Нацыянальны банк Беларусі з 4 верасня атрымаў доступ да таргоў на валютным рынку Маскоўскай біржы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.
«Атрыманне доступу да таргоў на валютным рынку Маскоўскай біржы, несумненна, дазволіць пашырыць магчымасці Нацыянальнага банка па кіраванні актывамі ў замежнай валюце», — працытавалі ва ўпраўленні першага намесніка старшыні праўлення Нацбанка Тараса Надольнага. Паводле яго слоў, валютны рынак Маскоўскай біржы з’яўляецца адным з найбольш ліквідных сегментаў інтэграванага валютнага рынку дзяржаў — членаў ЕАЭС і прадастаўляе яго ўдзельнікам шырокі спектр даступных інструментаў.
Як лічыць кіраўніцтва Маскоўскай біржы, «допуск да таргоў нацыянальных банкаў дзяржаў — членаў ЕАЭС надасць новы імпульс развіццю інтэграванага валютнага рынку і будзе садзейнічаць далейшаму павелічэнню аб’ёмаў таргоў нацыянальнымі валютамі».
Маскоўская біржа ў лютым 2013 года адкрыла доступ да біржавога валютнага рынку банкам — рэзідэнтам краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Банкі з Беларусі, Казахстана і Таджыкістана атрымалі магчымасць выхаду на інтэграваны біржавы рынак, маючы ліцэнзію свайго нацыянальнага рэгулятара, без неабходнасці атрымання расійскай валютнай ліцэнзіі.
Цяпер прамы доступ да валютных таргоў на Маскоўскай біржы маюць нацыянальныя банкі Беларусі і Таджыкістана, Міждзяржаўны банк (фінансавая арганізацыя, утвораная ў 1993 годзе дзесяццю краінамі СНД. — Заўвага БЕЛТА), беларускія ААТ «БПБ-Ашчадбанк», ААТ «ААБ Беларусбанк», ААТ «Белаграпрамбанк», таджыкскае ААТ «Банк Эсхата» і казахстанскае АТ «АзіяКрэдыт Банк».
За 2014 год абарот удзельнікаў-нерэзідэнтаў з краін ЕАЭС па ўсіх валютных парах склаў 330 млрд расійскіх рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з 2013 годам больш як у 11 разоў. За першае паўгоддзе 2015 года абарот удзельнікаў інтэграванага валютнага рынку вырас амаль у два разы ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года, склаўшы 111 млрд расійскіх рублёў.