Нашы землякі — юбіляры

Падзеі

Выстава пад такой назвай пачала працаваць у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Доўжыцца яна будзе месяц.

Матэрыялы, размешчаныя на выставе, распавядаюць аб жыцці і дзейнасці знакамітых ураджэнцаў Дзятлаўшчыны, а таксама тых людзей, лёс якіх звязаны з нашым рэгіёнам. Сярод экспанатаў выставы — партрэты, фотаздымкі, навуковыя работы, узнагароды.
Распачынаецца экспазіцыя з матэрыялаў, якія распавядаюць аб жыцці і творчасці Вікенція Дмахоўскага — мастака, дэкаратара, ураджэнца вёскі Нагародавічы. Сёлета спаўняецца 210 гадоў з дня яго нараджэння.
На выставе размешчаны  ілюстрацыі  жывапісных работ В. Дмахоўскага, сярод якіх шмат рамантычных пейзажаў.

Увогуле, матэрыялы выставы расказваюць аб шэрагу цікавых постацяў Дзятлаўшчыны. У гэтым спісе — Ігнат Дварчанін, Сяргей Хмара, Вячаслаў Чамярыцкі, Аляксандр Лакотка, Вадзім Лакіза, Пётр Багаслаўчык, Сяргей Сямашка, Марына Русіна, Вольга Сячко — аўтар шматлікіх падручнікаў і дапаможнікаў па хіміі для агульнаадукацыйных школ, Пётр Путро — ганаровы эколаг Рэспублікі Беларусь.
Выстава будзе цікавая як дарослым, так і дзецям. А ў далейшым, як патлумачылі работнікі музея, ёсць задумка зрабіць выставу «Нашы землякі — юбіляры» традыцыйнай, праводзіць яе штогод.

У ПАДАРУНАК — СУВЕНІР

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі з’явілася новая сувенірная прадукцыя з выявамі краявідаў Дзятлаўшчыны. Тут і дэкаратыўныя керамічныя пано, кубкі, бірулькі для ключоў, магніты. Такія рэчы стануць прыемным падарункам для гасцей раёна,напамінам аб знаёмстве з  Дзятлаўшчынай.

А. ДУБРОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *