Моладзь выбірае сацыяльна арыентаваную дзяржаву

Падзеі

На базе СВК «Прагрэс-Верцялішкі» прайшоў абласны этап рэспубліканскага моладзевага праекта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» — «Адкрытыя дэбаты «Выбірай.by!». Мажэратарам дэбатаў выступіў намеснік старшыні абласнога Савета дэпутатаў, галоўны рэдактар газеты «Гродзенская праўда» Павел Сухарукаў. У сустрэчы прынялі ўдзел першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» А. Коўш і саюзная моладзь рэгіёна, сярод якой былі прадстаўнікі Дзятлаўскага раёна — бухгалтар і сакратар пярвічкі СВК «Русь-Агра» Вераніка Масло і першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Анастасія Чурай.

У дыскусіі на тэму «Развіццё Рэспублікі Беларусь як сацыяльна арыентаванай дзяржавы» свой пункт гледжання адстойвалі дзве зборныя каманды — «МІГ» (у яе склад увайшла Вераніка Масло) і «Правільны выбар». У якасці гледачоў адкрытыя дэбаты сабралі моладзевых лідараў з усёй Гродзенскай вобласці, якія таксама ўключыліся ў абмеркаванне сацыяльна значных тэмаў.

Для ўдзельнікаў сустрэчы старшынёй Верцялішкаўскага сельсавета С. Сіняковым і намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК «Прагрэс-Верцялішкі» У. Козелам была праведзена экскурсія. У час яе моладзь пазнаёмілася з сацыяльнымі аб’ектамі аграгарадка, вытворчымі ўчасткамі гаспадаркі. Госці пабылі ў мясцовай паліклініцы, у Верцялішкаўскіх цэнтры культуры і сярэдняй школе, у цэху СВК «Прагрэс-Верцялішкі», дзе шыюць вырабы з футра норак, якіх разводзяць у гаспадарцы. Маладыя людзі адзначылі высокі ўзровень жыцця мясцовага насельніцтва, упэўніліся, што шмат увагі ў аграгарадку надаюць развіццю сацыяльных аб’ектаў. У час экскурсіі валанцёры ГА «БРСМ» завязвалі ўдзельнікам мерапрыемства стужкі з беларускім арнаментам і ўручалі чырвоныя яблыкі — сімвал рэспубліканскай акцыі «Наш год — наш выбар!» і ўсёй беларускай дзяржавы на працягу 20 гадоў незалежнасці.

«Адкрытыя дэбаты «Выбірай.by!» уключалі ў сябе тры этапы — прэзентацыю каманд, абмен пытаннямі і меркаваннямі, пытанні экспертаў. У якасці экспертаў на сустрэчу былі запрошаны галоўны доктар Гродзенскага абласнога клінічнага кардэалагічнага цэнтра, намеснік старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, член Савета Рэспублікі Тамара Даўгашэй; намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, начальнік упраўлення арганізацыі сацыяльнай дапамогі, першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта КПБ Таццяна Хінская; сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк; начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык; намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Кашуй; першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ», арганізатар абласнога этапу дэбатаў Аляксандр Коўш.

Некалькі гадзін доўжыліся адкрытыя дэбаты, даючы магчымасць моладзі рэгіёна агучыць самыя розныя пытанні і прапановы, паўдзельнічаць у іх абмеркаванні. Нягледзячы на рознасць пазіцый і меркаванняў, юнакі і дзяўчаты нашай вобласці пагадзіліся ў адным — варта і надалей трымаць курс на стабільную, моцную, квітнеючую Беларусь. А задача саюзнай моладзі — аб’яднаць намаганні для сацыяльна значнай дзейнасці на карысць беларускага грамадства.

Эксперты дэбатаў адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі абедзвюх каманд, эрудыцыю, рацыянальнае мысленне, актыўную грамадзянскую пазіцыю іх удзельнікаў. Аднак пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага моладзевага праекта «Адкрытыя дэбаты «Выбірай.by!» стала каманда «Правільны выбар», якая аказалася крыху мацнейшай за сваіх сапернікаў ва ўменні адстойваць свае меркаванні і прыводзіць пераканаўчыя аргументы.

Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў Веранікі Масло, якая прадстаўляла Дзятлаўшчыну на сустрэчы ў Верцялішках, ці спадабалася ёй мерапрыемства.

— Было цікава. Спачатку я хвалявалася, бо ўпершыню давялося ўдзельнічаць у мерапрыемстве такога высокага ўзроўню, дзе прысутнічалі вядомыя людзі, якія дабіліся пэўных вынікаў у прафесійным плане і грамадскай дзейнасці. Аднак для мяне гэта быў станоўчы вопыт, які дапамог зразумець, што і з маёй пазіцыяй лічацца, што ў нашай краіне кіраўнікоў хвалюе меркаванне моладзі.

Усяго ў нашай камандзе «МІГ» было шэсць чалавек. Усе мы стараліся трымаць планку, імкнуліся да перамогі, хаця сапернікі аказаліся крыху мацнейшымі.

У час дэбатаў моладзь абмяркоўвала хвалюючыя надзённы праблемы нашага грамадства. Нельга было не пагадзіцца, што ў Беларусі шмат увагі надаюць дзецям-сіротам, інвалідам, састарэлым людзям. Мы зразумелі, што ў вырашэнні большасці праблем патрэбна і наша дапамога, наша актыўная пазіцыя па многіх пытаннях. Адным словам, моладзь Гродзеншчыны ў час сустрэчы адчула сябе важнай часткай беларускага грамадства, з якой звязаны многія спадзяванні нашых суайчыннікаў.

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *