Менавіта пад такім дэвізам прайшла дабрачынная акцыя Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Прымеркавана яна была да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Актыўна да дабрачыннага мерапрыемства падключыліся і прадстаўнікі іншых арганізацый і службаў раёна.
Старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Г. Касцюк, валанцёры арганізацыі — вучні гімназіі №1 горада Дзятлава, псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Н. Бранкоўская, псіхолаг раённай бальніцы Н. Логіш, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку С. Крэйдзіч, намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Д. Гульнік, работнікі культуры Г. Харлінская, В. Шпігановіч, Н. Нагорная і А. Майсюк наведалі Дзятлаўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дзеткам з абмежаванымі магчымасцямі, якія вучацца тут, яны падарылі цацкі, паветраныя шары, каляндарыкі, прысмакі,а таксама часцінку сваёй душэўнай цеплыні.
Вясёлыя клоўны Бім і Бом, якія прыехалі з Наваельні, падрыхтавалі для дзяцей невялікае выступленне.
З добрым сэрцам удзельнікі акцыі завіталі і ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе знаходзіцца аддзяленне «Праменьчык» для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Моладзь з задавальненнем паўдзельнічала ў шэрагу конкурсаў і гульняў разам з вясёлымі клоўнамі Бімам і Бомам, патанцавала, прадэманстравала свае таленты і здольнасці, абмянялася ўражаннямі ад мерапрыемства за кубачкам чаю і прысмакамі. Спонсарскую дапамогу ў іх набыцці арганізатарам акцыі аказаў магазін «Капеечка».
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК