Дзень Данілавіцкага сельсавета

Падзеі

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося 29 верасня. У ім удзельнічалі кіраўнікі райвыканкама, старшыні сельскіх і пасялковых выканкамаў, кіраўнікі шэрагу раённых арганізацый і службаў,  ідэалагічныя работнікі СВК

IMG_7083

З сацыяльна-эканамічным становішчам Данілавіцкага сельскага савета ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміла яго старшыня Г. Жых

Тэрыторыя Данілавіцкага сельсавета складае 23 731 гектар (237 квадратных кіламетраў), на ёй месцяцца 39 паселішчаў, 1 040 сядзібных гаспадарак, жывуць 2 091 чалавек, у тым ліку 1 050 (50 працэнтаў) працаздольных, 820 (39 працэнтаў) пенсіянераў, 221 (11 працэнтаў) непаўналетніх. Сярод жыхароў сельсавета — 1 ветэран Вялікай Айчыннай вайны, 3 былыя малалетнія вязні, 84 адзінокія, 459 чалавек жывуць адзінока, 20 шматдзетных сем’яў, 98 чалавек – інваліды 1 і 2 групаў, 5 непаўналетніх з’яўляюцца інвалідамі з дзяцінства.
Самыя буйныя паселішчы – аграгарадок Круцілавічы (506 жыхароў), аграгарадок Таркачы (282), вёска Лапушна (199), вёска Данілавічы (150), вёска Ахонава (140). У дзесяці паселішчах жывуць менш, чым па 10 чалавек.

IMG_7069

Вытворчую структуру сельсавета складаюць СВК “Граніт-Агра”, ТАА “Агражалезабетон”, Ахонаўскае лясніцтва.

У сельсавеце дзейнічаюць праваслаўная царква ў Ахонаве і каталіцкі касцёл  у Стараельні.

Тры аддзяленні паштовай сувязі, акрамя традыцыйных паслугаў, аказваюць дадатковыя – праз паштальёнаў можна заказаць і набыць амаль любы від тавараў.

IMG_7065

Аснову бытавога сэрвісу складае комплексны прыёмны пункт службы быту ў аграгарадку Круцілавічы.
Гандлёвым абслугоўваннем мясцовых жыхароў займаюцца 8 стацыянарных магазінаў райспажыўтаварыства і 2 магазіны індывідуальных прадпрымальнікаў. У паселішчы, дзе няма стацыянарных магазінаў, па графіку прыязджае аўталаўка.

Дзяржаўныя ўстановы адукацыі наведваюць 154 непаўналетнія: 43 – Таркачоўскі дзіцячы сад-базавую школу, 111 – Круцілавіцкі дзіцячы сад-сярэднюю школу.

Ва ўстановах культуры – Таркачоўскім сельскім  філіяле-клубе і Данілавіцкім доме культуры створаны 20 клубных фарміраванняў, яны арганізуюць разнастайныя культурныя мерапрыемствы.
Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць  4 ФАПы — Круцілавіцкі (абслугоўвае 905 чалавек), Таркачоўскі (492), Лапушанскі (375), Ахонаўскі (319), а таксама Наваельнянская і Дзятлаўская паліклінікі. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскія агляды адзінокіх людзей, аказваюць ім патрэбную меддапамогу.

Адзін з асноўных кірункаў дзейнасці сельсавета – сацыяльная абарона насельніцтва, асабліва пажылых людзей. Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму даглядае 43 чалавекі: 1 — бясплатна, 12 – пры частковай аплаце абслугоўвання, 30 – на ўмовах поўнай аплаты. Працуюць 6 сацыяльных работнікаў.
Пры сельвыканкаме дзейнічаюць разнастайныя грамадскія фарміраванні для прафілактычнай работы з мясцовым насельніцтвам. Актыўна працуюць старасты вёсак.

Шмат увагі сельвыканкам надае належнаму санітарнаму ўтрыманню паселішчаў – падсыпцы дарог, абкошванню, выдаленню кустоўя.

На 10 верасня ў сельсавеце было 568 нежылых дамоў. З пачатку дзеяння Указа №70 знесены 99 апусцелых сядзібаў, па Указе №100 – 37. У 2015 годзе знесены 10 сядзібаў (2 — у Барышыне, 2 — у Рабках (хутар Ахонаўка), 1—  у Хрольчыцах, 3 — у Ахонаве, 2 — у Стараельні. Да севаабароту далучаны 2,4 гектара зямлі. Усе работы па зносе выканаў СВК “Граніт-Агра”, за выключэннем зносу адной сядзібы ў Ахонаве, якую зрабіла Дзятлаўскае ПМС. На гэтыя работы выдаткаваны 17 мільёнаў рублёў з бюджэту. Акрамя зносу апусцелых сядзібаў, СВК “Граніт-Агра” шмат увагі надае парадкаванню палявых дарог, раскарчоўцы ўчасткаў, якія прылягаюць да ворыва.

Сельвыканкам актывізаваў работу з людзьмі, якія маюць права на спадчыну ў паселішчах. У 2014 годзе натарыяльна аформілі сваю спадчыну 35 чалавек, за 9 месяцаў 2015 года – 39. Летась 8 дамоў куплены пад дачы, сёлета – 13. У Круцілавічах, Яцуках, Бубнах, Юзафінах няма пустых хатаў, у Навасёлках, Лапушне, Стараельні, Рабках, Варакомшчыне, Клішавічах, Таркачах – ёсць па 2-3. Але ў некаторых вёсках пустуюць па 15 – 20 хатаў.

Грамадзянскія могілкі, а іх у сельсавеце 20, парадкуюцца з дапамогай суботнікаў. Жыхары 8 паселішчаў (Круцілавічы, Таркачы, Данілавічы, Лапушна, Клішавічы, Ахонава, Стараельня, Навасёлкі) заключылі 816 дагавораў на вываз смецця транспартам жылкамунгаса.
Данілавіцкі сельвыканкам актыўна супрацоўнічае з СВК “Граніт-Агра”, Ахонаўскім лясніцтвам, ТАА “Агражалезабетон” для навядзення парадку на зямлі.
Удзельнікі Дня Данілавіцкага сельсавета азнаёміліся з работай фермы ў Круцілавічах, наведалі Навасёлкі, Таркачы, Ахонава, пабывалі на шэрагу сацыяльных аб’ектаў сельсавета.

Тэкст і фота: Б. ВАРНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *