Паспяховае Казлоўшчынскае лясніцтва — гэта восем тысяч гектараў лясных угоддзяў на тэрыторыі двух адміністрацыйных раёнаў (Дзятлаўскага і Слонімскага) і амаль тры дзясяткі работнікаў, адданых сваёй справе.
Іх кіраўнік — ляснічы Аляксей Уладзіміравіч Дубовік — расказвае, што вынікова працаваць калектыву дапамагае натхненне і любоў да прафесіі:
— У лясной гаспадарцы я ўжо 18 гадоў, 15 з іх — на пасадзе ляснічага Казлоўшчынскага лясніцтва, магу з упэўненасцю сказаць, што ў нашай галіне застаюцца толькі тыя, хто сапраўды любіць прыроду. Нашы асноўныя задачы — вырошчванне лесу, яго догляд, нарыхтоўка спелай драўніны. Стараемся вырасціць якасны матэрыял з мінімальнымі стратамі і максімальнымі даходамі. Дзеля гэтага штогод аднаўляем рэсурсы — садзім да 40 гектараў дрэўцаў. У нашым лясніцтве гэта пераважна сасна. Часта выкарыстоўваем землі, неспрыяльныя для вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Апошнія пяць гадоў садзіць лес нам дапамагаюць вучні Казлоўшчынскай і Навасёлкаўскай школаў, з якімі цесна супрацоўнічаем. Пакуль лес расце, праводзім высечкі догляду — гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў, якія дазваляюць дасягнуць жаданага выніку да ўзросту спеласці дрэваў. Ад якасці нашай паўсядзённай работы напрамую залежыць, якім будзе лес будучыні.
Сочым і за тым, каб лясы заставаліся чыстымі ад бытавога смецця, якое выкідваюць несумленныя людзі. Апошнім часам у гэтай справе вельмі дапамагаюць фотапасткі. Калі чалавек чытае таблічку з надпісам «вядзецца відэаназіранне», ён становіцца больш абачлівым і не шкодзіць прыродзе.
Таксама на базе Казлоўшчынскага лясніцтва ёсць дзве цяпліцы для саджанцаў. У адной з іх мы правялі сяўбу насення елкі — плануем вырасціць звыш 50 тысяч саджанцаў. Там жа растуць 3,5 тысчячы саджанцаў вольхі. Гэты пасадачны матэрыял вырошчваем для ўласных патрэбаў — будучай лесапасадкі.
У другой цяпліцы зачаранкавана звыш 17 тысяч саджанцаў розных відаў дэкаратыўных дрэўцаў і кустоў. Ёсць пляцоўка для дарошчвання гэтых саджанцаў: іх перасаджваем у пакеты, выносім надвор. Дэкаратыўны пасадачны матэрыял рэалізоўваем насельніцтву і арганізацыям. У нас памяркоўныя цэны: ад 20 да 60 тысяч рублёў за саджанец у залежнасці ад яго пароды. Ёсць самшыт, айва, туі, ядловец, барбарыс, ружы. Поўны пералік і цэны можна паглядзець на сайце ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас». Рэалізацыя прыносіць даход. У 2014 годзе на рэалізацыі зарабілі 12 мільёнаў рублёў, сёлета — 15 мільёнаў.
Высокія паказчыкі ў рабоце — вынік працы дружнага, зладжанага калектыву Казлоўшчынскага лясніцтва. Сярод работнікаў варта адзначыць лесніка Андрэя Паўлавіча Пятліцкага, трактарыста Аляксандра Іванавіча Стасюкевіча, памочніка ляснічага Уладзіміра Уладзіміравіча Ганчарука, бухгалтара Алену Аляксееўну Максімаву.
Сваім калегам і іншым работнікам галіны Аляксей Уладзіміравіч Дубовік жадае працоўных поспехаў, задавальнення ад работы, здароўя і сухіх рукавоў, нават у самае спякотнае надвор’е.
МАТЭРЫЯЛ ПАДРЫХТАВАЛІ: І. КАЎКЕЛЬ (тэкст), П. АДАМЧУК (фота).