошай, васемнаццацігадовай дзяўчынай паехала ў латышскую Ялгаву на праполку, а пасля і ўборку буракоў.

— Гэта праца цяжкая, тым больш,  што зямля ў Ялгаве — сугліністая.

Першапачаткова мама не адпускала мяне, плакала, аднак я паехала. Патрэбны былі грошы, каб можна было купіць ежу, вопратку для сябе і сваіх родных, — узгадвае Ірына Ігнацьеўна. — У тыя  гады цяжка было жыць. Напрыклад, для  таго, каб зарабіць пуд жыта, неабходна было цэлы год пасвіць кароў.

З Ялгавы я дасылала дахаты пісьмы, прадукты харчавання. Памятаю, што, атрымаўшы заробленыя грошы, мы з дзяўчатамі ездзілі ў Рыгу, дзе куплялі ўсё неабходнае.

У Жыкавічы Ірына Ігнацьеўна пераехала жыць пасля замужжа.

— Пасля шматлюдных Ёцавічаў гэтая вёска здалася мне зусім маленькай, аднак у той жа час яна спадабалася мне сваёй адметнай прыгажосцю. Побач з вёскай рос і калгасны сад. Цяпер яго ўжо няма, — расказвае жанчына.— У Жыкавічах цяпер  жыве каля дваццаці чалавек,  моладзі зусім няма. Ну, а раней на кожным падворку чуліся дзіцячыя галасы. У сем’ях выхоўвалася  па чацвёра-пяцёра дзяцей.

У самой Ірыны Ігнацьеўны — чацвёра дзяцей, сямёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў. Іх яна чакае у прасторнай хаце, дзе пануе чысціня і парадак. На сценах — вышытыя рукамі жанчыны карціны, на падлозе —  звязаныя ёю дыванкі. А яшчэ адметнасць яе хатняга інтэр’еру, які адразу ж кідаецца ў вочы госцю, які заходзіць у хату ,  — гэта шмат кветак.

_MG_4990

Іх вырошчваннем і развядзеннем Ірына Ігнацьеўна займаецца ўжо шмат гадоў. У яе шмат пакаёвых «пестуноў». Лілеі, глыдыёлусы, цюльпаны, хрызантэмы ўпрыгожваюць  тэрыторыю каля дома. Шмат кветак жанчына дорыць вяскоўцам, родным, знаёмымі проста гасцям, якія яе наведваюць.

Кветкі — гэта душэўнае захапленне Ірыны Ігнацьеўны. Мяркую, што ў той жа час гэта і сродак ад сумных думаў аб тых перажытых ударах лёсу, якія выпалі на яе долю — аварыя, ў якую трапіў сын, яго доўгая рэабілітацыя, заўчасная  смерць дачкі, якая памерла зусім маладой, пакінуўшы сіротамі дваіх дзяцей. Клопат пра іх узяла Ірына Ігнацьеўна.

Перажыць выпрабаванні дапамагала і работа, якой жанчына аддала трыццаць пяць гадоў свайго жыцця.
Ірына Ігнацьеўна Лішык была ў ліку лепшых даярак саўгаса, а пасля і калгаса «Раготна». Неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі, падарункамі. У ліку перадавікоў гаспадаркі быў і муж Ірыны Ігнацьеўны — Міхаіл Адольфавіч, якога ўжо няма ў жывых.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *